Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Кожны раз, калі я яго бачыў, ён быў даволі далёка ад мяне, таму тут немагчыма паклясціся.

– Аднак вы былі ім непрыемна ўражаныя.

– Мне здавалася, што ён нейкага ненатуральнага колеру, да таго ж нібыта здранцвелы. Калі я падыходзіў бліжэй, ён рэзка знікаў.

– Як даўно вашая жонка папрасіла сто фунтаў?

– Недзе з два месяцы таму.

– Вы бачылі фотаздымак яе першага мужа?

– Не, у Атланце, у хуткім часе пасля яго смерці, быў пажар, і ўсе яе паперы згарэлі.

– Але ў яе засталося пасведчанне аб смерці. Вы казалі, што бачылі яго.

– Так, пасля пажару яна атрымала дублікат.

– Вы ведаеце каго-небудзь, хто быў знаёмы з ёй у Амерыцы?

– Не.

– Ці гаварыла яна пра тое, каб зноў наведаць Амерыку?

– Не.

– Можа, яна атрымлівала адтуль лісты?

– Не.

– Дзякую. Зараз я хацеў бы крыху абдумаць справу. Калі цяпер у катэджы пастаянна пуста, будуць пэўныя цяжкасці. З іншага боку – што я лічу больш імаверным, – калі жыхароў папярэдзілі аб вашым прыходзе і яны сышлі да таго, як вы ўвайшлі ўчора, то сёння яны ўжо маглі вярнуцца, і мы з лёгкасцю ўсё гэта высветлім. Дазвольце параіць вам, такім парадкам, вяртацца ў Норберы і зноў праверыць вокны катэджа. Калі ў вас будуць падставы думаць, што ў ім нехта жыве, не трэба зноў прыходзіць да мяне – проста дашліце нам тэлеграму. Мы з сябрам прыедзем да вас не пазней як праз гадзіну пасля яе атрымання, і тады вельмі хутка дабяромся да сутнасці ў гэтай справе.

– А калі там зноў пуста?

– У такім выпадку я прыеду да вас заўтра, і мы абмяркуем усё. Да пабачэння і, галоўнае, не хвалюйцеся, пакуль дакладна не даведаецеся, што ў вас ёсць на гэта прычына.

– Баюся, Ўотсан, справа кепская, – сказаў мой кампаньён, правёўшы містэра Гранта Манро да дзвярэй. – Што вы можаце сказаць?

– Гучыць нявесела, – адказаў я.

– Тут мае месца шантаж, або я моцна памыляюся.

– А хто шантажыст?

– Думаю, гэта істота, што жыве ў адзіным утульным пакоі ў тым доме, там, дзе на каміннай паліцы стаіць фотаздымак. Шчыра кажучы, Ўотсан, ёсць нешта вельмі прыцягальнае ў гэтым васковым твары ў акне, і я нізашто не хацеў бы ўпусціць гэты выпадак.

– У вас ёсць тэорыя?

– Так, толькі папярэдняя. Але я буду здзіўлены, калі яна выявіцца памылковай. У доме жыве першы муж гэтай жанчыны.

– Чаму вы так думаеце?

– Як яшчэ можна патлумачыць шалёны страх, што яе другі муж увойдзе ў дом? Факты, як я іх бачу, гавораць вось што. Гэтая жанчына была замужам у Амерыцы. Выявілася, што ў яе мужа жудасны характар, ці, напрыклад, ён захварэў на нешта агіднае – можа, праказу – або звар’яцеў. Урэшце яна сыходзіць ад яго, вяртаецца ў Англію, змяняе імя і пачынае новае жыццё, як ёй здаецца. Яна замужам тры гады і верыць, што яе становішча даволі бяспечнае, паказвае мужу пасведчанне аб смерці нейкага выдуманага чалавека, чыё імя яна займела, – як раптам пра яе месцазнаходжанне даведваецца першы муж, або, можна меркаваць, нейкая беспрынцыповая жанчына, якая вырашыла звязацца з хворым чалавекам. Яны пішуць жонцы ліст з пагрозай прыехаць і выкрыць яе. Яна просіць сотню фунтаў і спрабуе адкупіцца ад іх. Нягледзячы на гэта, яны прыязджаюць, і калі муж выпадкова згадвае пры жонцы, што ў катэджы пасяліліся новыя суседзі, яна разумее, што гэта яе пераследнікі. Яна чакае, пакуль муж засне, а затым ідзе паспрабаваць упэўніць іх пакінуць яе ў спакоі. Не дамогшыся поспеху, яна зноў ідзе туды нараніцу, і муж сустракае яе, як ён нам і сказаў, калі яна выходзіць. Яна абяцае яму больш туды не наведвацца, але праз два дні надзея пазбавіцца ад гэтых жудасных суседзяў стала такой моцнай, што жанчына зрабіла новую спробу, узяўшы з сабой фотаздымак, які першы муж, магчыма, патрабаваў ад яе. Пасярод размовы служанка бяжыць у дом, каб паведаміць, што гаспадар вярнуўся, і жонка, разумеючы, што ён тут жа пойдзе ў катэдж, выводзіць жыхароў праз заднія дзверы, магчыма, у сасновы лясок, пра які згадвалі, што ён побач. Такім чынам, мужчына знаходзіць дом пустым. Аднак я вельмі здзіўлюся, калі ён застанецца такім і сёння. Што вы думаеце наконт маёй тэорыі?

– Гэта ўсё толькі здагадкі.

– Але яны пакрываюць усе факты. Калі нам дадуць новыя факты, якія нельга будзе пакрыць, у нас будзе час перагледзець тэорыю. А пакуль мы не атрымаем паведамлення з Норберы ад нашага сябра, нічога новага ў нас не з’явіцца.

Доўга чакаць нам не давялося. Паведамленне прыйшло як толькі мы дапілі гарбату. «Катэдж усё яшчэ арандуюць, – гаварылася ў ім. – Зноў бачыў твар у акне. Сустрэну цягнік а сёмай, нічога не раблю да вашага прыезду».

Калі мы выйшлі з цягніка, Грант Манро чакаў нас на платформе, і ў святле станцыйных ліхтароў мы ўбачылі, што ён вельмі бледны і яго проста трасе.

– Яны ўсё яшчэ тут, містэр Холмс, – сказаў ён, схапіўшы майго сябра за рукаво. – Я бачыў святло ў катэджы, калі ішоў сюды. Мы высветлім усё раз і назаўжды.

– Які ваш план? – спытаў Холмс, праходзячы паўз цёмную дарогу з дрэвамі паабапал.

– Я ўварвуся туды і на свае вочы ўбачу, хто жыве ў гэтым доме. Я хачу, каб вы двое былі сведкамі.

– Вы цалкам упэўненыя, што хочаце гэта зрабіць, нягледзячы на засцярогі вашай жонкі, што лепей не чапаць таямніцы?

– Так, я вырашыў.

Перейти на страницу:

Похожие книги