Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Пяць да чатырох на Срэбнага Месяца! – раўлі трыбуны. – Пяць да чатырох на Срэбнага Месяца! Пяць да пятнаццаці на Дэсбара! Пяць да чатырох на ўсіх!

– Ужо ўзнялі нумары! – крыкнуў я. – На месцы ўсе шасцёра!

– Усе шасцёра? Значыць, і мой конь бяжыць! – усхвалявана выгукнуў палкоўнік. – Але я не бачу яго. Маіх колераў яшчэ не было.

– Пяцёра ўжо выйшлі. Зараз, мусіць, будзе і ён.

На гэтых маіх словах магутны гняды конь вылецеў з загона і галопам прайшоўся міма нас, несучы на спіне жакея ў добра вядомых усім чорным і чырвоным колерах палкоўніка.

– Гэта не мой конь! – крыкнуў уладальнік. – У гэтага звера нідзе няма белай поўсці. Што вы зрабілі, містэр Холмс?

– Ну-ну, давайце паглядзім, як ён справіцца, – бесклапотна адказаў мой сябар.

Некалькі хвілін ён глядзеў у мой бінокль.

– Хораша! Цудоўны старт! – выгукнуў ён раптам. – Зараз яны ідуць на паварот!

З нашага экіпажа ўсё было выдатна бачна, калі яны выйшлі на прамую. Шэсць коней ішлі так шчыльна, што іх можна было ўсіх разам накрыць адным дываном, але напаўдарозе жоўтыя колеры Мэйплтана вырваліся наперад. Аднак яшчэ да таго як яны дайшлі да нас, Дэсбара здаў, і конь палкоўніка, рэзка вырваўшыся наперад, перасек фінішную лінію на добрыя шэсць корпусаў раней за суперніка, трэцяй з вялікім адрывам прыйшла Ірыда герцага Балмарала.

– У любым разе, я перамог, – выдыхнуў палкоўнік, правёўшы далонню па заплюшчаных вачах. – Але прызнаю, я зусім нічога не разумею. Вам не падаецца, што вы занадта доўга не раскрывалі вашую таямніцу, містэр Холмс?

– Вядома, палкоўнік, вы пра ўсё дазнаецеся. Давайце выйдзем і паглядзім на каня разам… Вось ён, – сказаў мой сябар, калі мы ўвайшлі ў загон, куды дапускаліся толькі ўладальнікі і іх сябры. – Вам трэба толькі працерці ягоныя лоб і нагу вінным спіртам, і вы ўбачыце, што гэта ўсё той жа Срэбны Месяц.

– У мяне няма словаў!

– Я знайшоў яго ў руках махляра і ўзяў на сябе смеласць пакінуць у такім выглядзе, як яго даставілі.

– Дарагі сэр, вы здзейснілі цуд. Конь выглядае вельмі здаровым і моцным. Ніколі ў жыцці ён яшчэ не выйграваў так прыгожа. Я прыношу вам тысячу прабачэнняў за свае сумневы ў вашых здольнасцях. Вы зрабілі мне вялікую ласку, знайшоўшы майго каня. І я буду абавязаны вам яшчэ больш, калі вы зможаце знайсці забойцу Джона Стрэйкера.

– Я ўжо знайшоў, – ціха адказаў Холмс. Палкоўнік і я агаломшана глядзелі на яго.

– Вы знайшлі яго? І дзе ж ён?!

– Ён тут.

– Тут! Дзе?

– Я стаю побач з ім.

Абураны палкоўнік пабарвавеў.

– Я разумею, што многім абавязаны вам, містэр Холмс, – сказаў ён, – але мушу сказаць, што гэтая заўвага – альбо вельмі дрэнны жарт, альбо абраза.

Шэрлак Холмс засмяяўся.

– Запэўніваю вас, палкоўнік, я не меў на ўвазе, што злачынства ўчынілі вы, – сказаў ён. – Сапраўдны забойца знаходзіцца за вашай спінай.

Ён зрабіў некалькі крокаў наперад і паклаў руку на глянцавую шыю скакуна.

– Конь?! – выгукнулі мы з палкоўнікам у адзін голас.

– Менавіта, конь. І ягоную віну можа змякчыць тое, што ён зрабіў гэта абараняючыся і што Джон Стрэйкер быў чалавекам, зусім не вартым вашага даверу. Але я чую званок і, паколькі спадзяюся на невялікі выйгрыш у наступным забегу, адкладу доўгія тлумачэнні на пазнейшы час.

На той вечар у нас былі заказаныя месцы ў пульманаўскі вагон*, бо мы спяшаліся ў Лондан, і мне думаецца, што зваротная дарога праляцела незаўважна і для палкоўніка Роса, і для мяне, бо мы прагна слухалі расказ майго кампаньёна пра падзеі, якія здарыліся на трэніровачных стайнях у Дартмуры ў панядзелак ноччу, і пра зачэпкі, якія дапамаглі Шэрлаку Холмсу раскрыць справу.

– Трэба прызнаць, – казаў ён, – што ўсе тэорыі, якія я выбудаваў, грунтуючыся на газетных рэпартажах, аказаліся памылковымі. Але там былі важныя дэталі, якія, на жаль, танулі ў завялікай колькасці другаснай інфармацыі. Я прыехаў у Дэваншыр, перакананы, што Фіцрой Сімпсан сапраўды вінаваты, хаця, натуральна, бачыў, што доказаў супраць яго ні ў якім разе не дастаткова. Якраз у экіпажы, калі мы пад’ехалі да дома трэнера, я зразумеў, як шмат значыла кары з бараніны. Вы, мусіць, памятаеце, што я быў засяроджаны на сваіх думках і застаўся сядзець у экіпажы, калі вы ўсе выйшлі. Я не мог даць сабе веры – як я мог праглядзець такі відавочны ключ да развязкі?

– Прызнаюся, – сказаў палкоўнік, – што не магу спасцігнуць, як нам дапамагае бараніна.

Перейти на страницу:

Похожие книги