Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Існуе і трэцяя версія гэтага апавядання. Яна з’явілася ў 1928 годзе ў брытанскім «Поўным зборы апавяданняў пра Шэрлака Холмса», выдадзеным Джонам Мюрэем. У гэтай версіі замест згаданых двух абзацаў ці фрагмента з апавядання «Кардонная скрынка» змяшчаюцца два наступныя сказы: «Здарылася гэта адным душным дажджлівым кастрычніцкім днём. “Нездаровае надвор’е, Ўотсан, – сказаў мой сябар. – Але вечар прынёс лёгкі ветрык. Ці не жадаеце трохі прагуляцца па Лондане?”» Хто ўнёс у тэкст гэтую праўку, невядома. Цікава, што менавіта паводле гэтай версіі апавядання зроблены рускі пераклад Дзм. Жукава.


Брогам – вынайдзены ў першай палове ХIХ стагоддзя ангельскім лордам Брогамам аднаконны двухці чатырохколавы экіпаж для двух ці чатырох чалавек. Вылучаецца здымным верхам над пярэднімі сядзеннямі ці ўвогуле без яго, мае чатыры бакавыя дзверцы.


Каталепсія – паталогія, пры якой цела доўга захоўвае нададзеную яму позу.


Параход «Нора Крэйна» – насамрэч існавала некалькіх суднаў розных тыпаў з такой назвай. Адно з іх, параход «Нора Крэйна», з 1878 па 1912 гады выконвала рэйсы ў Вялікабрытаніі, а ў 1912 годзе было прададзенае ў Францыю на металалом.


Ліга – мера даўжыні, прыблізна роўна тром мілям.

Грэк-перакладчык

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў верасні 1893 году ў Strand Magazine.


«…мой дар хутчэй спадчынны і, імаверна, паходзіць ад бабулі, сястры французскага мастака Вернэ…» – было тры французскія мастакі з прозвішчам Вернэ: Клод Жазэф Вернэ (1714–1789), яго сын Карл Вернэ (1758–1836) і ўнук Орас Вернэ (1789–1863). Які менавіта Вернэ меўся на ўвазе, невядома. Орас Вернэ – найбольш верагодны кандыдат на гэту ролю.


Пэл-Мэл – цэнтральная вуліца Сент-Джэймскага квартала ў Лондане. На ёй знаходзіцца Сент-Джэймскі палац і іншыя рэзідэнцыі каралеўскай фаміліі, у віктарыянскія часы амаль усе клубы ангельскіх джэнтльменаў праводзілі паседжанні ў асабняках на гэтай вуліцы.


Ўайтхол – вуліца ў цэнтры Лондана, назва якой зрабілася агульнай для брытанскага ўраду.


X2473 – нумар скрыні для прыватных абвестак; такую сістэму мела большасць газет за часамі Дойла. Абодва бакі – і той, хто даваў абвестку, і той, хто на яе адказваў, – заставаліся такім чынам ананімнымі. Гл. таксама каментар да апавядання «Срэбны Месяц».


«Напісана асадкай тыпу “джэй”…» – гл. каментар да апавядання «Кардонная скрынка».

Марская дамова

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў кастрычніку і лістападзе (у дзвюх частках) 1893 году ў Strand Magazine.


«Другая пляма», «Марская дамова» і «Стомлены капітан» – апавяданне «Другая пляма» выйшла ў наступным зборніку, «Вяртанне Шэрлака Холмса». Справа ж пра стомленага капітана так ніколі і не была прадстаўленая публіцы.

Бунзенава гарэлка – гарэлка, прынцып працы якой быў вынайдзены нямецкім хімікам Робертам Бунзенам у суаўтарстве з ангельскім хімікам Генры Роскаў у 1857 годзе.


Ўайтхол – гл. каментар да апавядання «Грэк-перакладчык».


Пэйслеўскі шаль – шаль з тканіны з бутавым арнаментам, цэнтрам вытворчасці якой у Заходняй Еўропе быў горад Пэйслі. Бута – усходні міндалепадобны арнамент з завостраным загнутым верхнім канцом. У Вялікабрытанію трапіў у першай палове XVII стагоддзя разам з вайскоўцамі, што вярталіся дадому з калоній і везлі з сабой усходнія тканіны.


Школы-інтэрнаты (board schools) – пачатковыя школы, якія мусілі зрабіць адукацыю даступнай для ўсіх дзяцей і ўвесці пэўныя стандарты. Такі тып школ існаваў з 1870 (з’явіўся пасля прыняцця закона пра ўсеагульную школьную адукацыю) да 1902 году, кіраваўся школьным камітэтам і ўтрымліваўся за кошт мясцовых падаткаў, урадавых субсідый і платы за навучанне. З 1891 году дзяржава ўзяла на сябе абавязак аплачваць школьнае навучанне да 10 шылінгаў у тыдзень. Школьныя будынкі, міма якіх праязджаюць Холмс і Ўотсан, існуюць дагэтуль і дагэтуль бачныя пасажырам гэтай чыгуначнай лініі.

Перейти на страницу:

Похожие книги