Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Звычайна я сплю вельмі добра. З мяне пастаянна жартавалі, што мне хоць у звон бі. Але чамусьці акурат той ноччу – не ведаю, таму, што я быў крыху ўсхваляваны сваёй невялікай прыгодай, ці не – але я спаў больш чуйна, чым звычайна. Дрэмлючы, я праз сон зразумеў, што ў пакоі нешта адбываецца, і паступова ўсвядоміў, што жонка адзелася і ўжо накідвае паліто і капялюш. Соннымі вуснамі я прамармытаў нешта са здзіўленнем і пратэстам супраць такіх няўчасных збораў, як раптам мае напаўрасплюшчаныя вочы заўважылі яе твар, асветлены полымем свечкі, і я анямеў ад здзіўлення. Такога выразу на яе твары я не бачыў ніколі ў жыцці – я нават не ўяўляў, што яна можа так выглядаць. Смяротна бледная, яна хутка дыхала, крадком пазіраючы на ложак, пакуль зашпільвала паліто, каб упэўніцца, што не пабудзіла мяне. Затым, думаючы, што я ўсё яшчэ сплю, яна бясшумна выслізнула з пакоя, і праз імгненне я пачуў рэзкі характэрны скрып – так рыпяць толькі петлі на ўваходных дзвярах. Я сеў на ложку і стукнуў касцяшкамі пальцаў па яго перакладзіне, каб упэўніцца, што сапраўды прачнуўся. Потым дастаў з-пад падушкі гадзіннік. Было тры гадзіны ночы. Якой трасцы рабіла мая жонка на вясковай дарозе а трэцяй ночы?

Хвілін дваццаць я прасядзеў, абдумваючы ўсё гэта і спрабуючы знайсці лагічнае абгрунтаванне. Але чым больш я думаў, тым больш дзіўнымі і невытлумачальнымі былі мае здагадкі. Я ўсё яшчэ быў у роздумах, калі пачуў, што дзверы зноў мякка адчыніліся, і яе крокі загучалі на лесвіцы.

«Эфі, дзе ты была?» – спытаў я, калі яна ўвайшла. Яна здрыганулася ад майго пытання і ўскрыкнула, цяжка дыхаючы, і гэты ўскрык і ўздрыгванне занепакоілі мяне больш, чым усё астатняе, бо акурат у гэтым адчувалася нейкая цьмяная віна. Мая жонка заўжды была шчырай, адкрытай жанчынай, і мяне прабраў холад, калі я ўбачыў, як яна крадком заходзіць у наш пакой, ускрыквае і ўздрыгвае, калі да яе звяртаецца ўласны муж.

«Джэк, ты прачнуўся! – выгукнула яна, нервова ўсміхнуўшыся. – Божа, я думала, цябе нічым не пабудзіш».

«Дзе ты была?» – паўтарыў я больш цвёрда.

«Я не пытаюся, чаму цябе гэта здзіўляе, – сказала яна, і я заўважыў, як дрыжаць яе пальцы, расшпільваючы паліто. – Божа, я не памятаю, каб раней са мной здаралася такое. Рэч у тым, што я адчула, што задыхаюся – і мне так захацелася падыхаць свежым паветрам. Я ўпэўненая, што страціла б прытомнасць, калі б не выйшла на двор. Я пастаяла ў дзвярах пару хвілін і цяпер зноў адчуваю сябе добра».

За ўвесь час, расказваючы мне гэта, яна ні разу не зірнула ў мой бок, і яе голас быў зусім не падобны да звычайнага. Было відавочна, што яна гаворыць няпраўду. Я нічога ёй не адказаў і з цяжкім сэрцам адвярнуўся да сцяны, а мае думкі былі поўныя ядавітых сумневаў і падазрэнняў. Што ж хавала ад мяне мая жонка? Дзе яна была падчас гэтай дзіўнай прагулянкі? Я адчуваў, што мне не будзе спакою, пакуль я не даведаюся адказу, і ўсё ж я пазбягаў зноў задаваць ёй пытанні, раз яна ўжо схлусіла. Рэшту ночы я круціўся і круціўся, выбудоўваючы тэорыю за тэорыяй – кожную горшую за папярэднюю.

На наступны дзень мне трэба было ў горад, але я быў такі ўсхваляваны, што проста не мог думаць пра справы. Жонка здавалася не менш засмучанай за мяне, і я мог бачыць па яе кароткіх запытальных позірках, якімі яна страляла ў мяне, што яна зразумела: я не паверыў ёй і цяпер яна не ведае, што рабіць. Мы перакінуліся толькі парай словаў за сняданкам, і я адразу пайшоў прагуляцца, каб усё абдумаць на свежым паветры.

Я дайшоў да Крыштальнага палаца, прабавіў гадзіну ў садзе і вярнуўся ў Норберы ў гадзіну дня. Здарылася так, што дарога павяла мяне міма катэджа, і на хвілю я спыніўся зірнуць у акно, каб убачыць, ці не пакажацца той дзіўны твар, які глядзеў на мяне наконадні. Я спыніўся, і – уявіце маё здзіўленне, містэр Холмс! – дзверы раптам адчыніліся, і з гэтага дома выйшла мая жонка.

Убачыўшы яе, я анямеў ад здзіўлення, але мае эмоцыі нічога не значылі ў параўнанні з тымі, што паказаліся на яе твары, калі нашы вочы сустрэліся. На імгненне здалося, нібыта яна хоча прашмыгнуць назад у дом, але затым, убачыўшы, наколькі бессэнсоўна было б хавацца, яна выйшла да мяне – бледная з твару, са спалоханымі вачыма, што надта супярэчыла ўсмешцы на вуснах.

«О Джэк, – сказала яна. – Я толькі зайшла спытаць, ці магу я чым дапамагчы нашым новым суседзям. Чаму ты так глядзіш на мяне, Джэк? Ты ж на мяне не злуешся?»

«Значыць, – сказаў я, – гэта сюды ты хадзіла ўначы?»

«Што ты гаворыш?!» – ускрыкнула яна.

«Ты прыходзіла сюды. Я ўпэўнены ў гэтым. Хто гэтыя людзі, што ты ходзіш да іх у такі час?»

«Я не хадзіла сюды».

«Як ты можаш казаць мне такое, ты ж ведаеш, што гэта хлусня! – крыкнуў я. – Твой голас змяняецца, калі ты гаворыш пра гэта. Ці былі калі-небудзь у мяне сакрэты ад цябе? Я зараз увайду ў гэты дом і высветлю, у чым тут справа».

«Не, не, Джэк, Богам прашу!» – задыхалася яна, не ў стане стрымліваць эмоцый.

А калі я пайшоў да дзвярэй, яна ўхапіла мяне за рукаво і сутаргава пацягнула назад.

Перейти на страницу:

Похожие книги