Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Зразумела! Што за справа гэтым разам?

– Усе дэталі – у цягніку. Мой кліент чакае нас знадворку ў кэбе. Вы можаце выехаць зараз жа?

– Дайце мне хвіліну! – я накрэмзаў цыдулку суседу, збегаў наверх, каб папярэдзіць жонку пра свой ад’езд, і дагнаў Холмса на парозе дома.

– Ваш сусед – таксама доктар, – сказаў ён, ківаючы на масянжовую шыльдачку.

– Так, ён выкупіў практыку, гэтак жа, як я.

– Даўнюю практыку?

– Такую ж, як мая. Дактары прымалі тут з часу пабудовы дамоў.

– Ну, то вам дасталася найлепшая з дзвюх.

– Святая праўда. Але як вы здагадаліся?

– Прыступкі, даражэнькі. Вашыя сцерліся на тры цалі глыбей, чым суседскія. Джэнтльмен у кэбе – мой кліент, містэр Хол Пайкрафт. Я вас зараз пазнаёмлю… Гані шпарчэй, чалавеча, цягнік вось-вось адыдзе!

Чалавек насупраць мяне ў экіпажы быў добра складзеным маладзёнам са светлай скурай, адкрытым, шчырым тварам і злёгку падкручанымі саламянага колеру вусікамі. На ім быў неверагодна бліскучы цыліндр і цёмна-шэры ахайны гарнітур, які выдаваў у ім энергічнага маладога жыхара Сіці, прадстаўніка класа, які атрымаў найменне кокні і даў нам больш жаўнераў-добраахвотнікаў, атлетаў ды спартсменаў, чым які-кольвек іншы клас на гэтых астравах. Яго круглае румянае аблічча свяцілася непадробнай бадзёрасцю, але ў апушчаных кутках вуснаў я прачытаў нешта накшталт паўкамічнай заклапочанасці. Але толькі калі мы пагрузіліся ў вагон першага класа і нашае падарожжа ў Бірмінгем пачалося, я змог даведацца, што прывяло яго да Шэрлака Холмса.

– Ехаць нам гадзіну дзесяць хвілінаў, – зазначыў Холмс, – Я прашу вас, містэр Пайкрафт, расказаць майму сябру пра ваш найцікавейшы выпадак гэтак жа, як вы зрабілі надоечы, і па магчымасці нават падрабязней. Мне будзе карысна яшчэ раз прасачыць чараду падзеяў. Гэтая гісторыя можа аказацца надзвычай плённай або абсалютна пустою, але яна прынамсі неверагодна займальная, што вабіць вас, дарагі доктар, не менш, чым мяне. Усё, містэр Пайкрафт, я вас больш не перапыняю.

Наш малады спадарожнік бліснуў вачыма, звярнуўшыся да мяне:

– Самы жах, – пачаў ён, – што гэтая гісторыя выстаўляе мяне тым яшчэ дурнем. Вядома ж, усё, можа, і абыдзецца, і я наўрад ці мог зрабіць іначай; але ж калі выявіцца, што я страціў месца і не прыдбаў нічога ўзамен – то так мне, цюхцяю, і трэба! Апавядальнік з мяне няважны, доктар Ўотсан, але было ўсё прыкладна гэтак.

Я служыў у канторы «Коксан і Вудхаўс» у ДрэйперГардэнс, аднак гэтай вясною яны збанкрутавалі праз венесуэльскую пазыку*, пра якую, вы, імаверна, чулі. Адным словам, фірма развалілася. Я быў з імі пяць гадоў, і стары Коксан даў мне проста шыкоўныя рэкамендацыі, але, ясна, усе мы, клеркі, апынуліся на вуліцы, усе дваццаць сем чалавек. Я быў сунуўся сюды, туды, але ўсюды хапала мальцаў з маёй кваліфікацыяй, таму доўгі час з працай у мяне быў поўны швах. У Коксана я атрымліваў тры фунты на тыдзень, і мне ўдалося адкласці каля сямідзесяці, але даволі хутка я праеў гэтыя ашчаджанні. Я ўжо ледзь зводзіў канцы з канцамі, мне не ставала грошай нават на маркі, каб пісаць па аб’явах, і на канверты, куды трэба было ляпіць тыя маркі. Я знасіў чаравікі, абіваючы парогі кантораў, але быў гэтак жа далёкі ад найму, як увесну.

Нарэшце я адшукаў вакансію ў канторы «Моўсан і Ўільямсы», вялікай біржавой фірме на Ломбардстрыт. Думаецца, вы нячасты госць ва Усходнім Чыпсайдзе, але даю вам зуб – гэта найбагацейшы банк ва ўсім Лондане. Яны прымалі паперы выключна па пошце. Я даслаў ім сваю заяўку і рэкамендацыі, не спадзеючыся на адказ. Аднак неўзабаве я атрымаў ліст, дзе значылася, што я магу прыйсці да іх у панядзелак і прыступіць да службы, калі мой выгляд не будзе выклікаць пярэчанняў. Ніхто не ведае, як гэта працуе. Кажуць, кіраўнік проста засоўвае руку ў стос лістоў і выцягвае першы-лепшы. Так ці іначай, мне выпаў шчаслівы білет, вы можаце ўявіць маю радасць. У Моўсана клалі на фунт больш, чым у Коксана, а абавязкі былі амаль тымі ж.

Тут і пачалося самае няяснае ва ўсёй справе. Я быў у сябе на кватэры, у Хэмпстэдзе, на Потэрс-тэрэс, 17. Проста сядзеў, курыў цыгару, як і штовечар пасля таго, як атрымаў месца. І тут увайшла мая гаспадыня з візітоўкай, на якой было выціснута: «Артур Пінэр, фінансавы агент». Я ніколі не чуў такога імені і нават уявіць не мог, што гэтаму мальцу ад мяне трэба, але, зразумела, прыняў яго. І вось ён увайшоў, чалавек сярэдняга росту, з цёмнымі валасамі, цёмнымі вачыма, чорнай барадой і крыху ільсняным кончыкам носа. Ён трымаўся бадзёра і гаварыў адрывіста, як чалавек, які ведае цану часу.

– Містэр Хол Пайкрафт, мяркую? – сказаў ён.

– Ён самы, сэр! – адказаў я, пасоўваючы да яго крэсла.

– Колішні супрацоўнік «Коксан і Вудхаўс»?

– Дакладна.

– А цяпер наняты Моўсанам?

– Кшталту таго.

– Што ж, – сказаў ён, – адразу да справы. Я чуў шмат выключных водгукаў пра вашыя здольнасці фінансіста. Вы памятаеце Паркера, кіраўніка ў Коксана? Ён вас моцна расхвальваў.

Зразумела, мне было прыемна чуць гэта. Я заўсёды быў спрытным службоўцам, але і марыць не мог, каб пра мяне ў Сіці хадзіла такая пагалоска.

– Ці добрая ў вас памяць? – спытаўся ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги