Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– А як жа, сэр, я ведаю, дзе ўсе мае старыя прыяцелі, – адказаў госць, усё гэтак жа непрыемна пасміхаючыся, і пацягнуўся за пакаёўкай на кухню.

Містэр Трэвар штосьці прамармытаў нам пра сваё таварышаванне з гэтым чалавекам яшчэ да залатых капальняў. Потым ён скіраваўся ў дом, а мы засталіся на дварэ. Калі праз гадзіну мы таксама зайшлі ў будынак, то пабачылі, што Трэвар напіўся да непрытомнасці і ляжыць на канапе ў гасцёўні. Гэты выпадак непрыемна ўразіў мяне, і я ні кроплі не шкадаваў, калі наступнага дня паехаў з Даніторпа, каб болей не турбаваць майго сябра.

Усё гэта здарылася ў першы месяц доўгіх вакацыяў. Я вярнуўся ў сваю лонданскую кватэру і сем тыдняў прабавіў за эксперыментамі ў арганічнай хіміі. Але аднойчы, калі ўжо надышла восень і вакацыі амаль скончыліся, прыйшла тэлеграма, у якой сябар вельмі прасіў мяне зноў прыехаць у Даніторп, бо меў вялікую патрэбу ў маіх парадах і дапамозе. Натуральна, што я кінуў усе справы і яшчэ раз выправіўся ў паўночным кірунку.

На станцыі Віктар сустрэў мяне на двухмесным экіпажы, і я адразу заўважыў, якімі цяжкімі сталі для яго прамінулыя два месяцы. Ён змарнеў і выглядаў стомленым, страціўшы ўласцівую яму вясёлую гаманлівасць.

– Бацька памірае, – гэта былі першыя словы, якія ён мне сказаў.

– Не можа быць! – выгукнуў я. – Што з ім здарылася?

– Апаплексічны ўдар, нервовае ўзрушэнне. Увесь дзень ён вельмі слабы. Не ведаю, ці заспеем мы яго жывым.

Як вы можаце здагадацца, Ўотсан, мяне скаланула ад такіх нечаканых навінаў.

– Але ад чаго гэта ўсё? – спытаў я.

– О, вам варта пра гэта паслухаць. Сядайце ў экіпаж, пагаворым па дарозе. Памятаеце чалавека, які прыйшоў да нас у вечар перад вашым ад’ездам?

– Памятаю вельмі добра.

– Ведаеце, каго мы тады пусцілі ў дом?

– Каго ж?

– Сапраўднага д’ябла, Холмс! – выгукнуў ён. Я паглядзеў на яго агаломшана.

– Сапраўды, гэта было д’ябальскае насенне. Мы больш не мелі спакойнай часіны. Бацька з таго вечара не падымаў галавы, а цяпер ён пры смерці пасля ўсіх пакутаў, і ўсё праз гэтага клятага Хадсана.

– Дык як ён уплываў на вашага бацьку?

– Я б шмат аддаў, каб даведацца. Сардэчны, дабрадзейны, мой дарагі стары бацька. Як ён мог падпасці пад уплыў такога злачынца? Але я так рады, што вы прые халі, Холмс. Я вельмі давяраю вашаму меркаванню і розуму, ведаю, што вы кепскага не параіце.

Мы імчалі роўнай і светлай прасёлкавай дарогай, перад намі ў чырвоным святле вечаровага сонца сцяліліся разлогі Броўдса. Праз дрэвы па левы бок дарогі я мог бачыць высокія дымаходы і флагшток сядзібы міравога суддзі.

– Бацька зрабіў гэтага чалавека садоўнікам, – сказаў мой таварыш, – а потым, паколькі той застаўся незадаволеным, яго падвысілі да дварэцкага. Цяпер ён мог рабіць у доме ўсё, што хацеў, чым і займаўся. Пакаёўкі скардзіліся на яго п’янства і брыдкаслоўе. Тата ўсім падняў плату за службу, каб кампенсаваць раздражненне ад тых выхадак. Гэты чалавек мог узяць бацькаву лодку і найлепшую стрэльбу, каб пабавіцца паляваннем. І ўсё з такой мярзотнай усмешачкай і нахабствам, што калі б ён быў майго веку, я б ужо дваццаць разоў яго пабіў. Кажу вам, Холмс, мне даводзілася з усіх сіл стрымлівацца ўвесь гэты час, і цяпер я пытаю сябе, ці не зрабіў бы я як наймудрэй, калі б усё-ткі не стрымаўся.

Справы нашыя ішлі ад кепскага да горшага, гэтая жывёліна Хадсан рабіўся ўсё больш дакучлівым, пакуль нарэшце, пасля таго як ён дазволіў сабе нагрубіць бацьку ў маёй прысутнасці, я не ўзяў хама за плечы і не вывеў прэч.

Твар у яго пры гэтым быў барвовы ад злосці, погляд люты, думаю, вочы перадавалі яшчэ больш нянавісці, чым мог бы выказаць язык. Не ведаю, што і як ён казаў майму бацьку пасля гэтага, але наступнага дня бацька папрасіў мяне зрабіць ласку і выбачыцца перад Хадсанам. Як можаце здагадацца, я адмовіўся і спытаў бацьку, як можа ён дараваць гэткаму шэльму такія вольнасці ў дачыненні да сябе і ўсіх, хто ў доме.

– О, мой хлопчык, – адказаў ён мне. – Разумею, як гэта выглядае, проста ты не маеш уяўлення пра маё становішча. Але ты даведаешся, Віктар. Бачу, што мусіш даведацца, і хай будзе, што будзе. Ты ж не дасі веры, калі пра твайго старога бедака-бацьку скажуць дурное, праўда ж, сын?

Кажучы гэта, ён быў вельмі ўзрушаны. Потым зачыніўся ў кабінеце на цэлы дзень, і я бачыў праз акно, што ён штосьці піша.

Тым вечарам здарылася нешта, што, як на мяне, мусіла прынесці вялікую палёгку. Хадсан заявіў, што пакідае нас. Ён зайшоў у гасцёўню, калі мы вячэралі, і грубым прапітым голасам паведаміў пра свой намер.

– Хопіць з мяне Норфалка, – сказаў ён. – Паеду пабачуся з містэрам Бедоўсам ў Хэмпшыры. Мяркую, ён будзе гэтак жа рады сустрэчы са мною, як і вы.

– О, калі ласка, не пакідайце нас, Хадсан, – сказаў мой бацька так пакорліва, што гэта прымусіла маю кроў ускіпець.

– А вунь ён у мяне прабачэння не папрасіў, – кіўнуўшы на мяне, буркнуў Хадсан.

– Віктар, прызнай жа, што груба паводзіўся з гэтым годным чалавекам, – сказаў тата, павярнуўшыся да мяне.

– Якраз наадварот: думаю, мы абодва выказвалі надзвычайную цярплівасць да яго, – адказаў я.

Перейти на страницу:

Похожие книги