Праз хвілін дзесяць усе ўжо выходзілі са штаба, накіроўваючыся да батальёнаў.
Уранку на другі дзень батальёны выправіліся ва ўмоўленую вёску, каб перадаць машыны другой брыгадзе. Гэта быў заслужаны адпачынак: больш за паўгода, з самай восені, танкісты вялі баі на поўдні ад Віцебска...
Вылезшы з люкаў, танкісты сядзелі на машынах, падставіўшы спацелыя, з плямамі масла, твары лагоднаму ветру. Абапал ішлі пералескі, што ўбіраліся ў першую светлую дымчатую зеляніну, ад якой усё навокал выглядала вясёлым, прывабным, кружыліся палі, што рунелі, мяжуючы часта з вялікімі прасцягамі бур'яну i свірэпы.
На машыне з лічбаю «271», выпісанаю белай фарбай, сядзелі старшы лейтэнант Лагуновіч i камлюкаваты, крыху пануры сержант Быстроў, камандзір гарматы. У адкрытым люку вадзіцеля віднелася галава трэцяга чалавека з экіпажа, Сонцава. Круглы шырокі твар яго быў засеяны рабаціннем.
Старшы лейтэнант недаверліва прыслухоўваўся да спакою, што панаваў у прыродзе. Быстроў сядзеў неспакойна ад таго, што хацелася пакурыць i пагаварыць, але i першае i другое было немагчыма. Сонцаў, мяркуючы па светла-карых вачах, у адрозненне ад таварышаў быў цалкам задаволены ўсім — i тым, што ён бачыў у квадратнае акенца з паднятай, як казырок, важкай плітой, i ветрам, які хвалямі плыў насустрач, прыемна халодзячы потны твар i шыю, забіраючыся пад каўнер на грудзі.
На ўездзе ў маленькую вёску танкам давялося праходзіць па мосце. Мост быў стары, i, агледзеўшы падгнілыя чорныя бярвенні, Лагуновіч занепакоіўся, што яны не вытрымаюць машыны.
Аб'езд быў далёка, i таму рашылі паспрабаваць прайсці праз мост.
Першую машыну мост вытрымаў, перабралася i другая. Пад танкам жа «271» насціл затрашчаў i некалькі бярвенняў з аднаго боку надламаліся, гатовыя абваліцца. Машына нахілілася. Быстроў адразу саскочыў з вежы. Вадзіцель асцярожна крануў машыну, паспрабаваў выйсці на бераг, але мост падаўся яшчэ больш i танк нахіліўся болей.
Унізе была рэчка з гразкім дном i балоцістым берагам.
Лагуновіч, які стаяў каля мастка, загадаў экіпажу пярэдняга танка ўзяць машыну на буксір. Калі танк паволі падпоўз задам да берага, Быстроў i зараджаючы пачалі мацаваць пругкі стальны трос.
У гэты час насустрач танкам з другога канца вуліцы падкаціла калона грузавых машын. Не даехаўшы да моста, пярэдні грузавік, а за ім i іншыя затармазілі.
З кабінкі пярэдняга грузавіка выбраўся плячысты, высокі пяхотны маёр, хутка падышоў да мастка. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі, на яго грудзях на двух вузкіх пасках вісеў бінокль у такой жа новай аправе.
— Што тут такое? — запытаўся ён начальніцкім тонам.
— Самі бачыце... — адказаў Лагуновіч без доўгіх тлумачэнняў.
Пяхотны маёр быў незадаволены. Затрымліваюць. У яго твары, здалося Аляксею, было нешта высакамернае, нядобрае.
З кузаваў грузавікоў, адчуваючы, што тут прыдзецца пастаяць, высыпалі байцы, і некалькі падышло да танкістаў. Адзін з ix раптам усклікнуў узрадавана:
— Таварыш старшы лейтэнант!
Аляксей азірнуўся: перад ім стаяў пяхотны старшына з загарэлым кірпатым тварам. Карыя вочы па-сяброўску, весела ўсміхаліся. Твар гэты, асабліва вочы, здаліся страшэнна знаёмымі. «Дзе мы з ім сустракаліся?» A старшына моўчкі пазіраў на яго, усміхаючыся ўжо ад таго, што Аляксей намагаецца ўспомніць, але не можа.
— Не помніце? — сказаў пехацінец з дакорам.
— Не прыпамінаю...
— Вядома, дзе вам помніць! Ці мала сустракаецца людзей на фронце? A ці не ўспомніце, як вы ляжалі... пад Прохараўкай?
На міг Аляксею прыгадалася дажджлівае поле на Куршчыне. Ён ляжыць ранены ў шыю, а непадалёк лопаюцца снарады i патроны, дымным вогнішчам палае некалькі разбітых танкаў. У адным з ix засталіся яго мёртвыя таварышы, ён адзін выратаваўся. Ці выратаваўся? Ён ляжыць перад варожымі акопамі i не можа паварухнуцца...
— Помню! Ты той сержант, што мяне з поля вынес. Растаропаў, здаецца?
— Праворны.
— Праворны! Помню, помню! Без цябе мне, брат, тады апошнюю песеньку праспяваць давялося б.
— Помніце, як пад сціртаю ляжалі?..
— А як жа!.. Упарыўся ты тады, такі груз цягнучы на спіне!..
— Мокра, слізка вельмі было...
— Я, дружа, пасля таго здарэння, як заварожаны, ні адна куля не бярэ!
— А я ўжо другі раз на фронт еду ад таго часу. Толькі шанцуе, усё легка; месяц — другі паляжу i зноў спраўны.
— Вось дзе давялося спаткацца! — сказаў Аляксей. — Я пасля таго не раз добрым словам успамінаў цябе. Аддзякаваць бы, думаў. Ды вось, неяк нязручна мы спаткаліся. Вы куды?
— Куды ж, акрамя... А вы, на спачын? Не ў час выбраліся. Самы час пачынаць вайну, а вы...
Старшына не скончыў. Пярэдняя машына заварочвалася, пехацінцы накіроўваліся туды, дзе быў аб'езд. З грузавіка паклікалі: «Праворны!», i ён, спехам паціснуўшы Лагуновічу руку, пабег да машыны, падтрымліваючы палявую сумку, што матлялася на баку.
2...
Праз некалькі гадзін рота перадавала танкі ў другую брыгаду.
На вялікім, перакапаным гусеніцамі двары, каля хлява i ў садку між вішняку i ігруш стаялі тры танкi — усё, што засталося ў роце пасля паўгода баёў пад Віцебскам.