У гэтым пакоі я з'явіўся на свет. Абудзіўшыся пасля доўгай ночы, якая здавалася небыццём, аднак не была ім, я апынуўся ў казачнай краіне, палацы фантазіі, у пустэльных землях, дзе я быў анахарэтам думкі і вучонасці, і таму няма нічога незвычайнага ў тым, што я пазіраў на свет здзіўленымі бліскучымі вачыма, што марнаваў дзяцінства за кнігамі і траціў юнацтва на мроі; незвычайным было, аднак, тое, што ішлі гады, і росквіт сталасці заспеў мяне ўсё ў тым жа бацькоўскім маёнтку. Дзіўным было і тое, як замерла тады маё жыццё, як перакуліліся з ног на галаву самыя звычайныя думкі. Рэальнае жыццё падавалася мне відзежай і толькі відзежай, а вар'яцкія ідэі, што прыходзілі да мяне з краіны мрояў, рабіліся, наадварот, нават не з'явамі майго штодзённага існавання, а самім існаваннем, сапраўдным і адзіным.
Берэніка была маёй стрыечнай сястрой, і мы разам раслі пад бацькоўскім дахам. Аднак раслі мы па-рознаму: я — хваравіты і апанаваны маркотай, яна — рухавая, прывабная і перапоўненая энергіяй; яна блукала па схілах пагоркаў — я сядзеў на самоце над кнігамі, я замыкаўся ў сабе і ахвяраваў целам і душой дзеля глыбокіх і пакутлівых развагаў — яна бесклапотна ішла па жыцці, не думаючы ні пра цені на шляху, ні пра бясшумны лёт гадзінаў з крумкачовымі крыламі. Берэніка! — я клічу яе па імені — Берэніка! — і ад гуку майго голасу тысячы трывожных успамінаў спалохана ўзлятаюць над шэрымі руінамі маёй памяці. Ах, яе вобраз так жыва ўстае перад маімі вачыма, як у былыя дні яе бестурботнасці і радасці! О неверагодная і надзвычайная краса! О сільфіда ў прысадах Арнгейма*! О наяда ў яго ручаях! А далей... далей толькі таямніца, і вусціш, і гісторыя, якую лепей бы не расказваць. Хвароба, смяротная хвароба наляцела на яе, як самум, захапіла яе ў мяне на вачах, завалодваючы яе розумам, яе звычкамі, яе асобай і самым незаўважным і жахлівым чынам руйнуючы яе ўсю. О гора — хвароба-разбуральніца прыйшла і сышла, а ахвяра — дзе яна цяпер? Я не ведаў яе болей — а тая, каго ведаў, не была больш Берэнікай!
Сярод незлічоных хваробаў, выкліканых гэтай — самай першай і пагібельнай, што так жахліва паўплывала на духоўны і фізічны стан мае стрыечнае сястры, — варта згадаць найбольш пакутлівую і невылечную, пэўнага кшталту эпілепсію, што нярэдка заканчвалася трансам. Транс гэты было амаль немагчыма адрозніць ад смерці; у большасці выпадкаў яна ачуньвала надзвычай нечакана. У гэты ж час мая ўласная хвароба — а мне забаранілі вызначаць мой стан якім-небудзь іншым словам — мая ўласная хвароба хутка завалодвала мной і ўрэшце вылілася ў манаманію незвычайнай, невядомай раней формы, што з кожнай гадзінай, з кожнай хвілінай рабілася ўсё мацнейшай, пакуль не забрала нада мной невытлумачальную ўладу.
Гэтая манаманія (калі можна так яе назваць) выяўлялася ў паталагічным расстройстве тых здольнасцяў розуму, якія ў метафізіцы называюцца ўвагай. Цалкам магчыма, што тлумачу я незразумела, аднак, баюся, няма такіх словаў, якія дапамаглі б мне данесці да звычайнага чытача правільнае ўяўленне пра нервовы стан напружанай цікаўнасці, з якім уся мая, кажучы простымі словамі, воля да развагаў канцэнтравалася і засяроджвалася на сузіранні самага звычайнага аб'екта рэчаіснасці.
Задумацца на доўгія гадзіны, пільна разглядаючы нейкую нікчэмную дробязь або форму аркуша кнігі, амаль на цэлы летні дзень паглыбіцца ў сузіранне дзіўнага ценю, што коса падае на габелен ці на дзверы, сысці ў сябе, пазіраючы на тленне вуголля ў каміне ці на роўнае святло лямпы або свечкі, і так праседзець усю ноч, цэлымі днямі летуценіць, удыхаючы водар кветкі, манатонна паўтараць звычайнае слова, пакуль праз шматразовае паўтарэнне розум не перастане пазнаваць яго сэнс, надоўга замерці і не варушыцца, пакуль цела не забудзецца на сваё фізічнае існаванне і здольнасць рухацца, — такімі былі самыя звычайныя і найменш згубныя дзівацтвы, выкліканыя станам маёй душы, які быў, мабыць, не такім ужо і незвычайным, але не пакідаў ніякіх магчымасцяў для аналізу або вытлумачэння.