Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Як толькі вы гэта сказалі, я згадаў, што мой бедны бацька штовосень атрымліваў ад яго запрашэнне на паляванне ў ягоных угоддзях.

– Ну, то ліст пэўна даслаў ён, – сказаў я. – Нам засталося толькі даведацца, у чым той сакрэт, з дапамогай якога марак Хадсан займеў уладу над двума заможнымі і паважанымі людзьмі.

– Баюся, Холмс, гэта штосьці непрыстойнае і ганебнае! – мой сябар не мог стрымаць слёз. – Але ад вас у мяне няма сакрэтаў. Вось ліст, які напісаў бацька, калі даведаўся, што помсты Хадсана не пазбегнуць. Я знайшоў яго ў японскім кабінеце, як і сказаў доктар. Вазьміце і прачытайце мне, бо сам я не маю ні сіл, ні адвагі на гэта.

Гэтыя паперы ён перадаў мне, Ўотсан, і я прачытаю іх вам, як прачытаў яму тым вечарам у старым кабінеце. Як бачыце, на тытульнай старонцы напісана: «Некаторыя акалічнасці рэйса карабля «Глорыя Скот», які выйшаў з Фалмута 8 кастрычніка 1855 г. і затануў на пятнаццаці градусах дваццаці хвілінах паўночнай шыраты і дваццаці пяці градусах чатырнаццаці хвілінах заходняй даўгаты». Напісана ўсё ў форме ліста і гучыць так: «Мой дарагі, любы сын, цяпер, калі ў канцы дзён жыццё маё азмрочанае пагрозай знявагі, я пішу з усёй магчымай праўдзівасцю і шчырасцю, што ні пераслед закону, ні страта рэпутацыі ў графстве, ні маё падзенне ў вачах усіх, хто мяне ведае, не раніць маё сэрца – а толькі думка, што табе давядзецца чырванець ад сораму за мяне, табе, хто любіць мяне і ў каго, я спадзяюся, рэдка была нагода для чагосьці, апроч павагі. Але калі ўдар, пагроза якога вісела нада мною ўсё жыццё, усё-ткі мяне спасцігне, я хачу, каб ты гэта прачытаў, каб ведаў менавіта ад мяне, наколькі я вінаваты. Але з іншага боку, калі нягода нас абміне (а літасцівы Бог можа ўсё), а гэтыя паперы захаваюцца і трапяць у твае рукі, заклінаю цябе ўсімі святымі, памяццю тваёй мілай маці і нашай з табой любоўю: кінь іх у агонь і больш ніколі не згадвай.

Калі табе даводзіцца чытаць гэта, значыць, я ўжо выкрыты і вымушаны пакінуць свой дом ці, што больш імаверна, бо ты ведаеш, што сэрца маё слабае, пячатка смерці легла на мае вусны назаўжды. У любым разе час таямніц мінуў, і кожнае слова, напісанае мной для цябе, – гэта голая праўда, у гэтым я клянуся, бо спадзяюся на тваё дараванне.

Завуць мяне, мой дарагі хлопчык, не Трэвар. У маладыя гады я зваўся Джэймсам Армітэджам, і ты можаш уявіць маю агаломшанасць, калі некалькі тыдняў таму твой сябар з каледжа звярнуўся да мяне са словамі, якія маглі азначаць, што мой сакрэт яму вядомы. Пад імем Армітэдж я некалі паступіў на службу ў адзін з лонданскіх банкаў і пад імем Армітэдж быў абвінавачаны ў парушэнні законаў маёй краіны і прыгавораны да высылкі. Не судзі мяне строга, хлопчык. Я мусіў сплаціць, як кажуць, доўг гонару і для гэтага скарыстаўся не сваімі грашыма, перакананы, што змагу іх вярнуць да таго, як заўважаць іх знікненне. Але ўдача была не на маім баку. Я так і не атрымаў грошай, на якія разлічваў, а датэрміновая праверка рахункаў выявіла нястачу. Той выпадак маглі б разгледзець і паблажліва, але трыццаць гадоў таму законаў датрымліваліся больш жорстка, чым цяпер, і ў дзень, калі мне споўнілася дваццаць тры, мяне ў кайданах разам з яшчэ трыццаццю сямю асуджанымі пагрузілі на двухпалубны барк* «Глорыя Скот», каб адправіць у Аўстралію.

Гэта быў тысяча восемсот пяцьдзясят пяты год, самы разгар Крымскай вайны, і былыя караблі для катаржнікаў шырока выкарыстоўваліся як транспартныя ў Чорным моры. Адпаведна, для перавозкі вязняў дзяржава была вымушаная задзейнічаць меншыя па памеры і менш прыдатныя для гэтай мэты судны. Раней «Глорыя Скот» вазіла з Кітая чай, але карабель быў састарэлай мадэлі, непаваротлівы і зашырокі, таму новыя кліперы хутка выцеснілі яго з гэтай сферы. Важыла судна пяцьсот тон і апроч трыццаці васьмі зняволеных везла дваццаць шэсць матросаў, васямнаццаць салдат, капітана, трох ягоных памочнікаў, доктара, святара і чатырох турэмных наглядчыкаў. Агулам пры адпраўцы з Фалмута на борце налічвалася каля сотні чалавек.

Перагародкі паміж камерамі арыштантаў былі не з тоўстых дубовых дошак, як звычайна на караблях для катаржнікаў, а тонкія і ненадзейныя. Маім суседам з боку кармы аказаўся чалавек, на якога я звярнуў асаблівую ўвагу, калі нас вялі па прычале. Ён быў малады, з чыстым безвалосым тварам, доўгім і тонкім носам і даволі цяжкім падбароддзем. Паглядаў ён звысоку, трымаўся пагардліва і ад усіх адрозніваўся надзвычайнай росласцю. Не думаю, што хаця б хтосьці з нас даставаў макаўкай да ягонага пляча, мяркую, росту ў ім было не менш за шэсць з паловай футаў. Дзіўна было сярод сумных і змораных твараў убачыць такі жывы і рашучы, як ягоны. Ён падзейнічаў на мяне як агеньчык у завіруху. Мне было ўсцешна, калі выявілася, што ён мой сусед, і яшчэ болей я ўзрадаваўся, калі пасярод ночы пачуў ягоны шэпт, бо ў яго атрымалася пракалупаць адтуліну ў дошцы, якая нас аддзяляла.

– Здароў, малец! – шапнуў ён. – Як цябе завуць і за што цябе ўзялі?

Я расказаў яму пра сябе і ў сваю чаргу запытаўся, з кім маю гонар гаварыць.

Перейти на страницу:

Похожие книги