Читаем Маска чырвонае смерці полностью

Я выразна ўцяміў пагібель, прыгатаваную для мяне, і павіншаваў сябе са своечасовым здарэннем, дзякуючы якому выратаваўся. Яшчэ адзін крок — і не ўбачыць бы мне больш белага свету. А смерць, якой я толькі што пазбег, была з ліку тых, якія ў гісторыях пра норавы інквізіцыі я лічыў неабгрунтаванымі і надуманымі. Ахвяры іх лютасці маглі пасці ад смерці, спрычыненай або цяжкімі фізічнымі мукамі, або невыносным цяжарам жуды душэўнай. Мне было наканавана апошняе. Працяглыя пакуты расхісталі мае нервы настолькі, што мяне палохаў нават гук уласнага голасу, і найлепшым чынам падрыхтавалі да таго страшнага катавання, якое чакала мяне.

Дрыжучы ўсім целам, я адпоўз назад да сцяны, вырашыўшы лепш загінуць там, чым зведаць жахі калодзежаў, — маё ўяўленне малявала іх мноства ў самых розных кутках склепа. Калі б я быў у іншым душэўным стане, то, мабыць, наважыўся б імгненна скончыць сваё нікчэмнае існаванне, кінуўшыся ў самае прадонне, але цяпер я быў найбольшым у свеце баязліўцам. Таксама я не мог забыцца на тое, што чытаў пра гэтыя калодзежы — іх жудасная планіроўка не перадугледжвала хуткай смерці.

Цягам доўгіх гадзінаў мой стрывожаны розум не даваў мне заплюшчыць вочы, але нарэшце я зноўку задрамаў. Прачнуўшыся, я і гэтым разам знайшоў побач лусту хлеба і збанок вады. Моцная смага апанавала мяне, і я адным глытком асушыў збан. Але туды, мабыць, нечага падсыпалі, бо як толькі я папіў, на мяне тут жа зноў навалілася дрымота. I глыбокі сон ахапіў мяне — сон, так падобны да смерці. Як доўга я спаў, я, канечне, не магу меркаваць, але калі зноў расплюшчыў вочы, усё, што акаляла мяне ў вязніцы, стала бачным. У нейкім жоўта-зялёным ззянні, крыніцу якога я спачатку не прыкмеціў, мне ўдалося заўважыць памеры і будову маёй вязніцы.

Я моцна памыліўся наконт яе памераў. Агулам дыяметр яе сценаў не перавышаў дваццаці пяці ярдаў. Некалькі хвілінаў я адчуваў пустую ўсхваляванасць, напраўду пустую, бо ў той сітуацыі, у якой я апынуўся, што можа мець меншае значэнне, чым памеры склепа? Але мой розум чамусьці дужа цікавілі гэтыя дробязі, і я заглыбіўся ў роздумы, шукаючы, дзе ж у сваіх падліках я мог памыліцца. Нарэшце я дайшоў да ісціны. Падчас першай спробы даследаваць склеп я налічыў пяцьдзясят два крокі, а потым упаў. Мабыць, тады я быў за два крокі ад лапіка бавоўны, сапраўды, я амаль абышоў вязніцу па перыметры. Потым заснуў, а калі прачнуўся, то вярнуўся назад і палічыў дыяметр вязніцы ў два разы большым, чым ён быў насамрэч. Заблытаўшыся, я не заўважыў, што пачынаў свой шлях, калі сцяна была злева, а скончыў яго, калі яна была ўжо справа.

Таксама я памыліўся наконт формы памяшкання. Намацваючы шлях паўз сцяну, я заўважыў шмат кутоў, і менавіта яны навялі мяне на думку пра няправільную форму склепа. Так моцна ўплывае апраметная цемра на таго, хто раптам абуджаецца ад летаргіі або сну! Кутамі мне падаліся ўсяго толькі лёгкія западзіны ці нішы праз няроўныя адрэзкі. Сама па сабе вязніца была збольшага квадратная. Тое, што я прыняў за каменную кладку, выявілася вялізнымі плітамі з жалеза ці нейкага іншага металу, швы ці сутыкі якіх якраз і ўтваралі западзіны. Паверхня металічных плітаў была груба размаляваная тымі жахлівымі і агіднымі сімваламі, якія маглі быць спароджаныя адно злавеснымі забабонамі манахаў. Пагрозлівыя выявы нячысцікаў, увасобленыя ў шкілеты і іншыя жудасныя вобразы, пакрывалі сцены. Я звярнуў увагу, што абрысы гэтых хімераў былі дастаткова выразнымі, а вось колеры падаваліся бляклымі і цьмянымі, нібы ад уздзеяння вільготнага паветра. Таксама я заўважыў што падлога была з каменю. А ў самым цэнтры зеўраў вялізны калодзеж, прорвы якога мне такі ўдалося пазбегнуць. Але ў вязніцы ён быў усяго адзін.

Усё гэта я бачыў дужа невыразна і праз вялізныя высілкі, бо становішча маё моцна змянілася пасля сну. Цяпер я ляжаў, выцягнуўшыся на спіне на нейкім драўляным каркасе. Да яго я быў прывязаны чымсьці падобным да доўгай папругі. Яна была шмат разоў аперазаная вакол майго цела, рук і ног, вольнымі заставаліся толькі галава і левая рука, але ўсяго настолькі, каб я з цяжкасцю здолеў дацягнуцца да талеркі з ежай, што стаяла побач на падлозе. Я жахнуўся, заўважыўшы, што збана з вадою не было. Кажу «жахнуўся», бо мяне даймала невыносная смага. Гэтую смагу, па ўсім відаць, наўмысна справакавалі мае прыгнятальнікі, бо ежа ў талерцы была вострым, моцна прыпраўленым мясам.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия