Акурат у гэты час вецер, што перашкаджаў нам кіравацца наперад, сціх, і шхуна застыла ў мёртвым штылі, гайдаючыся на сустрэчных плынях ва ўсе бакі адразу. Аднак усё гэта доўжылася недастаткова доўга, каб мы мелі час падумаць, што гэта ўсё значыць. Праз якую хвіліну нас ужо накрыла штормам, а праз дзве неба зацягнула дарэшты, мора ўспенілася, і раптам стала так цёмна, што мы не маглі ўбачыць нават адзін аднаго.
Бессэнсоўна нават спрабаваць апісаць, што гэта быў за шторм. Нават найстарэйшыя нарвежскія рыбакі ніколі не бачылі нічога падобнага. Мы паспелі спусціць ветразі, перш чым нас дарэшты накрыла, але першая ж навала паваліла абедзве мачты за борт, быццам пілой па іх прайшлася, і грот-мачта пацягнула за сабою майго малодшага брата, які прывязаў сябе да яе дзеля бяспекі.
Нашая шхуна была надзіва лёгкай — нібы пёрка, так і слізгала па паверхні вады. Палуба не мела ніякіх надбудоваў, толькі невялічкі люк на носе. Яго мы заўжды моцна задрайвалі перад тым як перасякаць Мальстрэм, дзеля перасцярогі, каб вада не трапіла ў трум. Каб не гэта, мы мусілі б адразу ж пайсці на дно — некалькі разоў нас дарэшты накрывала хваляю. Як мой старэйшы брат ацалеў у гэтай смяротнай небяспецы, не магу сказаць, бо ў мяне так і не з'явілася магчымасці запытаць яго. Што да мяне, то калі ветрам вырвала фок, я кінуўся плазам на дошкі, нагамі ўпіраючыся ў планшыр* на носе, а рукамі ўчапіўшыся ў рым* каля фок-мачты. Я зрабіў гэта чыста інстынктыўна, і гэта найлепшае, што можна было зрабіць у замяшанні, якое ахапіла мяне.
На некалькі імгненняў мы апынуліся пад вадою, як я і казаў, мне давялося затрымаць паветра і з усёй моцы трымацца за рым. Калі я ўжо не мог больш трываць, то падняўся на калені, моцна ўчапіўшыся рукамі, і ўзняў галаву, каб свабодна дыхаць. Якраз у гэтае імгненне нашу шхуну заматляла ва ўсе бакі, яна абтрэслася, быццам сабака, які выходзіць з вады, і прынамсі часткова выплыла наверх. Я спрабаваў скінуць з сябе здранцвенне, якое скавала мой розум, і вырашыць, што варта рабіць цяпер, калі раптам нехта схапіў мяне за руку. Гэта быў старэйшы брат, і сэрца маё моцна затахкала ад радасці, што яго ўсё ж не змыла хваляю за борт. Але ў наступнае мгненне гэтая радасць ператварылася ў суцэльную вусціш: брат нахіліўся і закрычаў мне ў самае вуха адно толькі слова — «Москестрэм»!
Нікому не зразумець, што я адчуў у гэты момант. Мяне ўсяго затрэсла з галавы да ног, быццам у жорсткай ліхаманцы. Я цудоўна ведаў, што ён хацеў сказаць, я ведаў, што мой брат хацеў, каб я зразумеў. Вецер нёс шхуну ў самае жарало крутаверці Мальстрэма, і ўжо нішто не магло нас выратаваць!
Памятаеце, я казаў, што, перасякаючы Москестрэм, мы заўсёды трымаліся як мага вышэй ад віру, нават у самае зацішнае надвор'е, і нават тады вымушаныя былі чакаць і ўважліва сачыць за часам, каб трапіць на спакойную ваду, але цяпер нас несла ў самую лейку, ды яшчэ ў такую буру! На імгненне мне падумалася, што вось жа — мы павінныя трапіць туды перад самым зацішшам — ёсць яшчэ надзея! Але адразу ж я стаў праклінаць самога сябе за гэтую дурноту, за нейкія бясплённыя мары аб выратаванні. Я выдатна ведаў, што мы вырачаныя. Будзь нашая шхуна хоць дзесяць разоў вялікім дзевяцігарматным караблём — ненажэрная бездань заглынула б і яго!
Цяпер бура ціснула не так моцна, а магчыма, мы проста перасталі адчуваць яе, бо слізнулі наперад. Але затое хвалі, якія раней ветрам утрымлівала ўнізе, дзе яны бруіліся і плескаталі, цяпер узняліся вакол нас, быццам горы. Раптам змянілася і неба. Вакол было па-ранейшаму цёмна, як у пекле, але над самаю галавой пыхнуў блакітам невялікі прагал чыстага неба — такога яснага блакіту я ў жыцці сваім не бачыў — і ў гэтым прагале бліснула незвычайна зыркая велічная поўня, асвятліўшы наваколле, так што можна было разгледзець усё да дробязяў. Але, Божа мой, што за відовішча адкрылася тады маім вачам!
Я некалькі разоў паспрабаваў загаварыць з братам, але зусім нічога не было чуваць, хоць я і крычаў яму ў самае вуха. Раптам ён пакруціў галавой і, пабялеўшы як смерць, наставіў палец, быццам хацеў звярнуць на нешта маю ўвагу.
Спачатку я ніяк не мог зразумець, чаго ж ён хоча, але пасля мяне як маланкаю працяла жахлівая здагадка. Я выцягнуў гадзіннік з кішэні. Канечне — стрэлкі стаялі на месцы. У месяцовым святле я паглядзеў на яго і, заліўшыся слязьмі, шпурнуў далёка ў акіян. Гадзіннік спыніўся акурат а сёмай! Мы прапусцілі час зацішша, і цяпер вір Москестрэма шалеў з усёй сваёй моцаю!
Калі шхуна добра зробленая, аснашчаная і не надта глыбока сядзіць, калі ідзе на поўнай хуткасці, хвалі ў моцны шторм быццам праслізгваюць пад ёю — гэта здаецца дзіўным людзям, далёкім ад мора, мы ж называем гэтую з'яву «асядлаць хвалі».