Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Мы перайшлі багністае дно і яшчэ прыкладна чвэрць мілі крочылі па сухім цвёрдым торфе. Калі зямля чарговым разам пайшла ўніз, мы зноў натрапілі на сляды. Потым яшчэ раз згубілі іх, каб знайсці наступныя даволі блізка ад Мэйплтана. Першы іх убачыў Холмс, і калі ён паказваў туды, ягоны твар быў азораны трыюмфам. Побач з адбіткам конскага капыта ішоў чалавечы след.

– Раней конь быў адзін! – усклікнуў я.

– Менавіта. Раней ён быў адзін. Ага, а што гэта? Двайны след рэзка павярнуў у кірунку Кінгс-Пайланда. Холмс прысвіснуў, і мы абодва скіраваліся назад. Увага Холмса цалкам была занятая следам, калі раптам я, кінуўшы выпадковы позірк убок, на сваё здзіўленне ўбачыў той самы двайны след, які ішоў у адваротным напрамку.

– Бал на ваш рахунак, Ўотсан, – сказаў Холмс, калі я паказаў яму гэта. – Вы скарацілі нашую дарогу, а то давялося б ісці назад па ўласных слядах. Давайце пройдзем гэтым адваротным следам.

І нам не давялося ісці доўга. След скончыўся асфальтавым пакрыццём, якое прывяло нас да стайняў Мэйплтана. Калі мы падышлі, нам насустрач выбег грум.

– Гэй, нам не трэба, каб тут бадзяліся ўсякія! – гыркнуў ён.

– У мяне толькі адно пытанне, – сказаў Холмс, засунуўшы ўказальны і вялікі пальцы ў кішэню камізэлькі. – Ці не будзе зарана, калі я зайду да вашага начальніка Сайласа Браўна заўтра а пятай раніцы?

– Барані вас Божа, сэр, натуральна, у гэты час ён будзе на працы, бо прачынаецца раней за ўсіх. Але вунь ён ідзе, сэр, і сам зможа адказаць на вашыя пытанні. Не, сэр, не, калі ён пабачыць, што я бяру ў вас грошы, гэта будзе каштаваць мне месца. З вашай ласкі, пазней.

Шэрлак Холмс схаваў назад паўкроны, выцягнутыя з кішэні, а з брамы выйшаў пажылы і злосны на выгляд мужчына з бізуном у руцэ.

– Гэта што такое, Даўсан?! – крыкнуў ён. – Ніякіх плётак! Ідзі займіся справай! А вы хто такія? Якой халеры вам трэба?

– Дзесяціхвіліннай размовы з вамі, мой дарагі сэр, – сказаў Холмс найлагоднейшым голасам.

– Мне няма часу разводзіць антымоніі з рознымі лайдакамі. Нам тут прыхадняў не трэба. Ідзіце пакуль цэлыя, а не – дык вашыя пяткі паспытаюць зубоў нашага сабакі.

Холмс нахіліўся і нешта шапнуў трэнеру на вуха. Той скалануўся і пабарвавеў да макаўкі.

– Хлусня! – зароў ён. – Несусветная хлусня!

– Вельмі добра. Мы будзем спрачацца пра гэта тут, каб усе чулі, ці пагаворым у вашай гасцёўні?

– О, заходзьце, калі хочаце. Холмс усміхнуўся.

– Вам не давядзецца чакаць болей за некалькі хвілін, Ўотсан, – сказаў ён. – Містэр Браўн, цяпер я цалкам у вашым распараджэнні.

Прайшло дваццаць хвілін. Чырвань паблякла, і ўсё агарнулася шэрасцю, калі Холмс і трэнер з’явіліся зноў. Ніколі не бачыў я ў чалавеку такой перамены, якая адбылася з Сайласам Браўнам за такі кароткі час. Ягоны твар зрабіўся попельна-белым, на ілбе блішчэлі кроплі поту, а рукі трэсліся, ад чаго бізун хадзіў ходырам, быццам галінка на ветры. Ягоныя грубасць і хамства зніклі, і ён трусіў за маім кампаньёнам, нібы сабака за гаспадаром.

– Усё будзе зроблена так, як вы сказалі. Я ўсё зраблю, – пераконваў ён.

– Памылак быць не мусіць, – адказаў Холмс, азірнуўшыся на яго.

Той здрыгануўся, прачытаўшы пагрозу ў вачах майго сябра.

– О не, памылак не будзе. Я дастаўлю яго туды. Выгляд вярнуць ранейшы?

Холмс крыху падумаў і разрагатаўся.

– Не, не трэба, – сказаў ён. – Я вам напішу. І ніякіх фокусаў, бо вы ведаеце…

– О, вы можаце разлічваць на мяне, сэр, я не падвяду!

– Пэўна, што не. Добра, заўтра я звяжуся з вамі. Холмс павярнуўся да яго спінай, не зважаючы на пададзеную дрыготкую руку, і мы рушылі назад у КінгсПайланд.

– Рэдка даводзіцца сустракаць настолькі арганічнае спалучэнне грубіяна, баязліўца і шэльмы, як гэты распарадчык Сайлас Браўн, – заўважыў Холмс па дарозе.

– Дык конь у яго?

– Ён спрабаваў вырашыць справу пагрозамі, але я так дакладна апісаў яму ягоныя дзеянні той раніцай, што ён падумаў, нібыта я назіраў за ім. Вы ж прыкмецілі, што мыскі ягоных ботаў дакладна такія ж квадратныя, як у адбіткаў на зямлі. І зноў жа, ніхто з ягоных падначаленых не адважыўся б пайсці на такую справу. Я расказаў яму, як, згодна са сваёй завядзёнкай, ён прачнуўся самы першы на золку і сустрэў чужога каня, што ішоў па тарфяніках. Як, наблізіўшыся, быў агаломшаны тым, што гэта Срэбны Месяц – ён пазнаў яго па белым лобе, праз які той і атрымаў сваю мянушку. Лёс прывёў у ягоныя рукі фаварыта, адзінага, хто мог абскакаць каня, на якога Сайлас Браўн паставіў усе свае грошы. Потым я апісаў, што першым ягоным парывам было адвесці каня назад у Кінгс-Пайланд, але д’ябал нашаптаў яму на вуха, што жывёліну можна схаваць да канца спаборніцтваў, і ён павёў яго да сябе ў Мэйплтан і дагэтуль трымае там. Пасля майго расказу ён ужо думаў толькі пра тое, як уратаваць сваю скуру.

– Але ж стайні абшукалі!

– О, такі стары знаўца коней і махляр ведаў, як замесці сляды.

– Але хіба вы не баіцеся пакідаць каня тут, ведаючы, што ў інтарэсах Сайласа Браўна як-небудзь нашкодзіць яму?

– Мой дарагі сябра, ён будзе берагчы каня як зрэнку вока. Бо ведае, што гэта ягоны адзіны шанец на літасць.

– Палкоўнік Рос не падаўся мне чалавекам, здольным на літасць.

Перейти на страницу:

Похожие книги