Лоб яе быў высокі, бледны і надзвычай ціхамірны, яго часткова закрывалі валасы, калісьці чорныя, як смоль, запалыя скроні былі зацененыя пасмамі ярка-жоўтага колеру, якія сваім фантастычным выглядам рэзка кантраставалі з яе меланхалічным абліччам. Вочы былі нежывымі і цьмянымі, здавалася, што ў іх няма зрэнак, і, мімаволі адхінуўшыся ад шклянога погляду, я пачаў разглядаць яе тонкія звялыя вусны. Яны раскрыліся, і ў загадкавай усмешцы перад маімі вачыма павольна ўзніклі зубы новай Берэнікі. О Божа, лепей бы я іх ніколі не бачыў альбо, убачыўшы цяпер, адразу б, на месцы, памёр!
Ляскат дзвярэй вярнуў мяне да нармальнага стану, і я, азірнуўшыся, зразумеў, што мая стрыечная сястра пакінула пакой. Аднак майго расстроенага мозгу яна, о гора, не пакінула, і выгнаць яе адтуль не было ніякай мажлівасці — яе і гэтае відовішча белых жахлівых зубоў. Ні плямкі на іх паверхні, ні пацямнення на эмалі, ні зазубрынкі на краях — і аднаго імгнення хапіла на тое, каб яны ўтаўраваліся ў маю памяць. Цяпер я бачыў іх нават выразней, чым тады. Гэтыя зубы!.. зубы!.. яны былі перада мной, і тут, і там, і паўсюль, здавалася, я магу да іх дакрануцца, — доўгія, вузкія і немагчыма белыя, у аблямоўцы бляклых вуснаў, як у момант тае страшнае ўсмешкі. А далей мая манаманія дасягнула найвышэйшага ўздыму, і я марна змагаўся з яе дзіўным і неадольным уплывам. З усёй бясконцасці рэчаў навакольнага свету я не мог думаць ні пра што, апроч гэтых зубоў. Я прагнуў іх з усёй сваёй вар'яцкай апантанасцю. Бачанне гэтае паглынула ўсе астатнія прадметы і ўсе мае зацікаўленні. Яны адны, адны ўвесь час стаялі перад маімі вачыма і яны адны, ва ўсёй сваёй непаўторнасці, зрабіліся сэнсам майго душэўнага жыцця. Я бачыў іх у любым святле. Разглядаў іх з усіх бакоў. Аналізаваў іх асаблівасці. Спыняўся на кожным паасобку. Разважаў над формай. Задумваўся над адрозненнямі ў будове. Я ажно скаланаўся, уяўляючы, што яны здольныя самастойна нешта адчуваць і разумець і нават без дапамогі вуснаў набываць пэўны выраз. Пра мадэмуазэль Сале* казалі, «que tous ses pas étaient des sentiments» [33], пра Берэніку ж я мог з упэўненасцю сказаць, que tous ses dents étaient des idées [34]. Des idées! — о, вось бязглуздая думка, што разбурала мяне! Des idées! — о, вось чаму я так утрапёна жадаў іх! Здавалася, яны адны здольныя супакоіць маю душу, вярнуўшы мне розум.
Тым часам звечарэла, і надышла цемра, і схавала зямлю, а пасля адступіла, і развіднела на новы дзень, і зноў пачалі згушчацца начныя прыцемкі — а я ўсё яшчэ нерухома сядзеў у тым самотным пакоі, усё яшчэ сядзеў, заглыбіўшыся ў сузіранне, і ўсё тая ж phantasma [35] трымала мяне ў сваёй уладзе, з усёй сваёй агіднай выразнасцю лунаючы ў паветры пакоя, дзе святло паступова ператваралася ў цень. Праз некаторы час мае мроі перарвалі крыкі жаху і разгубленасці, за імі, імгненнем пазней, пачуліся гукі ўсхваляваных галасоў і слабых журботных і пакутлівых стогнаў. Я падняўся і, адчыніўшы адну з дзвярэй бібліятэкі, убачыў у перадпакоі служанку ў слязах, якая і расказала мне, што Берэнікі... болей няма. Раніцай у яе быў прыпадак эпілепсіі, і цяпер, з надыходам вечара, яе ўжо чакае труна — усё падрыхтаванае да пахавання.
Я ачуняў у бібліятэцы; побач зноў нікога не было. Здавалася, я толькі што прачнуўся пасля блытанага і хвалюючага сну. Я разумеў, што ўжо поўнач, і добра ўсведамляў, што пасля заходу сонца Берэніку пахавалі. Аднак што адбывалася пазней, у гэты маркотны час, я не меў ніякага выразнага або, прынамсі, хаця б прыблізнага ўяўлення. Аднак у памяці засталіся ўзгадкі пра нейкі жах — жах, яшчэ жахлівейшы праз сваю цьмянасць, вусціш, яшчэ больш вусцішная праз сваю няпэўнасць. Гэта была страшная старонка ў кнізе майго існавання, запоўненая цьмянымі, агіднымі і бязладнымі ўспамінамі. Я спрабаваў расшыфраваць іх, але дарэмна; аднак час ад часу я, здавалася, чуў пранізлівы і пакутлівы жаночы крык, які ажываў у маіх вушах прывідам памерлага гуку. Я нешта зрабіў — але што? Я задаваў гэтае пытанне ўголас, і рэха шэптам адказвала мне з кутоў пакоя: «Але што?» На стале насупраць гарэла лямпа, ля яе ляжала маленькая скрынка. Нічым асаблівым яна не вылучалася, я часта бачыў яе раней — яна належала нашаму сямейнаму доктару. Аднак як яна трапіла сюды, на мой стол, і чаму я скаланаюся, гледзячы на яе? Разабрацца з усім гэтым ніяк не атрымлівалася, і тут мой погляд упаў на разгорнутую кнігу і на падкрэслены сказ. Гэта былі незвычайныя, але простыя словы паэта Ібн-Заята: «Dicebant mihi sodales si sepulchrum amicae visitarem, curas
Гэта была страшная старонкаў кнізе майго існавання... |