Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Я бачу, вы агаломшаныя, містэр Ўотсан, але вось у чым рэч, – сказаў той. – Размаўляючы з іншым мальцам, у Лондане, калі той выскаляўся наконт таго, ісці мне да Моўсана ці не, я прыкмеціў у яго зуб акурат з гэткаю ж залатой пломбай! Разумееце, у абодвух выпадках я зачапіў вокам выбліск каштоўнага металу. І калі ўзяць да ўвагі аднолькавыя голас і фігуру і адкінуць тое, што можна лёгка змяніць з дапамогай брытвы і парыка… Не было сумневаў: у Лондане і Бірмінгеме быў адзін і той жа чалавек! Вядома ж, можна чакаць фамільнага падабенства паміж братамі, але аднолькавыя пломбы ў тым жа зубе… Ён ветліва праводзіў мяне, і я апынуўся на вуліцы, сам не свой ад пераляку. Я вярнуўся ў гатэль, засунуў галаву ў таз ледзяной вады і паспрабаваў усё як след абмазгаваць. Навошта ён вывез мяне з Лондана? Чаму прыехаў раней за мяне? І навошта напісаў сам сабе ліст? Усё гэта разам было для мяне занадта, я не мог зразумець, што тут да чаго. І тут мяне азарыла: тое, што для мяне – цёмны лес, можа быць вельмі простым для Шэрлака Холмса. Я акурат паспеў на начны да Лондана, каб нанесці яму візіт сёння зранку, і вось мы ўсе разам едзем у Бірмінгем.

Калі біржавы клерк скончыў свой дзіўны аповед, павісла паўза. Потым Шэрлак Холмс ускінуў на мяне вочы, адкінуўся на вагонныя падушкі з выразам твару задаволеным, але адначасова крытычным, нібы знаўца, які толькі што зрабіў першы глыток калекцыйнага віна.

– Ці не цуд, Ўотсан? – сказаў ён. – Ёсць тут сёе-тое надзвычай цікавае для мяне. Я думаю, вы пагодзіцеся, што нам з вамі прынясе невычарпальную прыемнасць спроба наняцца на працу да містэра Артура-Гары Пінэра ў часовым офісе Франка-Мідлэндскай скабяной кампаніі.

– Але як мы туды трапім?

– Няма нічога прасцейшага! – бадзёра сказаў Хол Пайкрафт. – Вы – мае сябры, якія шукаюць працу, і няма нічога падазронага ў тым, што я прывяду вас да генеральнага.

– Так мы і зробім, – сказаў Холмс. – Мне трэба зірнуць на гэтага джэнтльмена, каб зразумець, што за гульню ён вядзе. Якія вашыя якасці, мой юны дружа, зрабілі вас карысным для ягонага прадпрыемства? Або ўся справа ў… – тут ён пачаў грызці пазногці і невыразна пазіраць у акно, і мы не змаглі выцягнуць з яго ні слова, пакуль не апынуліся на Нью-стрыт.

А сёмай вечара мы ўтрох ужо накіроўваліся па Карпарэйшн-стрыт у бок загадкавай канторы.

– Няма сэнсу з’яўляцца раней за прызначаны час, – сказаў наш кліент. – Пінэр, відавочна, прыходзіць туды толькі каб сустрэцца са мной, бо да таго пакой пустуе.

– Гэта нагода для развагаў, – зазначыў Холмс.

– О Госпадзе, што я казаў! – закрычаў клерк. – Вось жа ён, наперадзе нас!

Ён паказаў на дробную, кепска асветленую паставу добра апранутага чалавека, які спяшаўся кудысьці па супрацьлеглым ходніку. Калі мы паглядзелі на яго, чалавек акурат звярнуў увагу на хлопчыка, які размахваў свежым выпускам вечаровай газеты, і, кідаючыся пад кэбы і омнібусы, купіў асобнік. Потым, сціснуўшы газету ў руцэ, збочыў у пасаж.

– Вось ён! – усклікнуў Хол Пайкрафт. – Толькі што ўвайшоў у памяшканне кампаніі. Хадзем за мной, і я абстаўлю вашае з’яўленне як найлепш.

Следам за клеркам мы ўскараскаліся на пяты паверх, дзе пабачылі прачыненыя дзверы, у якія наш кліент і пагрукаў. Голас знутры запрасіў нас увайсці, і мы зайшлі ў пусты неабстаўлены пакой, як яго і апісваў Хол Пайкрафт. За самотным сталом сядзеў чалавек, якога мы бачылі на вуліцы, перад ім была раскладзеная газета, і калі ён зірнуў на нас, мне здалося, што ніколі ў жыцці я не бачыў позірку, больш поўнага горам і чымсьці большым за гора – такім жахам, які зазнае мала хто на зямлі. На лобе чалавека праступіў пот, шчокі былі мярцвяна-бледныя, як жывот рыбіны, вочы выкаціліся і блішчэлі дзікім бляскам. Ён паглядзеў на свайго клерка так, нібы бачыў яго ўпершыню, і па здзіўленым твары нашага правадніка я зразумеў, што гэта было нетыповым выглядам яго працадаўцы.

– Містэр Пінэр, вы не захварэлі? – выгукнуў Пайкрафт.

– Так, мне нядобра, – быў адказ. Нашаму суразмоўцу спатрэбіліся высілкі, каб сабрацца, ён аблізаў сухія вусны перад тым, як працягнуць. – Што з вамі за джэнтльмены?

– Маю гонар рэкамендаваць містэра Харыса з Бермандсі, а таксама містэра Прайса, тутэйшага, – красамоўна пачаў клерк. – Гэта мае сябры і надзвычай дасведчаныя джэнтльмены, але яны часова без працы і спадзяюцца адшукаць адкрытыя вакансіі ў вашай кампаніі.

– Чаму ж не, чаму ж не! – адказаў містэр Пінэр, старанна скрывіўшы вусны ва ўсмешцы. – Так, без сумневу, сёе-тое ў нас знойдзецца. Містэр Харыс, вашая спецыяльнасць?

– Я бухгалтар, – адказаў Холмс.

– О так, бухгалтары нам спатрэбяцца. А вы, містэр Прайс?

– Я клерк, – адказаў я.

– Ёсць вялікі шанец, што кампанія мае для вас вакансію. Я паведамлю, як толькі мы нешта вырашым. А цяпер вам лепш сысці. Дзеля Бога, пакіньце мяне аднаго!

Апошнія словы вырваліся ў яго мімаволі, вытрымцы, рэшткі якой ён усё яшчэ спрабаваў нацягнуць на сябе, відавочна прыйшоў канец. Холмс і я пераглянуліся, а Хол Пайкрафт зрабіў крок да стала.

– Містэр Пінэр, вы забылі, што прызначылі мне сустрэчу, каб даць распараджэнні.

Перейти на страницу:

Похожие книги