Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

«Адчайная спроба рабунку, якая пацягнула за сабою смерць чалавека і арышт злачынцы, мела месца сёння ўдзень у Сіці. Ужо некаторы час «Моўсан і Ўільямсы», вядомы фінансавы дом, захоўвае каштоўныя паперы на агульную суму больш за мільён фунтаў стэрлінгаў. З увагі на гэта кіраўніцтва банка адказна падышло да бяспекі. Паперы змясцілі ў сейфы найноўшай канструкцыі, будынак дзень і ноч вартаваў узброены ахоўнік. Як стала вядома, на мінулым тыдні прадпрыемствам быў наняты новы клерк па імені Хол Пайкрафт. Пад гэтым імем хаваўся не хто іншы, як Бэдынгтан, вядомы злодзей і ўзломшчык, які на пару са сваім братам толькі нядаўна выйшаў на волю пасля пяці гадоў катаргі. Пакуль няясна, як, але яму ўдалося трапіць у банк пад выдуманым імем. Атрымаўшы доступ у кантору, зламыснік зрабіў копіі ўсіх магчымых замкоў і вывучыў месцазнаходжанне сховішча і сейфаў.

У суботу клеркі Моўсанаў пакідаюць працоўныя месцы роўна апоўдні. Таму сяржант Т’юсан, патрульны, які дзяжурыў у Сіці, здзівіўся, калі пабачыў, як чалавек з мяшком спускаецца па прыступках у дваццаць хвілінаў на першую. Ахоплены падазрэннямі, сяржант прасачыў за невядомым. Яму ўдалося здзейсніць арышт з дапамогай канстэбля Полака, нягледзячы на адчайны супраціў злачынцы. Адразу зрабілася ясна, што меў месца дзёрзкі і грандыёзны рабунак. У мяшку былі знойдзеныя акцыі амерыканскай чыгункі на суму ў амаль сто тысячаў фунтаў, акцыі капальняў і іншыя каштоўныя паперы.

Падчас вобшуку банка паліцыя знайшла цела гаротнага ахоўніка. Яго склалі напалам і запхнулі ў адзін з сейфаў. Калі б не смелыя дзеянні сяржанта Т’юсана, цела праляжала б там да панядзелка. Чэрап мужчыны быў праламаны ўдарам качаргі ззаду. Няма сумневу, што Бэдынгтан зайшоў у офіс, зрабіўшы выгляд, нібы забыўся на штосьці. Забіўшы ахоўніка, ён спрытна ўзламаў вялікі сейф, а потым пачаў уцякаць са здабычай. Паводле апошніх звестак, яго брат, які звычайна працуе з ім на пару, гэтым разам у справе не фігураваў, хоць паліцыя прыкладае ўсе намаганні, каб высветліць ягонае месцазнаходжанне…»

– Што ж, адносна апошняга мы зробім паліцыі невялічкую паслугу, – сказаў Холмс, зірнуўшы на знясіленага мужчыну, які курчыўся каля акна. – Прырода чалавека – дзіўная сумесь, Ўотсан. Як можна пабачыць, нават злодзей і забойца можа выклікаць такую прывязанасць, што чалавек спрабуе засіліцца, зразумеўшы, што ягонага роднага брата чакае шыбеніца. Аднак рабіць няма чаго. Доктар і я застанемся тут на варце, містэр Пайкрафт, а вы зрабіце ласку – спусціцеся і паклічце паліцыю.

Пераклала Марыя Мартысевіч

«Глорыя Скот»

– У мяне тут сякія-такія паперы… – сказаў аднойчы мой сябар Шэрлак Холмс, калі зімовым вечарам мы сядзелі з ім па баках ад каміна. – Мяркую, Ўотсан, вам было б нядрэнна на іх зірнуць. Гэтыя дакументы датычаць вельмі адметнай справы «Глорыі Скот». А вось запіска, якая звяла ў магілу міравога суддзю Трэвара. Ён памёр ад жаху, прачытаўшы яе.

Перейти на страницу:

Похожие книги