Падняўшы вочы ўгару, я агледзеў столь маёй вязніцы. Яна была трыццаць ці сорак футаў вышынёй і, як і сцены, абабітая металічнымі плітамі. На адной з яе панэляў была змешчаная самотная фігура, якая цалкам забрала маю ўвагу. Гэта была алегарычная выява Часу, якім яго зазвычай рысуюць, толькі замест касы ён трымаў намаляваны, як мне падалося спачатку, ківач, што бывае ў старым гадзінніку. Але нешта дзіўнае ў гэтай прыладзе прымусіла мяне прыгледзецца больш пільна. Пакуль я глядзеў на яго пад простым вуглом (а ён быў практычна нада мною), мне падалося, што я заўважыў, як ён рухаецца. Праз імгненне мае падазрэнні апраўдаліся. Амплітуда яго гайдання была кароткай і рух, натуральна, павольным. Я назіраў за ім некалькі хвілінаў са страхам, але ў большай ступені з цікаўнасцю. Стомлены нарэшце яго нудным рухам, я пачаў аглядаць іншыя прадметы ў вязніцы.
Слабы шум даляцеў да маіх вушэй, і, глянуўшы на падлогу, я заўважыў некалькі вялізных пацукоў. Яны вылезлі са студні, што была ў полі майго зроку справа. I нават пакуль я назіраў за імі, цэлае пацучынае войска з прагнымі вачыма паспешліва наблізілася да мяне, учуўшы пах мяса. Каб адпужаць іх, я мусіў прыкладаць даволі шмат руплівых высілкаў.
Мінула, мабыць, паўгадзіны ці нават гадзіна (звязаны, я толькі прыблізна мог меркаваць пра час), калі я зноў глянуў наверх. Тое, што я там пабачыў, збянтэжыла мяне і ў той жа час здзівіла. Амплітуда руху ківача павялічылася прыкладна на ярд. I натуральным чынам узрасла яго хуткасць. Але што ўсхвалявала мяне яшчэ больш, дык гэта тое, што ён прыкметна зніжаўся. Цяпер я пабачыў — з жахам, які і апісваць не варта, — што на самым канцы яго быў серпападобны наканечнік з бліскучай сталі прыкладна фут шырынёй ад краю да краю; яго канцы былі загнутыя ўверх, а знізу ён быў востры, як лязо. I, як лязо, вялікі і цяжкі, а ўверсе масіўны і шырокі. Ён быў прымацаваны да трывалага медзянога прута, што, гайдаючыся, са свістам разразаў паветра.
Я больш не сумняваўся ў тым страшным сконе, што быў прыгатаваны для мяне манахамі, вялікімі спецыялістамі ў справе катавання. Тое, што я дазнаўся пра калодзеж, заўважылі агенты Інквізіцыі — пра калодзеж, чые жахі былі наканаваныя такому адступніку, як я, калодзеж — звычная з'ява для пекла, што, па чутках, лічыцца Ultima Thule [26] ўсіх іхных караў. Падзення ў калодзеж я пазбег абсалютна выпадкова. Я добра ведаў, што нечаканасць ці нават пастка, за якой хаваліся пакуты, былі неад'емным складнікам тых страшных вынаходак, праз якія людзі сустракалі сваю смерць у цёмных склепах. I калі я сам не рухнуў у бездань, у іх д'ябальскія планы не ўваходзіла скінуць мяне сілком, таму мяне чакала (альтэрнатывы быць не магло) зусім іншая, больш міласэрная пагібель. Міласэрная! Я злёгку ўсміхнуўся, халадзеючы ад жаху, калі адчуў усю іронію гэтага слова.
Не трэба і казаць, што доўгімі, доўгімі гадзінамі вусцішы, якую і ўявіць сабе немагчыма, я лічыў хуткія хістанні сталі! Дзюйм за дзюймам — лінію за лініяй. Ківач апускаўся толькі праз пэўныя інтэрвалы, што падаваліся вечнасцю, але імкліва, усё ніжэй і ніжэй! Праходзілі дні — а, магчыма, дзён прайшло вельмі шмат, пакуль ён не пачаў лётаць нада мною так нізка, што я ўжо лавіў едкае паветра яго дыхання. Пах навостранай сталі біў у ноздры. Я маліў, настойліва ўпрошваў нябёсы, каб ён апускаўся хутчэй. Утрапёны, я вар'яцеў, спрабуючы падняцца вышэй і зрабіцца ахвярай гайданняў страшэннага сярпа. А потым я раптам супакоіўся і ляжаў з усмешкай на вуснах, гледзячы на сваю бліскучую смерць, нібы дзіця на дзівосную цацку.
Пасля мяне зноў апанавала забыццё, але цягнулася яно нядоўга, бо калі я зноў апрытомнеў, то не заўважыў, каб ківач прыкметна апусціўся ніжэй. Аднак прайшло, мусіць, шмат часу, бо я ведаў, што ліхадзеі такі заўважылі, што я сплю, і, магчыма, пажадалі часова прыпыніць рух ківача ўніз. Калі ж я прыйшоў у сябе, то адчуў таксама невымоўную слабасць і знясіленасць, нібыта праз працяглую змардаванасць. Нават нягледзячы на мой тагачасны стан і ўсе пакуты, маё чалавечае цела прагнула ежы. Пераадольваючы боль, я выцягнуў левую руку, наколькі мне дазвалялі путы, і завалодаў маленькім кавалкам, што застаўся мне пасля пацукоў. I калі я наблізіў яго да вуснаў, у галаве раптам заіскрылася ледзь акрэсленая думка, што несла радасць і надзею. Але што агульнага магло быць у мяне з надзеяй? Думка тая, як я ўжо сказаў, была ледзь акрэсленаю — такія думкі часта наведваюцца да людзей, але ніколі не спраўджваюцца. Я ведаў, што ёсць у ёй радасць і надзея, але адчуваў, што яна нібы загадзя была мёртваю яшчэ ў самым зародку. Дарэмна я імкнуўся зноў абудзіць яе, зноў авалодаць ёю. Працяглыя пакуты амаль не пакінулі ўва мне разумовых сілаў. Я быў дурнем, быў ідыётам.