— Як бачыш, я раблю цяпер націск не на пытанні пра тое, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядоміў, што і тое і другое было здзейснена адным і тым жа шляхам і ў адным і тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылі? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былі перарытыя, хоць многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Такое заключэнне абсурднае. Яно не больш чым меркаванне, ды і тое не вельмі разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах і не было нічога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ і яе дачка жылі вельмі адасоблена, нікога не прымалі і рэдка выходзілі на людзі — у іх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убранні, якія знайшлі, ва ўсякім разе, не найгоршыя, што маглі мець гэтыя пані. Калі злодзей паквапіўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў найлепшых рэчаў — чаму не захапіў з сабой усяго? Да таго ж калі ён спакусіўся жаночай бялізнай, чаму ён адмовіўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоі. Суму, згаданую мсьё Міньё, банкірам, амаль некранутай знайшлі ў мяшэчках, што ляжалі на падлозе. Таму я хачу, каб ты выкінуў з галавы памылковае меркаванне пра матывы забойства, якое ўзнікла ў паліцэйскіх галовах на падставе той часткі сведчанняў, у якой ішла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзенні, у дзесяць разоў больш дзіўныя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры дні пасля атрымання іх кліентам, здараюцца кожную гадзіну цягам усяго нашага жыцця, мы іх нават не заўважаем. Супадзенні — гэта наогул вялікая перашкода на шляху тых філосафаў, адукацыя якіх не перадугледжвала знаёмства з тэорыяй імавернасці — той самай тэорыяй, якой найбольш слаўныя чалавечыя даследаванні абавязаныя сваімі не менш слаўнымі адкрыццямі. Вядома, калі б у дадзеным выпадку золата знікла, да таго факту, што яго прынеслі за тры дні да забойства, ставіліся б як да чагосьці больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзіў бы менавіта такую версію матыву забойства. Але калі з улікам рэальных акалічнасцяў справы мы будзем лічыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павінныя будзем пагадзіцца з тым, што злачынца быў настолькі нерашучы і настолькі дурны, што забыўся і пра золата, і пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабіў.
Цвёрда памятаючы пра тыя акалічнасці, на якія я звярнуў тваю ўвагу, — своеасаблівы голас, надзвычайную спрытнасць і незразумелую адсутнасць матыву ў такім неймаверна жорсткім забойстве, — зноў звернемся да жудаснай карціны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылі голымі рукамі і запхнулі ў дымаход уніз галавой. Звычайныя злачынцы так не забіваюць. I, ва ўсякім разе, не хаваюць трупаў забітых. Пагадзіся, у тым, што труп заціснулі ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае — гэта ніякім чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкі, калі нават і ўявіць, што дзейнічалі канчаткова дэградаваныя тыпы. Уяві сабе, якую трэба мець сілу, каб запхнуць труп у дымаход знізу ўверх так, што некалькі мужчын агульнымі намаганнямі ледзь выцягнулі яго адтуль — зверху ўніз.
Звярні ўвагу і на іншыя праявы гэтай неймавернай сілы. На каміне знайшлі тоўстыя пасмы — вельмі тоўстыя — сівых чалавечых валасоў. Іх павыдзіралі з каранямі. Ты ўяўляеш, колькі трэба сілы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў? Ты ж, як і я, бачыў тыя пасмы. На каранях — жудаснае відовішча! — засохлі кавалкі скуры, паздзіранай з галавы — доказ той неймавернай сілы, з якой адным махам вырвалі з каранямі, відаць, паўмільёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалі — адсеклі галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярні таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не кажу ўжо пра сінякі на целе мадам Л'Эспанэ. Мсьё Дзюма і яго шаноўны калега мсьё Эцьен лічаць іх вынікам удараў нейкай тупой зброяй, і, трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй — цяпер гэта ўжо відавочна — быў брук, на якім аказалася мадам Л'Эспанэ, калі вывалілася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэтая ідэя, якая, хоць і здаецца цяпер вельмі простай, не прыйшла ў галаву паліцэйскім, яны не звярнулі ўвагі на шырыню аканіц — і гэта таму, што праз тыя самыя цвікі ўся іх здольнасць думаць канчаткова атрафіраваліся і яны не дадумаліся да таго, што вокны ўсё ж маглі адчыняцца.
Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неймаверную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцяў, якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?
У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.
— Вар'ят! — усклікнуў я. — Гэта справа рук шаленца, які, відаць, уцёк з найбліжэйшай вар'ятні.