Дык вось, да таго часу мы вельмі добра трымаліся на хвалях у гайданцы, але цяпер агромністая хваля падхапіла нас і, падымаючыся, пацягнула за сабою ўверх, у самыя нябёсы. Не пабачыўшы на свае вочы, я б ніколі не паверыў, што хваля можа ўзняцца так высока. А пасля мы паляцелі ўніз, стрымгалоў панесліся, саслізнулі, занурыліся носам у ваду, Ад гэтага я ледзьве не згубіў прытомнасць, ажно вантробы падкаціла пад горла — так бывае, калі ў сне падаеш з высачэзнай гары. Калі мы былі яшчэ наверсе, я здолеў азірнуцца навокал, і аднаго пагляду было дастаткова. У імгненне я ацаніў нашае месцазнаходжанне. Вір Москестрэма быў за чвэрць мілі проста перад намі, але відовішча тое нагадвала звычайны Москестрэм не больш, чым гэты вір, які вы цяпер бачыце, нагадвае ручай ля млына. Калі б я і без гэтага не ведаў, дзе мы знаходзімся, я ніколі не пазнаў бы гэтага месца. Скуты жудою, я, сам таго не жадаючы, заплюшчыў вочы. Павекі сціснула быццам сутаргай.
Не больш чым праз дзве хвіліны мы раптам убачылі, што хвалі становяцца ніжэйшымі, і нас пачынае заліваць пенаю. Шхуна рэзка развярнулася, нахіленая на левы борт, і паімчала маланкаю ў новым напрамку. У гэтае самае імгненне нізкі, грымлівы шум вады патануў у нейкім пранізлівым енку — быццам тысячы параходных комінаў выпускалі ўсе разам пару. Мы знаходзіліся цяпер у тым пасе пены, які заўсёды акаляе крутаверць, і, канечне, я падумаў, што ў наступнае імгненне нас заглыне бездань, глыб якой мы маглі толькі няясна разгледзець на вялікай хуткасці, з якой нас круціла па коле. Здавалася, што шхуна зусім не занураецца ў ваду, а слізгае, як бурбалка, па паверхні. Правым бортам яна глядзела на бездань, а па-за левым падымалася высачэзная сцяна акіяну, зыбліваю перашкодаю ўздымаючыся паміж намі і небасхілам.
Можа здавацца дзіўным, але цяпер, калі мы былі ў самай пашчы віру, мне стала спакайней, чым тады, калі мы толькі набліжаліся. Вырашыўшы не спадзявацца больш ні на што, я пазбыўся большай часткі страху, які спачатку пазбавіў мяне здольнасці думаць. Напэўна, адчай наструніў мне нервы.
Гэта можа здацца пустой пахвальбою, але кажу я святую праўду: я стаў разважаць над тым, як гэта велічна — загінуць такім чынам і якім глупствам было з майго боку баяцца за сваё мізэрнае жыццё перад такой вялікай, такой дзівоснай праявай магутнасці Божай. Здаецца, што я ажно пачырванеў ад сораму, калі гэтыя думкі закруціліся ў галаве. Праз хвілю мяне запаланіла вострае пачуццё цікаўнасці, і я пачаў углядацца ў хвалі крутаверці. Я адчуваў моцнае жаданне вывучыць яе глыбіні, нягледзячы на ахвяру, якую ў хуткім часе павінен быў скласці, і шкадаваў толькі, што не змагу ўжо расказаць сваім старым таварышам там, на беразе, пра таямніцы, якія мне адкрыюцца. Усё гэта, я ўпэўнены, звычайныя трызненні, якія напаўняюць чалавечую істоту ў такой нязвыклай сітуацыі, і пасля я часта думаў, што гэта бясконцае кручэнне шхуны па краі лейкі крыху затлуміла мне галаву.
Была, між іншым, адна выгода, якая паспрыяла таму, што да мяне вярнулася вытрымка, — вецер аціх, мы не маглі адчуваць яго там, унізе. Бо, як самі бачыце, пас пены знаходзіцца нашмат ніжэй, чым узровень вады ў акіяне — і тады ён уздымаўся над намі высачэзнай стромкай чорнай сцяной. Калі вам не даводзілася бываць у моры падчас вялікага шторму, цяжка патлумачыць, як зблытвае глузды віскат ветру і бясконцыя пырскі. Яны асляпляюць, аглушаюць, агаломшваюць, пазбаўляюць магчымасці думаць і дзейнічаць. Але цяпер гэтыя невыгоды амаль не дакучалі нам: як злачынцы ў камеры смяротнікаў, мы цешыліся прыемнымі дробязямі, якіх былі пазбаўленыя, калі лёс быў не да канца вырашаны.
Немагчыма палічыць, як доўга нас круціла па пенным краі лейкі. Кола за колам, мы рухаліся так дзесьці з гадзіну, хутчэй ляцелі, чым плылі, усё бліжэй пасоўваючыся спачатку да сярэдзіны паса, пасля — да жахлівага ўнутранага краю. Увесь гэты час я працягваў трымацца за рым. Мой брат ляжаў на карме, учапіўшыся за надзейна прынайтаваную пустую бочку для вады. Яна адзіная засталася на палубе, калі першым жа парывам буры ўсе рэчы змыла ў акіян. Калі шхуна зусім ужо блізка падышла да зеўры лейкі, ён выпусціў з рук бочку і кінуўся да рыму. У спохваце смяротнай жуды, амаль у агоніі, брат стаў адрываць мае рукі ад рыма, занадта малога, каб мы абодва маглі трывала ўзяцца за яго. Якая ж горыч ахапіла мяне, калі мой родны брат пачаў рабіць такое! Я разумею, што ён, відаць, канчаткова страціў глузды ад жывёльнага страху — шаленец беспрытомны, які не ўсведамляе, што робіць. Ясна, што я не стаў змагацца з ім за выгоды месца. Якая розніца, за што трымацца і ці трымацца ўвогуле — таму я пакінуў яго на рыме, а сам пасунуўся на карму і абхапіў бочку. Гэта было зусім не цяжка: шхуну несла па хвалях устойліва, на роўным кілі, толькі гайдала ўзад-уперад ад моцных штуршкоў і сутаргаў віру. Ледзь я ўладкаваўся на новым месцы, як шхуна рэзка нахілілася на правы бок і паляцела напрасткі ў бездань. Вось тут я і вырашыў, што нам канец, толькі малітву прамармытаць паспеў.