Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Мой сябар кінуў гэтую інфармацыю быццам ненаўмысна, але я заўважыў, што ён падняў на мяне вочы праверыць, ці сачу я за яго разважаннямі.

– Вы думаеце, што ў чалавека справы ідуць добра, калі ён курыць сямішылінгавую люльку, – сказаў я.

– Гэта гросвенарская сумесь* па восем пенсаў за унцыю, – адказаў Холмс, пастукаўшы па люльцы, каб высыпаць крыху тытуню сабе на далонь. – А ён мог купіць выдатнае курыва за паўцаны, значыць, яму не трэба эканоміць.

– А іншыя пункты?

– У яго ёсць звычка прыкурваць люльку ад лямпаў і газавых гарэлак. Можна ўбачыць, што яна абвугленая знізу з аднаго боку. Вядома, запалка такога зрабіць не магла. Навошта трымаць запалку збоку ад люлькі? Але немагчыма запаліць люльку ад лямпы, не абвугліўшы галоўкі. І ўсё гэта з правага боку люлькі. Адсюль я раблю выснову, што яе ўладальнік – ляўшун. Паднясіце люльку да лямпы, і вы ўбачыце, як натуральна вы, праўшун, трымаеце яе з левага боку ад полымя. Вы можаце запаліць аднойчы іншым бокам, але ніяк не пастаянна. Тут жа заўсёды запальвалі адным чынам. Далей: ён пракусіў бурштынавы муштук. Гэта можа зрабіць моцны, энергічны мужчына з добрымі зубамі. Але калі не памыляюся, я чую яго на лесвіцы, так што зараз у нас будзе нешта цікавейшае для аналізу, чым ягоная люлька.

Праз імгненне дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшоў высокі малады чалавек. Ён быў у добрым, але някідкім цёмна-шэрым касцюме і трымаў у руцэ карычневы фетравы капялюш з шырокімі брылямі. Я даў бы яму каля трыццаці гадоў, хаця, відаць, насамрэч ён быў крыху старэйшы.

– Я прашу прабачэння, – ён нібы трохі саромеўся, – відаць, я мусіў пастукаць. Вядома, я мусіў пастукаць. Проста я крыху не ў гуморы, і вы, мабыць, асудзіце мяне, – ён правёў рукой па ілбе, як ледзь прытомны чалавек, і хутчэй упаў, чым сеў на крэсла.

– Бачу, вы не спалі ноч ці нават дзве, – сказаў Холмс у сваёй простай і геніяльнай манеры. – Гэта забірае больш нерваў, чым праца, і яшчэ больш, чым забавы. Дазвольце спытаць, чым я магу вам дапамагчы.

– Я хацеў папрасіць вашай парады, сэр. Я не ведаю, што рабіць, і здаецца, усё маё жыццё развальваецца на кавалкі.

– Вы хочаце наняць мяне як дэтэктыва-кансультанта?

– Не толькі. Я хачу пачуць вашае меркаванне як разважлівага чалавека, як чалавека, які ведае свет і людзей. Я хачу ведаць, што мне рабіць далей. Спадзяюся, вы зможаце мне нешта параіць.

Ён гаварыў кароткімі, вострымі, адрывістымі фразамівыбухамі, і было адчуванне, што ад кожнага слова яму балюча і ён толькі праз сілу прымушае сябе гаварыць.

– Гэта вельмі далікатная справа, – сказаў ён. – Цяжка расказваць пра сямейнае жыццё чужым людзям. Жудасна абмяркоўваць паводзіны жонкі з людзьмі, якіх дагэтуль ніколі не бачыў. І гэта жахліва, што даводзіцца такое рабіць. Але я ўжо дайшоў да мяжы, і мне вельмі патрэбная парада.

– Шаноўны містэр Грант Манро… – пачаў Холмс. Наш госць падскочыў з крэсла.

– Як? – ускрыкнуў ён. – Вы ведаеце маё імя?

– Калі вы хочаце заставацца інкогніта, – сказаў Холмс з усмешкай, – я б вам параіў не пісаць сваё імя на падкладцы капелюша або прынамсі трымаць яго верхам да суразмоўцы. Я збіраўся сказаць, што мой сябар і я чулі процьму дзіўных сакрэтаў у гэтым пакоі, і нам пашчасціла прыносіць спакой у многія ўстурбаваныя душы. Я думаю, мы здолеем дапамагчы і вам. Магу я вас папрасіць неадкладна пазнаёміць мяне з фактамі справы? Бо час можа гуляць супраць нас.

Наш госць ізноў правёў рукой па ілбе, нібыта яму здавалася, што яго чакае нешта надта складанае. Па яго жэстах і міміцы я мог зразумець, што ён быў стрыманым, негаваркім чалавекам, з пачуццём гонару – такі хутчэй будзе хаваць уласныя раны, чым выстаўляць іх напаказ. Затым ён раптоўна зрабіў энергічны жэст рукой, нібы адмёўшы стрыманасць, і пачаў:

– Справа такая, містэр Холмс, – сказаў ён. – Я жанаты, ужо тры гады. Увесь гэты час мы з жонкай моцна кахалі адно аднаго і жылі шчасліва, як ніхто іншы. Мы не разыходзіліся ў думках і ўчынках. Але раптам, з мінулага панядзелка, паміж намі нібы вырасла сцяна, і я думаю, у яе жыцці з’явілася нешта, што цяпер я ведаю пра яе так мала, нібыта яна – просты мінак на вуліцы. Мы аддаліліся, і я хачу ведаць, чаму.

Я хачу падкрэсліць адно, містэр Холмс, пакуль не пачаў далей: Эфі кахае мяне. У гэтым не можа быць сумневу. Яна кахае мяне ўсім сэрцам і душой і ніколі не кахала больш, чым цяпер. Я ведаю гэта. Я адчуваю гэта. Я не хачу спрачацца пра гэта. Мужчына заўжды ведае дакладна, ці кахае яго жанчына. Але паміж намі ёсць таямніца, і ўсё не можа быць як раней, пакуль я не даведаюся, што за яна.

– Містэр Манро, калі ласка, факты, толькі факты, – крыху нецярпліва сказаў Холмс.

Перейти на страницу:

Похожие книги