Ад страшнай здагадкі кроў забруіла ў маіх жылах, зайграла ў сэрцы, і на пэўны час я зноў праваліўся ў непрытомнасць. Прачнуўшыся, я адразу ж устаў на ногі. Трымценне працінала кожную клетку майго цела. Я шырока развёў рукі над галавою, па баках — паўсюль наўкол сябе. Нічога не было, і ўсё ж я баяўся зрабіць нават крок, каб не натыкнуцца на сцены труны. Пот ліўся з кожнай поры майго цела і вялікімі халоднымі пацеркамі застываў на ілбе. Нарэшце пакуты невядомасці сталі невыноснымі, і я асцярожна зрабіў крок наперад, выставіўшы перад сабой рукі і шырока раскрыўшы вочы, спадзеючыся заўважыць хоць ледзь прыкметны прамень святла. Я зрабіў ужо шмат крокаў, але наўкола былі адно чэрань і пустэча. Я ўздыхнуў ужо вальней. Стала ясна — лёс мой яшчэ не з самых страшных.
I цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і, хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы — ці мне быў падрыхтаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру — вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.
Выцягнутыя наперад рукі нарэшце натыкнуліся на нешта цвёрдае. Гэта была сцяна, хутчэй за ўсё каменнай кладкі — вельмі гладкая, слізкая і халодная. Я пайшоў уздоўж яе, ступаючы з тым абачлівым недаверам, які ўнушылі мне старажытныя хронікі. Але ўсё ж, рухаючыся такім чынам, я абсалютна не ўяўляў памераў свайго склепа, бо я мог бы папросту абысці яго вакол і вярнуцца туды ж, адкуль пачаў, нават не здагадваючыся пра гэта, — такой роўнай і аднароднай падавалася сцяна. Таму я пачаў шукаць нож, які ляжаў у кішэні, калі мяне ўводзілі ў залю Інквізіцыі. Але яго не было. Маё адзенне замянілі на зрэбны балахон. Я хацеў усадзіць лязо ў шчыліну між кладкай і такім чынам пазначыць месца, з якога пачаў свой шлях. Цяжкасці ў гэтым не было ніякай, хаця майму хвораму ўяўленню такая задача спачатку падалася невырашальнай. Я адарваў кавалак крыса ад сваёй адзежыны і прымацаваў яго да сцяны. Абыходзячы па коле сваю вязніцу навобмацак, я б, натуральна, не прапусціў гэты баваўняны абрэзак, што знаходзіўся ў самым пачатку майго шляху. Прынамсі, я так меркаваў, але не ўзяў пад увагу ні памераў склепа, ні мае фізічнае аслабленасці. Падлога была вільготная і слізкая. Я захістаўся, падаючыся наперад, потым раптам спатыкнуўся і ўпаў. Празмерная стома вымусіла мяне апусціцца долу, і ў хуткім часе мной авалодаў сон.
Прачнуўшыся і выцягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў занадта стомлены, каб неяк абдумаць іх з'яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзясят два крокі, а пасля таго як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі — гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзясят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.
Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па-здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.
Праз тую збянтэжанасць ад падзення я не адразу заўважыў адну дзіўную акалічнасць, якая ўжо праз некалькі секундаў, хоць я ўсё яшчэ працягваў ляжаць на зямлі, прыцягнула маю ўвагу. А гэта было вось што: шчакой я ляжаў на падлозе вязніцы, а мае вусны і верхняя частка галавы ўжо ні да чога не дакраналіся. У той жа час мой лоб быў нібы ахутаны халоднай ліпучай парай, і ноздры лавілі спецыфічны пах гнілля і цвілі. Я выцягнуў руку і здрыгануўся ад думкі, што ўпаў ля самага краю круглага калодзежа, але яго глыбіню я не мог натуральным чынам вымераць зараз жа. Абмацваючы каменную кладку ніжэй за край калодзежа, я здолеў адбіць невялікі кавалачак каменя і кінуў яго ў бездань. Доўгія секунды прыслухоўваўся я да водгулля, што пакідаў каменьчык, грукаючыся аб сцены прадоння, пакуль нарэшце злавеснае гучнае рэха не адзначыла яго падзенне ў ваду. I ў той жа момант я пачуў, як недзе ўверсе хутка адчыніліся і зачыніліся дзверы, слабы прамень святла нечакана працяў імглу і тут жа знік.