Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Я Джэк Прэндэргаст, – адказаў ён. – Відаць, не памылюся, калі скажу, што маё слаўнае імя табе даўно знаёмае.

І сапраўды, я ведаў пра ягоную справу, бо яна нарабіла шуму на ўсю краіну незадоўга да майго арышту. Гэты чалавек быў добрага паходжання і надзвычай здольны, але меў невылечна заганныя звычкі: праз створаную ім хітрую махлярскую схему ён патрапіў выцягнуць вялізныя грошы ў найбуйнейшых лонданскіх гандляроў.

– Ха-ха! Дык ты памятаеш пра маю справу! – горда сказаў ён.

– Сапраўды, вельмі добра памятаю.

– А не памятаеш ніякіх дзіўных акалічнасцяў у ёй?

– Якіх менавіта?

– Я займеў каля чвэрці мільёна, так?

– Казалі, што так.

– Але грошай жа не знайшлі?

– Не.

– І дзе яны ўсе, як думаеш?

– Адкуль жа мне ведаць?

– Ды вось проста тут! – выгукнуў ён. – Божа літасцівы! Ды ў мяне грошай больш, чым у цябе валасоў на галаве. А калі маеш грошы, сынок, і ведаеш, як імі карыстацца і куды ўкласці, то можаш зрабіць усё, што хочаш. І ты ж не думаеш, што чалавек, які можа рабіць што хоча, будзе праседжваць штаны ў гэтай смярдзючай камеры, прапахлай пацукамі і паточанай казюркамі, на нейкай старой плывучай труне часоў дынастыі Цынь. Не, сэр, такі чалавек можа паклапаціцца і пра сябе, і пра сваіх мальцаў. Будзь пэўны, трымайся яго – і можаш прысягаць на Святым Пісьме, што ён цябе выцягне адсюль.

Такая ў яго была манера гаварыць, і спачатку я думаў, што гэта ўсё пустыя словы, але праз пэўны час, пераканаўшыся ў маёй надзейнасці і ўзяўшы з мяне клятву з усёй магчымай урачыстасцю, сусед даў мне зразумець, што існуе змова наконт таго, каб захапіць кіраванне суднам. Тузін вязняў змовіўся яшчэ да таго, як іх даставілі на борт, Прэндэргаст іх ачольваў, а ягоныя грошы былі рухавіком.

– У мяне ёсць кампаньён, – казаў ён, – на рэдкасць харошы чалавек, верны як рэвальвер. Каса ў яго, і дзе, ты думаеш, ён цяпер? Ха, ён карабельны святар – капелан, а не хто-небудзь! Ён узышоў на борт у чорнай мантыі і з падробленымі дакументамі, а грошай у ягоным куфры хопіць, каб купіць тут усё ад кіля да грот-мачты. Каманда адданая яму целам і душой. Яму было нескладана купіць іх усіх оптам і са зніжкай, так ён і зрабіў яшчэ да таго, як яны наняліся. Наглядчыкі – ягоныя людзі, Мэрыер, другі памочнік, – таксама, купіць ён і капітана, калі палічыць патрэбным.

– І які ў нас план? – спытаў я.

– А ты як думаеш? – адказаў ён. – Некаторым салдатам мы арганізуем мундзіры, чырванейшыя, чым ім пашыў шавец.

– Але ж у іх зброя, – сказаў я.

– І ў нас будзе, хлопча мой. На кожнага нашага дзецюка ёсць па пісталеце, і калі мы не патрапім узяць верх на гэтым караблі з падтрымкай каманды, дык варта нас адпраўляць у дзявочы пансіён. А табе заданне перагаварыць з суседам злева і праверыць, ці варты гэты хлопец даверу.

Я так і зрабіў і высветліў, што другі мой сусед – юнак, чый выпадак вельмі нагадваў мой: ён мусіў адбываць пакаранне за фальшываманецтва. Звалі яго Эванс, пазней, як і я, ён узяў іншае імя і цяпер жыве на поўдні Англіі як заможны і шаноўны спадар. Ён быў гатовы далучыцца да змовы як да нашага адзінага спосабу выратавацца, і яшчэ да таго як мы прамінулі заліў, заставалася толькі двое вязняў, якія не ведалі пра сакрэт. Адзін з іх быў прыдуркаваты, і мы не наважыліся яму даверыцца, а другі хварэў на жаўтуху, і карысці з яго быць не магло.

Ад самага пачатку не існавала нічога, што магло б перашкодзіць нам захапіць уладу на караблі. Каманда складалася з наўмысна набраных шыбенікаў. Фальшывы капелан наведваў нас нібыта з тым, каб гаварыць пра слова Божае, і заўжды пры ім была чорная сумка, у якой мусілі ляжаць царкоўныя брашуры. Візіты ягоныя былі такімі частымі, што ўжо на трэці дзень у кожнага з нас у нагах ложка было схавана па напільніку, пары пісталетаў, фунце пораху і дваццаць куль. Двое наглядчыкаў былі памагатымі Прэндэргаста, а другі памочнік – ягонай правай рукой. Капітан, двое памочнікаў, двое наглядчыкаў, лейтэнант Марцін, ягоныя васямнаццаць салдат і доктар – вось і ўсе, хто мог аказаць нам супраціў. Але як бы бяспечна для нас усё ні выглядала, мы вырашылі не грэбаваць асцярожнасцю і пачаць паўстанне ўночы. Здарылася ўсё, тым не менш, хутчэй, чым мы чакалі. Вось як яно было.

Перейти на страницу:

Похожие книги