Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– О, дык ты так? – хмыкнуў Хадсан. – Вельмі добра, хлопча. То яшчэ паглядзім!

Ён пацягнуўся прэч з пакоя, а праз паўгадзіны паехаў, пакінуўшы майго бацьку няшчасным і ўстрывожаным. Штоночы я чуў, як ён усё ходзіць у сваім кабінеце, і калі ўпэўненасць пачала пакрысе да яго вяртацца, нас спасціг удар.

– І што ж гэта было? – спытаў я нецярпліва.

– Штосьці абсалютна бязглуздае. Учора ўвечары майму бацьку прыйшоў ліст, праштэмпеляваны ў Фордынгхэме. Бацька яго прачытаў, схапіўся за галаву і пачаў бегаць коламі па пакоі, як чалавек, які страціў розум. Калі нарэшце мне ўдалося пасадзіць яго на канапу, я ўбачыў, што рот і павекі ў яго скрывіліся на адзін бок, і зразумеў, што яго схапіў удар. Вельмі хутка прыйшоў доктар Фордхэм. Мы паклалі бацьку ў ложак, але параліч пашырыўся, і хворы не апрытомнеў. Думаю, мы наўрад ці заспеем яго жывым.

– Вы палохаеце мяне, Трэвар! Што ў лісце магло прывесці да такога страшнага выніку?

– Ды нічога асаблівага. Гэта самая незразумелая частка гісторыі. У запісцы нейкая лухта пра штодзённыя рэчы. О Божа! Усё так, як я і баяўся!

Дарога павярнула, і ў прыцемках мы ўбачылі, што ўсе вокны ў доме заштораныя. Твар майго сябра азмрочыўся, калі з дзвярэй насустрач нам выйшаў спадар у чорным.

– Калі гэта здарылася, доктар? – спытаў Трэвар.

– Амаль адразу, як вы паехалі.

– Ён прыходзіў у свядомасць?

– Толькі на хвілю перад самым канцом.

– Перадаў мне што-небудзь?

– Сказаў толькі, што паперы ў дальняй камодзе ў японскім кабінеце.

Мой сябар прайшоў з доктарам у пакой да нябожчыка, а я застаўся ў кабінеце і працягваў думаць пра ўсю гэтую гісторыю ў самым змрочным настроі. Што за мінулае меў гэты Трэвар, баксёр, падарожнік і золаташукальнік? Як здарылася так, што той з’едлівы прайдзісвет займеў над ім уладу? Чаму Трэвар страціў прытомнасць ад згадкі пра паўсцёртыя ініцыялы на руцэ і памёр ад страху, атрымаўшы ліст з Фордынгхэма? Потым я згадаў, што Фордынгхэм знаходзіцца ў Хэмпшыры. А марак казаў, што збіраецца наведаць і, імаверна, шантажаваць містэра Бедоўса, які жыве ў Хэмпшыры. Значыць, ліст быў альбо ад марака Хадсана, які пісаў, што раскрыў ганебную таямніцу, альбо ад Бедоўса – з папярэджаннем старому супольніку, што такое раскрыццё можа здарыцца. Калі так, то ўсё зразумела. Але тады чаму сын апісаў гэты ліст як лухту пра штодзённыя рэчы? Мусіць, ён няправільна яго прачытаў. Хутчэй за ўсё там быў скарыстаны якінебудзь хітрамудры код, калі падаецца, што напісана адно, а маецца на ўвазе зусім іншае. Мне хацелася зірнуць на гэты ліст. Я быў упэўнены, што калі там схаванае нейкае паведамленне, я змагу яго расчытаць. Каля гадзіны я прасядзеў у змроку з такімі думкамі, пакуль нарэшце заплаканая пакаёўка не прынесла лямпу; адразу за ёй увайшоў мой сябар Трэвар, бледны, але стрыманы. У руцэ ён трымаў вось гэтыя паперы, якія цяпер у мяне на каленях. Ён сеў насупраць мяне, лямпу пасунуў на край стала і перадаў мне кароткую запіску, напісаную, як вы бачыце, на адным аркушы шэрай паперы. «Гульня прыбытковая, але скончылася зерне, – было там напісана. – Ляснічы Хадсан чуў шмат расказаў ад пастаўшчыкоў. Усё з мухамі. Ратуйце курак фазана, сваё гадаванне птушкі жыццё палепшыць многім».

Думаю, калі я ўпершыню прачытаў гэты ліст, выгляд у мяне быў не менш збянтэжаны, чым у вас цяпер. Я адразу ж перачытаў уважлівей. Відавочна, што, як я і меркаваў раней, за гэтым дзіўным спалучэннем словаў хаваўся нейкі сэнс. Ці магло быць так, што мухі альбо куркі фазана – гэта ўмоўленыя сігналы? Калі так, то іх значэнне магло быць любым, і дэдукцыя не дапамагла б. Але такую версію я прымаў з неахвотай, наяўнасць слова «Хадсан» давала спадзеў, што я разважаю ў правільным кірунку і, хутчэй за ўсё, ліст ад Бедоўса, а не ад марака. Я паспрабаваў чытаць задам наперад, але «фазана курак ратуйце» гучала не лепш. Тады я прачытаў праз слова, толькі камбінацыі «гульня але зерне» ці «прыбытковая скончылася ляснічы» таксама не мелі сэнсу.

І ўсё ж раптам ключык да загадкі падабраўся – я ўбачыў, што калі чытаць кожнае трэцяе слова пачынаючы з першага, атрымліваецца паведамленне, якое цалкам магло давесці старога Трэвара да адчаю.

Гэта было вельмі сціслае папярэджанне, я зараз жа прачытаў яго свайму таварышу: «Гульня скончылася. Хадсан расказаў усё. Ратуйце сваё жыццё».

Віктар Трэвар закрыў твар дрыготкімі далонямі.

– Усё так. Мабыць, усё так і ёсць, – сказаў ён. – Яшчэ горай за смерць, бо абяцае ганьбу. Але ў чым сэнс усіх гэтых «ляснічых» і «курак фазана»?

– Для паведамлення гэтыя словы значэння не маюць, але калі нам няма больш чым кіравацца, каб знайсці адпраўніка ліста, яны надзвычай істотныя. Разумееце, спачатку ён напісаў «Гульня… скончылася… Хадсан…» і гэтак далей. А потым яму проста трэба было ўпісаць у прамежкі па два любыя словы, каб зашыфраваць паведамленне. Натуральна, ён пісаў першае, што прыходзіла да галавы, і, паколькі многія словы тут на адну тэму, можна ўпэўнена сцвярджаць, што ён альбо заўзяты паляўнічы, альбо займаецца птушкагадоўляй. Вы штонебудзь ведаеце пра Бедоўса?

Перейти на страницу:

Похожие книги