Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Ад палкоўніка Роса тут нічога не залежыць. Я датрымліваюся ўласных метадаў і кажу так многа ці так мала, як пажадаю. У гэтым перавагі неафіцыйнай працы. Не ведаю, ці заўважылі вы, Ўотсан, але палкоўнік трымаўся са мной, мякка кажучы, пагардліва. І я збіраюся крыху пазабавіцца за ягоны рахунак. Нічога не кажыце яму пра каня.

– Безумоўна, толькі з вашай згоды.

– І, натуральна, усё гэта малаважна ў параўнанні з пытаннем аб тым, хто забіў Джона Стрэйкера.

– І вы зоймецеся гэтым?

– Якраз наадварот. Сёння мы з вамі едзем назад у Лондан начным цягніком.

Гэтыя словы сябра мяне проста агаломшылі. Мы прабылі ў Дэваншыры ўсяго некалькі гадзін, і тое, што ён кідае расследаванне, пачатае так бліскуча, было для мяне неспасцігальным. Больш я не змог выцягнуць з яго ні слова, пакуль мы не дайшлі да трэнерскага дома. Палкоўнік і інспектар чакалі нас у гасцёўні.

– Мы з сябрам вяртаемся ў горад начным экспрэсам, – заявіў Холмс. – Мы чароўна надыхаліся чысцюткім дартмурскім паветрам.

Вочы інспектара акругліліся, а вусны палкоўніка расплыліся ва ўхмылцы.

– Дык вы ўжо не спадзеяцеся арыштаваць забойцу беднага Стрэйкера? – спытаў ён.

Холмс пацепнуў плячыма.

– Відавочна, тут ёсць сур’ёзныя перашкоды, – адказаў ён. – Але я, тым не менш, не пераставаў бы спадзявацца на тое, што ваш конь возьме ўдзел у спаборніцтвах у аўторак, і настойліва вас прашу трымаць жакея напагатове. Магу я папрасіць у вас фотакартку містэра Джона Стрэйкера?

Інспектар дастаў адну з канверта і перадаў яму.

– Дарагі Грэгары, вы проста прадбачыце ўсе мае жаданні. А зараз, калі ласка, пачакайце хвілінку, мне трэба аб чымсьці спытаць пакаёўку.

– Сказаць начыстую, ваш лонданскі кансультант мяне зусім расчараваў, – прызнаўся палкоўнік Рос, як толькі мой сябар выйшаў з пакоя. – Я не бачу, каб мы хоць як прасунуліся з яго прыездам.

– Прынамсі, у вас ёсць ягоная ўпэўненасць, што конь будзе ўдзельнічаць у скачках, – сказаў я.

– Так, у мяне ёсць ягоная ўпэўненасць, – адказаў палкоўнік, паціснуўшы плячыма, – але лепш бы ў мяне быў конь.

Я толькі збіраўся сказаць што-небудзь у абарону свайго сябра, як той зноў увайшоў у пакой.

– Ну што ж, джэнтльмены, – сказаў ён. – Я зусім гатовы ехаць у Тавісток.

Калі мы сядалі ў экіпаж, дзверы для нас прытрымліваў адзін з памочнікаў конюха. Раптоўна Холмсу прыйшла, відаць, у галаву нейкая ідэя, бо ён нахіліўся і дакрануўся да рукава хлопца.

– Вы трымаеце некалькі авечак у загоне, – сказаў ён, – а хто іх даглядае?

– Я, сэр.

– З імі не здаралася нічога дзіўнага апошнім часам?

– Не знаю, ці гэта варта згадкі, але тры з іх нядаўна пачалі кульгаць, сэр.

Я ўбачыў, што Холмса вельмі ўсцешыў гэты адказ, бо ён задаволена хмыкнуў і пацёр далоні.

– Трапны стрэл наўздагад, амаль наўздагад, – пахваліўся ён, сціснуўшы маё плячо. – Грэгары, настойліва звяртаю вашую ўвагу на гэтую ўнікальную эпідэмію сярод авечак. Ну што ж, фурман, паехалі!

У палкоўніка Роса на твары адлюстроўваўся скепсіс у дачыненні да здольнасцяў майго кампаньёна, але па выглядзе інспектара я бачыў, што заўвага Холмса яго вельмі зацікавіла.

– Вы лічыце, гэта важна? – спытаў Грэгары.

– Надзвычайна.

– Ёсць яшчэ штосьці, на што вы раілі б мне звярнуць увагу?

– На тое, як цікава паводзіўся сабака ўночы.

– Але сабака нічога не рабіў уночы.

– Вось гэта і цікава, – адказаў Шэрлак Холмс.

Праз чатыры дні мы з Холмсам зноў сядзелі ў цягніку на Ўінчэстэр, каб трапіць на скачкі за Кубак Ўэсэкса. Палкоўнік Рос, як мы дамаўляліся, сустрэў нас ля вакзала, і ў ягоным прыватным экіпажы мы выправіліся за горад на іпадром. Палкоўнік ехаў з нахмураным тварам і трымаўся больш чым холадна.

– Майго каня так і няма, – сказаў ён.

– Я мяркую, вы ж пазнаеце яго, калі ўбачыце? Тут палкоўнік узлаваўся.

– Я наведваю скачкі дваццаць гадоў, і ніколі раней мне не задавалі такога пытання, – сказаў ён. – Срэбнага Месяца пазнае і дзіця, у яго белая пляма на лобе і пярэстая правая пярэдняя нага.

– І якія стаўкі?

– Гэта самае цікавае. Учора можна было атрымаць пятнаццаць да аднаго, але каэфіцыент увесь час зніжаўся, і цяпер можна паставіць хіба што тры да аднаго.

– Хм! – сказаў Холмс. – Хтосьці штосьці ведае, гэта ясна.

Калі экіпаж спыніўся ля агароджы трыбунаў, я паглядзеў у запрашальную картку, каб прачытаць спіс удзельнікаў.

«Кубак Ўэсэкса, – было там напісана – 50 cаверэнаў падпісных*, дадаткова 1000 саверэнаў за першае месца, для чатырохі пяцігодак. Другое месца – 300 фунтаў, трэцяе – 200. Новы скакавы круг (1 міля, 5 фурлонгаў).

1. Арап, уладальнік – містэр Хіт Ньютан. Чырвоны шлем, светла-карычневы камзол.

2. Барацьбіт, уладальнік – палкоўнік Ўордлаў. Ружовы шлем, блакітны з чорным камзол.

3. Дэсбара, уладальнік – лорд Бэкуотэр. Жоўты шлем і рукавы.

4. Срэбны Месяц, уладальнік – палкоўнік Рос. Чорны шлем, чырвоны камзол.

5. Ірыда, уладальнік – герцаг Балмарал. Жоўтыя і чорныя палосы.

6. Сугней, уладальнік – лорд Сінглфард. Ліловы шлем, чорныя рукавы».

– Мы знялі са старту нашага другога каня і даверыліся вашаму слову, – сказаў палкоўнік. – Што? Як такое можа быць? Срэбны Месяц – фаварыт?

Перейти на страницу:

Похожие книги