Звычайныя апісанні паўсюдна вядомага віру ніякім чынам не маглі падрыхтаваць мяне да таго, што я ўбачыў. Апісанне Ёнаса Рамуса*, самае падрабязнае з усіх, не можа даць нават прыблізнага ўяўлення ні пра веліч, ні пра вусцішную прыгажосць відовішча, ні пра пачуццё разгубленасці і незвычайнасці, якое ўражвае гледача. Я не магу дакладна сказаць, адкуль аўтар назіраў за вірам і пры якім надвор'і, але адно можна сцвярджаць без сумневу: не з вяршыні Хельсэгена і не ў шторм. Вось некалькі абзацаў з ягонага апісання; варта прывесці іх тут хаця б за іх дэталёвасць, хай і даволі невыразную ў параўнанні з уражаннямі, якія выклікае само відовішча.
«Між Лафатэнам і Моске, — піша ён, — глыбіня вады дасягае трыццаці шасці-сарака марскіх сажняў, а ў іншым кірунку, бліжэй да Вэра (або Вурга), яна памяншаецца так, што ніводзін карабель не можа прайсці там, не рызыкуючы разбіцца аб скалы, нават у самае пагоднае надвор'е. Калі пачынаецца прыліў, вада з шалёнай хуткасцю ўрываецца ў пратоку паміж Лафатэнам і Моске. Гул, які падымаецца, калі вада падчас адліву стрымгалоў імкне назад да мора, толькі аддалена можна параўнаць з гулам наймагутнейшых вадаспадаў. Яго чуваць за некалькі кіламетраў, а віры і лейкі дасягаюць такой шырыні і глыбіні, што варта толькі якому караблю падысці да іх бліжэй — і яго немінуча паглыне і зацягне вірам на самае дно, а там разаб'е аб скалы на малыя трэскі. Калі ж вада зноў супакойваецца, некаторыя з іх плынь выносіць на паверхню. Але гэтыя перапынкі зацішша бываюць толькі паміж прылівам і адлівам і толькі ў пагоднае надвор'е. Доўжыцца гэта не больш за пятнаццаць хвілін, пасля гайданка зноў пачынае нарастаць. У час, калі плынь найбольш шалёная, ды яшчэ раз'ятраная штормам, небяспечна падыходзіць да яе бліжэй чым на нарвежскую мілю*. Шлюпкі, чоўны, караблі засмоктвае ў вір, ледзь толькі яны неасцярожна падыходзяць бліжэй. Даволі часта здараецца таксама, што кіты праплываюць занадта блізка ад крутаверці, і тады іх зацягвае ў яе нутро. Немагчыма апісаць енкі і лямант падчас той бясплённай барацьбы, калі яны спрабуюць вызваліцца. Аднойчы мядзведзь спрабаваў пераплысці з Лафатэна на Моске, і яго закруціла плынню і пацягнула ўніз, і ягоны рык быў такі жудасны, што яго было чуваць ажно на беразе. Вялізныя камлі ялінаў і хвояў, пасля таго як іх засмокча вір, выплываюць на паверхню абшкуматаныя і паторганыя, быццам пакрытыя густою шчэццю. Бо на самым дне — вострыя камяні, аб якія іх і разбівае ўшчэнт. Крутаверць залежыць ад прыліваў і адліваў: вада ў моры падымаецца і спадае кожныя шэсць гадзін. У 1645 годзе, у перадапошнюю нядзелю перад Вялікім постам, з самага рання мора ўскіпала так раз'юшана, што некалькі хацінаў на самым беразе разнесла ў друзачкі».
Што да глыбіні бездані, мне не ўяўляецца магчымым хоць якім-небудзь чынам вызначыць яе паблізу ад крутаверці. Тыя самыя «сорак сажняў», відавочна, адносяцца толькі да той часткі пратокі, што бліжэйшая да берага, каля Моске або Лафатэна. Глыбіня ж у сярэдзіне Москестрэма мусіць быць непараўнальна большай. Найлепшым доказам гэтага можа быць відовішча, якое адкрылася нам з вяршыні Хельсэгена, хоць і адтуль можна было зазірнуць у пашчу бездані толькі збоку. Цяпер, стоячы на стромым адгор'і, пад якім звар'яцела біўся нарвежскі Флегетон*, я не мог не ўсміхнуцца той прастадушнасці, з якой шаноўны Ёнас Рамус згадвае як прыклад немажлівага, з ноткаю недаверу, показкі пра кітоў і мядзведзяў. Для мяне ж было відавочна, што нават найвялікшы лінейны карабель*, трапіўшы ў пастку гэтай смяротнай каруселі, будзе толькі лёгкім пёркам, якое паспрабавала супраціўляцца ўрагану — і было адразу ж дарэшты знішчанае.
Спробы патлумачыць прыроду гэтага феномена, некаторыя з якіх, як мне згадваецца, падаваліся на першы погляд даволі верагоднымі, цяпер зусім не задавальнялі. Агульная ідэя заключалася ў тым, што сама крутаверць, «падобна як і тры меншыя віры паміж выспамі Феро, узнікае ад таго, што хвалі, падымаючыся і падаючы, сутыкаюцца, ствараючы дзве плыні. Яны рухаюцца ў розных напрамках і, сціснутыя шэрагамі скалаў і рыфаў, утвараюць нешта падобнае да вадаспаду; і чым вышэй стаіць прыліў, тым з большай вышыні падае маса вады. Натуральны вынік гэтага працэсу — узнікненне віру або лейкі. Вялізная сіла яго ўсмоктвання дастаткова вывучаная на матэрыяле меншых па значнасці прыкладаў». Такія звесткі падае Брытанская энцыклапедыя. Кірхер*, а іншыя мяркуюць, што ў цэнтры Мальстрэма знаходзіцца скразная бездань, якая працінае ўвесь зямны шар і выходзіць на паверхню ў аддаленым месцы — як сцвярджаюць некаторыя — у Батнічным заліве*. Гэтае меркаванне абсалютна бязглуздае само па сабе. Але яно, як я цяпер усвядоміў, было адзіным, з якім уяўленне было найбольш гатовае пагадзіцца.