Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Антрапаметрычная сістэма Бертыльёна (бертыльянаж) – сістэма ідэнтыфікацыі злачынцаў паводле іх антрапаметрычных дадзеных. Распрацаваная французскім юрыстам Альфонсам Бертыльёнам (1853–1914), які, працуючы пісарам у парыжскай прэфектуры, бачыў бессэнсоўнасць запаўнення картак з апісаннямі асобаў злачынцаў і замест гэтага прапанаваў выкарыстоўваць магчымасці антрапаметрыі. Ён вымераў рост злачынцаў, даўжыню і аб’ём галавы, даўжыню рук, пальцаў, ступняў і высветліў, што калі асобныя паказнікі розных людзей могуць супадаць, то 4–5 характарыстык не бываюць адначасова аднолькавымі. Бертыльён распрацаваў таксама картатэчную сістэму рэгістрацыі людзей паводле фізіялагічных прыкмет, якая дапамагала высвятляць асобу чалавека. Антрапаметрычны метад перастаў выкарыстоўвацца пасля вынаходніцтва дактыласкапіі. Альфонс Бертыльён згадваецца таксама ў аповесці «Сабака Баскервіляў», дзе доктар Мортымер ставіць Шэрлака Холмса як крыміналіста на другое месца пасля Бертыльёна.

«…Разгадваючы таямніцу стракатай стужкі…» – маецца на ўвазе апавяданне «Стракатая стужка» з кнігі «Прыгоды Шэрлака Холмса» (на беларускую мову пераклала Ганна Янкута).

Апошняя справа Холмса

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў снежні 1893 году ў Strand Magazine.


«Эцюд у пунсовым» – гл. каментар да апавядання «Кардонная скрынка».

«Аднак выдадзеныя нядаўна лісты палкоўніка Джэймса Марыярці, у якіх той абараняе памяць свайго брата…» – у апавяданні «Пусты дом» Ўотсан згадвае імя самога прафесара Марыярці, і выяўляецца, што прафесара таксама завуць Джэймс. Гэта адна з шэрагу нестыковак у цыкле пра Шэрлака Холмса. У аповесці «Даліна жаху» брат прафесара Марыярці згадваецца зноў, але застаецца безыменным.


«Ройтэрс» – агенцтва «Ройтэрс» (Reuters) адкрыў у Лондане ў 1851 годзе нямецкі эмігрант Паўль Юліюс Ройтэр, які займаўся перадачай біржавых навінаў у еўрапейскія краіны з дапамогай тэлеграфу. Там, дзе кабель не быў пракладзены, ён выкарыстоўваў паштовых галубоў. З цягам часу офіс Ройтэра ператварыўся ў адно з найбуйнейшых міжнародных агенцтваў навінаў і фінансавай інфармацыі і з’яўляецца ім дагэтуль.

Нарбона – французскі горад у дэпартаменце Од за 12 км ад Ліёнскага заліва. Нім – французскі горад, прэфектура дэпартамента Гар, размешчаны на мяжы Праванса. Абодва гарады знаходзяцца на поўдні Францыі.

«– Баюся. – Чаго? – Пнеўматычнай стрэльбы…» – Холмс баіцца пнеўматычнай стрэльбы, бо яна страляе нашмат цішэй, чым звычайная: куля з яе вылятае пад уздзеяннем газу пад ціскам.

Біном Ньютана – формула для раскладання на асобныя складнікі цэлай неадмоўнай ступені сумы дзвюх пераменных. Доўгі час лічылася, што для натуральных паказчыкаў гэтую формулу вынайшаў Паскаль, аднак яна была вядомая яшчэ кітайскім і арабскім матэматыкам. Ньютан каля 1676 году абагульніў формулу для адвольнага (адмоўны, дробны і г.д.) паказчыка ступені.

«Цяга да злачынства ў яго ў крыві, і надзвычайныя разумовыя здольнасці, замест таго каб дапамагчы пераадолець, толькі ўзмацнілі яе і зрабілі больш небяспечнай…» – тут Дойл адсылае да тэорыі Чэзарэ Ламброза (1835–1909), італьянскага турэмнага доктара-псіхіятра і заснавальніка антрапалагічнага кірунку крыміналогіі, які сцвярджаў, што цяга да злачынства – прыроджаная альбо атавістычная. Асноўная заслуга Ламброза ў тым, што ён перанёс акцэнт вывучэння са злачынства як дзеяння на чалавека як злачынцу.

«Вашыя лобныя косці развітыя менш, чым я мог чакаць…» – антрапалогія ХІХ стагоддзя ўсё яшчэ адчувала ўплыў псеўданавукі XVIII стагоддзя – фрэналогіі, у якой вывучалася залежнасць будовы чэрапа ад духоўных і ментальных здольнасцяў чалавека. Заўвага Марыярці магла пакрыўдзіць Холмса, які ў сваю чаргу адзначыў выпукласць ілба прафесара, што мусіла сведчыць пра выбітныя разумовыя здольнасці.

Бентынк-стрыт, Ўэлбэк-стрыт – гэтыя вуліцы знаходзяцца за некалькі кварталаў ад Бэйкер-стрыт.

Хэнсам – двухколавы экіпаж з месцам для фурмана ззаду.

Лоўтэрскі пасаж – невялікі гандлёвы будынак з крамамі, у асноўным цацачнымі.

Брогам – гл. каментар да апавядання «Пастаянны пацыент».

«Наш цягнік спыняецца ў Кентэрберы, а параход звычайна як мінімум на чвэрць гадзіны затрымліваецца…» – кантынентальны цягнік праз Кентэрберы ідзе ў Дуўр, дзе знаходзіцца порт, адкуль у часы Дойла хадзілі параходы ў Кале (Францыя), расклад якіх быў падладжаны пад расклад экспрэса.

Перейти на страницу:

Похожие книги