Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Вось і ўся мая з ім размова, наколькі я магу ўспомніць. Уявіце сабе, доктар Ўотсан, як мяне ўсцешыў такі незвычайны фарт! Я прабавіў палову ночы ў радасных прадчуваннях і ўжо назаўтра выехаў у Бірмінгем на цягніку, які прыходзіў туды значна раней за гадзіну дня. Я пакінуў багаж у гатэлі на Нью-стрыт, пасля чаго выправіўся па дадзеным мне адрасе.

Я прыйшоў на пятнаццаць хвілін раней, але вырашыў, што гэта нястрашна. 126б аказаўся пасажам паміж двума вялікімі складамі, у яго канцы адкрываліся вітыя каменныя сходы, на якія выходзіла шмат памяшканняў, здадзеных пад канторы розным кампаніям або рамеснікам. Імёны арандатараў былі намаляваныя фарбай на сцяне ўнізе сходаў, але пра Франка-Мідлэндскую скабяную кампанію не было ані згадкі. Усё ўва мне абарвалася.

Я стаяў там, раздумваючы, ці не зрабіўся ахвярай нейкага вышуканага розыгрышу, як раптам мяне аклікнуў чалавек. Ён быў вельмі падобны да мальца, які прыходзіў да мяне напярэдадні, але быў гладка паголены і валасы меў святлейшыя.

– Містэр Хол Пайкрафт, я мяркую? – спытаўся ён.

– Ён самы, – адказаў я.

– О, я чакаў вас, але вы прыйшлі крыху раней за прызначаны час. Сёння зранку я атрымаў паведамленне ад брата, які вельмі высока цэніць вас як прафесіянала.

– Я акурат шукаў кантору, калі вы падышлі.

– Мы не паспелі змясціць шыльду на ўваходзе, бо толькі на мінулым тыдні арандавалі гэты часовы прытулак для нашага прадпрыемства. Хадзем за мной, абмяркуем нашыя справы.

Я ўзняўся за ім на самы верх высачэзных сходаў, і мы ўвайшлі ў памяшканне, якое складалася з маленькіх мансардных каморак, пыльных і неабстаўленых. Я ўяўляў сабе вялізную кантору з шэрагам бліскучых сталоў і арміяй клеркаў, як было ў нас у Лондане, а пабачыў толькі два сасновыя крэслы і невялічкі стол. Канцылярская кніга на стале ды кош на смецце – вось і ўсё абсталяванне пакоя.

– Бачу вашае расчараванне, містэр Пайкрафт, – сказаў мой новы знаёмец. – Але не адразу Рым будаваўся, да таго ж мы не прызвычаіліся дэманстраваць заможнасць праз раскошныя канторы. Прашу вас, сядайце і пакажыце ліст, які вам уручылі.

Я падаў яму ліст, і ён уважліва прачытаў яго.

– Бачу, вы зрабілі не абы-якое ўражанне на майго брата, – сказаў ён, – а Артур – строгі суддзя. Яго ўпадабаннямі, праўда, кіруе пампезны дзелавы Лондан, а маімі – сціплы індустрыяльны Бірмінгем, але гэтым разам я яму даверуся. Віншую, вас прынялі на працу!

– Якія мае абавязкі? – спытаўся я.

– З часам вы ачоліце буйную філію ў Парыжы, якая навадніць ангельскім фаянсам крамы ста трыццаці чатырох нашых прадстаўнікоў у Францыі. Праз тыдзень мы скончым закупкі, а да таго часу вы застаняцеся ў Бірмінгеме і будзеце карысныя нам тут.

– Якім чынам?

Замест адказу ён выцягнуў са стала вялікую чырвоную кнігу.

– Вось даведнік Парыжа, – сказаў ён, – тут значацца імёны гандляроў. Калі ласка, выпішыце імёны і адрасы ўсіх гандляроў скабянымі вырабамі. Гэта мне вельмі дапаможа ў далейшай працы.

– Няўжо няма гатовых рэестраў? – спытаўся я.

– Ёсць, але яны не вартыя даверу. Сістэма французаў адрозніваецца ад нашай. Праглядзіце ўсё гэта і прадстаўце мне спісы ў панядзелак а дванаццатай. Усяго найлепшага, містэр Пайкрафт. Калі вы будзеце дэманстраваць імпэт і кемлівасць, кампанія адплаціць вам узаемнасцю.

Я вярнуўся ў гатэль з цяжэзнай кнігай пад пахай і супярэчлівымі пачуццямі. З аднаго боку, у мяне была праца і сто фунтаў задатку, з іншага – не даваў спакою выгляд канторы, адсутнасць шыльды і іншыя дробязі, праз якія дзелавы чалавек не мог скласці добрага ўяўлення пра статус маіх новых працадаўцаў. Аднак дзявацца не было куды, мне ўжо заплацілі, таму я ўзяўся выконваць даручэнне Пінэра. Я аддана працаваў усю нядзелю, і тым не менш зранку ў панядзелак скончыў толькі літару «І». Я пайшоў да працадаўцы, знайшоў яго ў тым жа катуху, па якім плакаў рамонт, і атрымаў загад працягваць працу і прыйсці з вынікамі ў сераду. Але і ў сераду нічога не было дароблена, я папрасіў адтэрміноўку да пятніцы і ў пятніцу – то бок учора – прынёс спісы містэру Гары Пінэру.

– Вялікі вам дзякуй, – сказаў ён, – баюся, я недаацаніў складанасць задання. Але гэтыя спісы мне сапраўды ўскрай неабходныя!

– Так, давялося папрацаваць, – сказаў я.

– А цяпер, – сказаў ён, – я хачу, каб вы зрабілі спіс мэблевых крамаў, бо ўсе яны прадаюць посуд.

– Будзе зроблена.

– Прыходзьце заўтра а сёмай вечара і паведаміце, як у вас усё рухаецца. Толькі не перагружайце сябе. Пару гадзін у мюзік-холе вечарам не зашкодзяць вам пасля ўсіх цяжкасцяў працоўнага дня.

Сказаўшы гэта, ён рассмяяўся, і я з жахам пабачыў у ягоным зубе крыва зробленую залатую пломбу.

Шэрлак Холмс задаволена пацёр рукі, а я здзіўлена паглядзеў на нашага кліента.

Перейти на страницу:

Похожие книги