Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Гэта ўсё мы мусім высветліць, – адказаў Холмс. – І я прыступаю да справы, дапусціўшы, што мае высновы слушныя і было здзейсненае двайное забойства. Адно вуха тут жаночае – яно маленькае, прыгожай формы і праколатае. Другое – мужчынскае: надзвычайна загарэлае і таксама праколатае. Мяркую, гэтыя людзі мёртвыя, іначай мы б ужо пра іх пачулі. Сёння пятніца. Пасылку адправілі ў чацвер раніцай, такім чынам, трагедыя здарылася ў аўторак-сераду альбо раней. Калі гэтыя два чалавекі мёртвыя, хто, як не іх забойца, даслаў міс Кушынг сведчанне свайго ўчынку? Дапускаем, што адпраўнік пакета – той, хто нам патрэбны. Але ў яго мусілі быць важкія прычыны даслаць усё гэта менавіта ёй. Што ж за прычыны? Відавочна, ён хацеў сказаць, што справа зробленая… альбо каб ёй стала балюча. Але ў такім выпадку яна павінная ведаць, хто гэта. А яна ведае? Сумняюся. Калі яна ведала, навошта пазваніла ў паліцыю? Самым разумным было б проста закапаць гэтыя вушы – і яна б так і зрабіла, калі б хацела выгарадзіць забойцу. А калі б не хацела, то сказала б яго імя. Гэтай блытанінай варта заняцца.

Холмс гаварыў хутка і звонка, уважліва гледзячы на верх садовай агароджы, але тут жыва ўскочыў і пабег у дом.

– У мяне некалькі пытанняў да міс Кушынг, – сказаў ён.

– Тады я вас тут пакіну, – сказаў Лестрад, – бо ў мяне яшчэ адна справа. Думаю, ад міс Кушынг я не даведаюся нічога новага. Знойдзеце мяне ў паліцэйскім участку.

– Мы зазірнем па дарозе на цягнік, – адказаў Холмс. Праз хвілю мы з ім вярнуліся ў гасцёўню, дзе ціхамірная лэдзі дагэтуль спакойна абшывала сваю сурвэтку.

Калі мы зайшлі, яна паклала яе на калені і паглядзела на нас прыязнымі і праніклівымі блакітнымі вачыма.

– Я ўпэўненая, сэр, – сказала яна, – што ўсё гэта памылка, і скрынка прызначалася не мне. Я некалькі разоў сказала гэта джэнтльмену са Скотланд-Ярда, але ён толькі пасмяяўся. У мяне няма ніводнага ворага, наколькі я ведаю, дык навошта камусьці так з мяне жартаваць?

– Я схіляюся да такой самай думкі, міс Кушынг, – адказаў Холмс, усаджваючыся на крэсла побач. – Думаю, больш чым імаверна, што… – ён запнуўся, і я быў уражаны, убачыўшы, што ён з выключнай цікаўнасцю разглядае профіль жанчыны. Здзіўленне і радасць у адзін момант прамільгнулі на яго напружаным твары, але калі міс Кушынг пачала азірацца ў пошуках прычыны яго раптоўнага маўчання, Холмс выглядаў гэткім жа спакойным, як заўсёды. Я ўважліва паглядзеў на яе пакой, на яе пасівелыя валасы, на яе акуратны каптур, на маленькія пазалочаныя завушніцы і спакойны твар, але не ўбачыў нічога, што магло б так відавочна ўсхваляваць майго сябра.

– У мяне пара пытанняў…

– Ох, я так стамілася ад пытанняў! – нецярпліва ўсклікнула міс Кушынг.

– Наколькі я разумею, у вас дзве сястры.

– Як вы пра гэта даведаліся?

– Я хуценька агледзеў пакой, калі заходзіў, і ўбачыў, што вунь там, на каміннай паліцы, у вас стаіць здымак трох лэдзі, адна з якіх дакладна вы, а астатнія да вас так падобныя, што ў сваяцтве можна не сумнявацца.

– Так, вы маеце рацыю. Гэта мае сёстры Сара і Мэры.

– А вось тут, ля майго локця, іншы здымак, зроблены ў Ліверпулі: вашая малодшая сястра разам з мужчынам, мяркуючы па форме, сцюардам. Я бачу, яна тады не была замужам.

– Вы вельмі спрытны назіральнік.

– Гэта маё рамяство.

– Што ж, вы зноў маеце рацыю. Але яна выйшла за містэра Браўнэра праз некалькі дзён. Ён тады плаваў на паўднёваамерыканскіх рэйсах, але так закахаўся, што і падумаць не мог пра тое, каб пакінуць яе так надоўга, таму перавёўся на ліверпульскія і лонданскія судны.

– О, магчыма, на «Пераможцу»?

– Не, апошні раз, калі я чула пра гэта, быў «Майскі». Джым аднойчы прыходзіў сюды мяне наведаць. Гэта было перад тым, як ён сарваўся, а пасля піў увесь час, калі спускаўся на бераг. Адзін глыток рабіў з яго поўнага вар’ята. Ох, дзень, калі ён зноў прыклаўся да бутэлькі, быў найгоршым днём. Спачатку ён разарваў адносіны са мной, потым пасварыўся з Сарай, а потым Мэры перастала пісаць, і з таго часу мы не ведаем, як яны там.

Міс Кушынг відавочна гаварыла пра тое, што вельмі глыбока яе закранала. Як большасць людзей, што жывуць самотна, спачатку яна саромелася, але неўзабаве зрабілася выключна гаваркою. Яна шмат расказала нам пра свайго зяця-сцюарда, а потым забрыла нават ва ўспаміны пра былых арандатараў – студэнтаў-медыкаў, выбалбатаўшы нам усё пра іх правіннасці, імёны і бальніцы, дзе яны працавалі. Холмс уважліва слухаў, час ад часу задаючы пытанні.

– А вашая другая сястра, Сара… – сказаў ён. – Мяне дзівіць, што дзве незамужнія лэдзі не вядуць гаспадарку разам.

– О, калі б вы ведалі Сару, вы б не здзіўляліся. Пасяліўшыся ў Кройдане, я паспрабавала гэта арганізаваць, і мы жылі разам, але каля двух месяцаў таму вымушаныя былі раз’ехацца. Не хачу гаварыць кепскае пра ўласную сястру, але Сара ўвесь час хадзіла раздражнёная, і ёй немагчыма было дагадзіць.

– Вы казалі, яна пасварылася з ліверпульскімі сваякамі.

Перейти на страницу:

Похожие книги