Давай у думках вернемся ў той самы пакой. Што перш за ўсё мы будзем там шукаць? Выхад, які выкарысталі забойцы. Мы з табой, вядома, не верым у звышнатуральнае. Не злыя ж духі забілі мадам і мадэмуазэль Л'Эспанэ. Тыя, хто здзейсніў забойства, існавалі рэальна і, каб знікнуць, карысталіся рэальнымі шляхамі. Але якімі? На шчасце, ёсць толькі адзін спосаб вырашыць гэтую праблему, і гэты спосаб павінен прывесці нас да канкрэтнай высновы. Давай разгледзім паслядоўна ўсе магчымыя шляхі ўцёкаў. Зразумела, што ў той час, калі натоўп бег уверх па лесвіцы, забойцы былі ў спальні, дзе знайшлі мадэмуазэль Л'Эспанэ. Таму выхады мы шукаем толькі ў гэтых двух памяшканнях. Паліцэйскія абшукалі ўздоўж і ўпоперак падлогу, столь, кожную цагліну ў сценах. Ніводзін патаемны выхад не мог аказацца па-за межамі іх пільнай увагі. Але, не давяраючы іх вачам, я праверыў усё сам. Што ж, патаемных выхадаў там не было. Абое дзвярэй з пакояў у калідор былі надзейна замкнёныя, ключы ўстаўленыя з сярэдзіны. Звернемся цяпер да дымаходаў. Хоць у ніжняй іх частцы шырыня звычайная, вышэй яны звужаюцца настолькі, што там не пралезе нават больш-менш укормлены кот. Упэўніўшыся, што ўсе згаданыя шляхі для ўцёкаў — абсалютна немагчымыя, нам не застаецца нічога іншага, як звярнуць сваю ўвагу на вокны. Калі б хто паспрабаваў вылезці праз вокны, што ў пакоі ад вуліцы, гэта б адразу заўважылі людзі, што там тоўпіліся. Забойцы мусілі ў такім выпадку ўцякаць праз вокны, што выходзяць у двор. Што ж, прыйшоўшы да гэтай высновы шляхам лагічных разважанняў, нам як прыхільнікам філасофскага падыходу да вышукаў не варта адмаўляцца ад яе на падставе таго, што гэта на першы погляд здаецца немагчымым.
У спальні двое вокнаў. Адно з іх нічым не застаўленае і відаць з верху да нізу. Другое ж унізе закрытае прысунутай усутыч спінкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачыненае з сярэдзіны. Усе намаганні падняць яго аказаліся марнымі. Злева ў аконнай раме была знойдзеная шырокая дзірка з забітым туды па самую галоўку вялікім цвіком. Калі агледзелі другое акно, дык знайшлі такі самы цвік, які быў гэтак жа забіты ў раму; энергічныя спробы падняць гэтае акно таксама аказаліся марнымі. Такім чынам паліцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглі ўцячы гэтым шляхам, і таму палічыла за лішняе выцягваць цвікі і адчыняць вокны.
Мае назіранні былі ў пэўнай меры больш уважлівыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, насамрэч зусім не такое.
Я пачаў разважаць a posteriori [50].
Забойцы, скажам, вылезлі праз адно з тых вокнаў. Калі так, то яны не маглі зачыніць вокны з сярэдзіны, іх жа знайшлі апушчанымі. Гэтая акалічнасць, бо яна была відавочная, спыніла пошукі паліцэйскіх. Усё ж такі рамы былі замкнёныя. У такім разе яны павінныя былі зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовіцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасці выцягнуў цвік і паспрабаваў падняць раму. Як я і думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што існуе патаемная спружына, і дзякуючы гэтай ідэі ўпэўніўся, што мае меркаванні, урэшце, былі правільныя, якімі б таямнічымі па-ранейшаму ні здаваліся акалічнасці, звязаныя з цвікамі. У выніку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я націснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькі гэтым, не спрабуючы падняць акна.
Я ўставіў цвік назад і ўважліва агледзеў яго. Чалавек, які вылез праз акно, мог звонку апусціць раму, і спружына спрацавала б, але як уставіць назад цвік? Выснова была простая і зноў жа адпавядала ходу маіх даследаванняў. Забойцы павінныя былі ўцякаць праз другое акно. Калі меркаваць, што спружыны на кожнай раме былі аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павінна быць розніца паміж цвікамі або паміж тым, як яны ўстаўленыя ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазірнуў за яго спінку і ўважліва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой і адразу ж намацаў спружыну і націснуў на яе. Потым я агледзеў цвік. Ён быў такі ж тоўсты, як і першы, і таксама ўваходзіў у раму амаль па самую галоўку.
Калі ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару індуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнічых, я ніводнага разу «не згубіў следу».