Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Мы, пэўна, сустракаліся з вамі ў Плімуце на садовай вечарыне некалькі гадоў таму, місіс Стрэйкер? – сказаў Холмс.

– Вы памыляецеся, сэр.

– Ды быць таго не можа! Я мог бы паклясціся. На вас быў серабрысты шаўковы ўбор, аздоблены страусавым пер’ем.

– Я ніколі не мела такой сукенкі, сэр, – адказала жанчына.

– О, значыць, я наблытаў, – сказаў Холмс і, перапрасіўшы, выйшаў за інспектарам на двор. Нядоўгі шпацыр па тарфяніках прывёў нас да ямы, дзе знайшлі цела. На яе беразе рос куст жаўтазелю, на якім тады павіс макінтош.

– Я так разумею, ветру ў той дзень не было, – сказаў Холмс.

– Не было, але быў лівень.

– У такім разе макінтош не здзьмула на куст, яго туды павесілі, – сказаў Холмс.

– Так, ён быў раскладзены зверху.

– Гэта вельмі цікавая акалічнасць. Я бачу, што зямля даволі ўтаптаная. Без сумневу, з ночы панядзелка тут прайшлося шмат ног.

– Збоку там ляжыць посцілка, мы ўсе стаялі на ёй.

– Цудоўна.

– У мяне ў торбе адзін з ботаў, якія былі на Стрэйкеру, чаравік Фіцроя Сімпсана і злепак падковы Срэбнага Месяца.

– Мой дарагі інспектар, вы проста пераўзышлі сябе!

Холмс узяў торбу і, спусціўшыся ў нізіну, падцягнуў посцілку бліжэй да цэнтра. Расцягнуўшыся на ёй і падпёршы рукамі падбароддзе, Холмс уважліва абследаваў утаптаны бруд перад сабой.

– Ага! – раптам сказаў ён. – А гэта што?

Гэта была абгарэлая васковая запалка, настолькі брудная, што спачатку падалася проста трэсачкай.

– Не разумею, як я мог праглядзець яе, – з прыкрасцю сказаў інспектар.

– Яна была нябачная ў брудзе. Я заўважыў яе толькі таму, што шукаў.

– Што?! Вы спадзяваліся знайсці яе?

– Я дапускаў такое.

Холмс па чарзе павыцягваў абутак з торбы, параўноўваючы малюнак падэшваў з адбіткамі ў брудзе*. Потым вылез з яміны і пачаў поўзаць у папараці і хмызах.

– Баюся, што слядоў болей няма, – сказаў інспектар. – Я вельмі пільна праверыў грунт вакол у радыюсе ста ярдаў.

– Вашая праўда! – сказаў Холмс, падымаючыся. – Было б дзёрзкасцю рабіць гэта зноў пасля таго, што вы сказалі. Але мне хацелася б прагуляцца па тарфяніках да змяркання, каб ведаць, што рабіць заўтра, і бадай я пакладу ў кішэню гэтую падкову на ўдачу.

Палкоўнік Рос, які выказваў пэўнае нецярпенне, калі мой кампаньён маўкліва і сістэматычна даследаваў месца забойства, паглядзеў на гадзіннік.

– Я запрашаю вас вярнуцца разам са мною, інспектар, – сказаў ён. – Ёсць штосьці, пра што я хацеў параіцца з вамі, асабліва наконт таго, ці не змушае нас абавязак перад публікай прыбраць імя каня са спіса прэтэндэнтаў на кубак.

– Ні ў якім разе, – рашуча запярэчыў Холмс. – Лічу, што яго трэба пакінуць у спісе.

Палкоўнік кіўнуў.

– Я вельмі рады пачуць вашае меркаванне, сэр, – сказаў ён. – Пасля шпацыру вы знойдзеце нас у доме спачылага Стрэйкера, і мы можам разам паехаць у Тавісток.

Яны з інспектарам павярнулі назад, а мы з Холмсам марудна пайшлі паўз тарфянікі. Сонца ўжо сядала за стайнямі Мэйплтана, і разлеглую пакацістую раўніну перад намі вечаровае святло фарбавала ў залаты колер, які пераходзіў у глыбокі ружова-буры там, дзе промні краналі выцвілую папараць і цярноўнік. Але ўрачыстая маляўнічасць пейзажу не займала майго кампаньёна, заглыбленага ў думкі.

– Можна зрабіць і так, Ўотсан, – сказаў ён нарэшце. – Мы пакуль пакінем пытанне пра тое, хто забіў Джона Стрэйкера, і засяродзімся на тым, што здарылася з канём. Калі ўявіць, што ён вырваўся падчас альбо пасля трагедыі, куды ён мог падзецца? Конь – стаднае стварэнне. Калі б ён застаўся адзін, інстынкты падштурхнулі б яго альбо вярнуцца ў Кінгс-Пайланд, альбо пайсці ў Мэйплтан. Як ён можа бадзяцца па тарфяніках? Яго дакладна заўважылі б да гэтага часу. І чаму яго мусілі выкрадаць цыгане? Гэтыя людзі заўжды трымаюцца як найдалей ад непрыемнасцяў, бо не хочуць, каб да іх дачапілася паліцыя. Няма і спадзеву, што яны змаглі б прадаць такога каня. Гэта вельмі рызыкоўна, і нічога б яны за яго не атрымалі. Гэта абсалютна відавочна.

– Тады дзе ён?

– Я ўжо казаў, што ён, мусіць, пайшоў у Кінгс-Пайланд альбо Мэйплтан. Ён не ў Кінгс-Пайландзе, адпаведна, ён у Мэйплтане. Давайце возьмем гэта за працоўную гіпотэзу і паглядзім, куды яна нас прывядзе. Тут тарфянікі, як адзначаў інспектар, вельмі цвёрдыя і сухія. Але бліжэй да Мэйплтана яны паніжаюцца. Вы можаце бачыць адсюль, што там ідзе працяглая лагчына, у якой мусіла быць вельмі мокра ў панядзелак ноччу. Калі нашыя развагі правільныя, конь там праходзіў, і менавіта там нам трэба пашукаць ягоны след.

Падчас гэтай гутаркі мы ішлі даволі бадзёра і праз колькі хвілін ужо дабраліся да згаданай лагчыны. На просьбу Холмса я пакрочыў правым яе берагам, а Холмс – левым, але не паспеў я прайсці і пяцідзесяці крокаў, як пачуў ягоны вокліч і ўбачыў, як ён мне махае. У мяккай глебе перад ім быў вельмі добра бачны след каня, і ён дакладна супадаў з падковай, выцягнутай з кішэні.

– Вось яна, моц уяўлення ў дзеянні, – сказаў Холмс. – Гэта адзіная якасць, якой бракуе Грэгары. Мы ўявілі, як маглі б развівацца падзеі, дзейнічалі адпаведна сваёй версіі і ўрэшце атрымалі ёй пацверджанне*. Давайце ж працягнем.

Перейти на страницу:

Похожие книги