Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Вярнуўшыся ў Лондан, я завітаў да мадысткі, якая, натуральна, пазнала свайго пастаяннага пакупніка, што называўся Дэрбішырам і меў вельмі фарсістую жонку, прыхільніцу дарагіх сукенак. У мяне няма сумневаў, што дзеля яе прыхамацяў ён па вушы залез у пазыкі і вырашыў паправіць свае справы праз злачынства.

– Вы патлумачылі ўсё, апроч аднаго, – усхвалявана сказаў палкоўнік. – Дзе ж быў конь?

– Ён уцёк, а потым пра яго клапаціўся адзін ваш сусед. Мяркую, тут мы мусім пайсці на амністыю. О, мы ўжо на станцыі Клэпхэм, калі я не памыляюся, і меней чым праз дзесяць хвілін будзем на станцыі Вікторыя*. Калі вы пажадаеце выкурыць цыгару ў нашых пакоях, палкоўнік, буду рады адказаць на любыя іншыя пытанні пра справу, якія ў вас узнікнуць.

Пераклала Алена Казлова

Кардонная скрынка

Праглядаючы справы, якія лепш за ўсё ілюструюць выдатныя разумовыя здольнасці майго сябра Шэрлака Холмса, я, наколькі магчыма, спрабую выбіраць самыя нескандальныя з іх, якія ў той жа час далі раскрыцца ягонаму таленту. На жаль, цалкам выкінуць скандальнасць са злачынства немагчыма, і хранікёр мусіць выбіраць, ахвяраваць яму важнымі, але скандальнымі дэталямі і такім чынам стварыць падманнае ўяўленне пра справу, альбо скарыстацца тым, што дае яму выпадак, а не выбар. Пасля гэтай кароткай прадмовы я вяртаюся да сваіх нататак пра тое, што аднойчы абярнулася дзіўным, а часам нават жахлівым ланцужком падзеяў.

Быў сляпучы і гарачы жнівеньскі дзень. Бэйкер-стрыт нагадвала печку, а зіхоткага сонечнага святла, што падала на жоўты цагляны дом праз дарогу, не маглі вытрымаць вочы*. Цяжка было паверыць, што гэта тыя самыя сцены, якія так паныла выглядалі ў зімовым тумане. Мы прыспусцілі шторы, а Холмс скурчыўся на канапе, чытаючы і перачытваючы ліст, атрыманы з ранішняй поштай. Мяне ж служба ў Індыі прывучыла пераносіць гарачыню лягчэй, чым холад, і дзевяноста градусаў* на тэрмометры надта не назалялі. Толькі вось у ранішніх газетах не было анічога цікавага. Сесія парламента закрылася. Усе збеглі за горад, і я таксама прагнуў апынуцца на паляне Нью-Форэста* ці на беразе Саўтсі*. Спустошаны рахунак змусіў мяне адкласці вакацыі, а мой кампаньён ставіўся да мора і вёскі з абсалютна аднолькавай агідаю. Шчасцем для яго было знаходзіцца ў цэнтры пяцімільённага горада, плетучы сваю павуціну, якая чуйна дрыжала ад найменшых чутак і намёкаў на нераскрытае злачынства. Сярод ягоных шматлікіх здольнасцяў не знайшлося месца тонкаму адчуванню прыроды, і адзіным, што магло адцягнуць яго ўвагу ад гарадскога ліхадзея, была неабходнасць высочваць ліхадзея вясковага.

Палічыўшы Холмса занадта задуменным для завязвання гутаркі, я шпурнуў у кут беззмястоўныя газеты і, адкінуўшыся на крэсле, таксама занурыўся ў развагі. І тут голас сябра перарваў ход маіх думак.

– Маеце рацыю, Ўотсан, – прамовіў Холмс. – Гэта, мабыць, самы бязглузды спосаб улагоджваць спрэчкі.

– Безумоўна! – выгукнуў я і тут зразумеў, што ён адказвае на мае непрамоўленыя думкі. Я выпрастаўся на крэсле і ў неймаверным здзіўленні паглядзеў на сябра.

– Але як, Холмс?! – усклікнуў я. – Гэта па-за межамі майго ўяўлення!

Ён шчыра рассмяяўся ў адказ на маю збянтэжанасць.

– А помніце, – сказаў ён, – як зусім нядаўна я чытаў вам урывак з аднаго апавядання По, дзе герой робіць выснову з непрамоўленых думак свайго кампаньёна*. Вы яшчэ тады патлумачылі гэта выключна майстэрствам аўтара, а да маіх словаў аб тым, што для мяне такое ўжо ўвайшло ў звычку, паставіліся скептычна.

– Ды не можа быць!

– Магчыма, ваш язык гэтага не сказаў, дарагі мой Ўотсан, але дакладна сказалі вашыя бровы. Таму калі я ўбачыў, як вы адкінулі газету і занурыліся ў думкі, то ўзрадаваўся магчымасці счытаць іх і потым у іх уварвацца, каб даказаць, што добра вас разумею.

Але я ўсё яшчэ сумняваўся.

– Ва ўрыўку, які вы мне зачытвалі, – загаварыў я, – герой робіць высновы, грунтуючыся на дзеяннях чалавека, за якім назірае. Калі я правільна памятаю, той спатыкнуўся аб кучу камянёў, зірнуў на зоркі і ўсё такое.

Але я спакойна сядзеў на крэсле, якія ж падказкі я мог вам даць?

– Вы да сябе несправядлівыя. Твар дадзены чалавеку, каб той мог паказваць, што адчувае, і ваш у гэтым плане аддана вам служыць.

– Хочаце сказаць, вы прачыталі мае думкі па твары?

– Па твары і асабліва па вачах. Вы ж цяпер не ўспомніце, з чаго пачалі задумвацца?

– Не ўспомню.

– Тады я вам скажу. Вось вы адкінулі газету, што перавяло маю ўвагу на вас, і паўхвіліны сядзелі з безуважным выразам твару. Потым вашыя вочы спыніліся на партрэце генерала Гордана* ў новай рамцы, і па тым, як ваш твар змяніўся, я зразумеў, што механізм разважанняў запушчаны. Але доўга гэта не цягнулася: ваш позірк слізгануў па выяве Генры Ўорда Бічэра* зусім без рамкі і спыніўся на версе вашых кніг. Потым вы паглядзелі на сцяну, і ход вашых думак стаў відавочны. Вы думалі, што калі б Бічэр быў у рамцы, ім можна было б закрыць пустое месца на сцяне і ён добра спалучыўся б з Горданам.

– Як дакладна вы ўсё прасачылі! – усклікнуў я.

Перейти на страницу:

Похожие книги