Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– У юнацтве вы займаліся боксам.

– Зноў у яблычак. Але як? У мяне што, нос трохі скрыўлены?

– Не, – адказаў я. – Вас выдаюць вушы. Яны прыціснутыя і таўставатыя, як у баксёраў.

– Яшчэ штосьці?

– Вам давялося шмат капаць, пра гэта кажуць вашыя мазалі.

– Усе мае грошы я зарабіў на залатых капальнях.

– Вы бывалі ў Новай Зеландыі.

– Зноў рацыя.

– Наведвалі Японію.

– Было такое.

– І блізка дачыняліся з кімсьці з ініцыяламі Дж. А., пра каго потым пажадалі забыць назаўжды.

Містэр Трэвар марудна ўзняўся, яго вялікія блакітныя вочы глядзелі на мяне агаломшана. А потым ён страціў прытомнасць, зваліўшыся на стол тварам проста ў арэхавае шкарлупінне, якім быў засыпаны абрус.

Можаце ўявіць, Ўотсан, наколькі мы абодва, я і ягоны сын, былі ўражаныя. Тым не менш ягоны прыступ быў нядоўгім. Калі мы расшпілілі яму каўнер і папырскалі ў твар вадой з місачкі для спалосквання пальцаў, раз ці два ён сутаргава ўцягнуў ротам паветра і сеў.

– Вох, хлопцы, – сказаў ён са змушанай усмешкай, – спадзяюся, я вас не вельмі напалохаў. Выглядаю я моцным, але сэрца ў мяне слабае, мне шмат не трэба, каб паваліцца. Не ведаю, як вы з гэтым патрапляеце, містэр Холмс, але ўсе дэтэктывы, і прафесійныя, і аматары, у параўнанні з вамі – проста дзеці. Ваш кон – займацца гэтай справай, паверце слову чалавека, які тое-сёе пабачыў на свеце.

Паверце, Ўотсан, гэтая парада, хоць і заснаваная на перабольшанай ацэнцы прадэманстраваных мною здольнасцяў, была першым штуршком да думкі, што занятак, які раней я разглядаў як хобі, можа зрабіцца прафесіяй. Што праўда, у той момант я быў больш заклапочаны раптоўным нездароўем гаспадара дома, каб думаць яшчэ пра нешта.

– Спадзяюся, я не сказаў нічога, што закранула вашыя пачуцці? – сказаў я.

– Ведаеце, вы зачапілі адну далікатную тэму. Я магу спытаць, як вы даведаліся і ці шмат вам вядома?

Ён казаў ужо быццам паўжартам, але ягоны позірк усё яшчэ выдаваў прытоеную боязь.

– Вельмі проста, – адказаў я. – Калі вы загалілі руку, каб перакінуць рыбіну ў лодку, я пабачыў, што на локцевым згіне вытутаяваныя ініцыялы. Літары яшчэ чытаюцца, але па іх размытасці і тым, як афарбавалася скура вакол, абсалютна ясна, што татуіроўку спрабавалі звесці. Відавочна, што ініцыялы для вас калісьці нешта значылі, але потым вы пажадалі забыць іх.

– Якое ж у вас вострае вока! – выгукнуў ён з палёгкай. – Усё дакладна так, як вы сказалі. Але давайце больш не будзем пра гэта. Ад усіх прывідаў найгоршыя – прывіды нашых колішніх любовяў. Хадзем у більярдны пакой, памаўчым і выкурым па цыгары.

З таго дня, пры ўсёй гасціннасці, якую выказваў мне містэр Трэвар, у яго стаўленні да мяне з’явілася насцярожанасць. Гэта было зразумела нават ягонаму сыну.

– Вы так уразілі бацьку! Цяпер ён ніколі не зможа быць упэўнены, што вам вядома, а што не.

Мяркую, старому не хацелася гэта паказваць, але трывога так моцна засела ў ім, што заўважалася ў кожным дзеянні. Нарэшце я зразумеў, што трэба заканчваць візіт, каб містэр Трэвар перастаў пачувацца няёмка. Але за дзень да майго ад’езду здарылася тое, што пасля выявілася надзвычай важным.

Мы ўтрох насалоджваліся сонцам і цудоўным відам на Бродс, седзячы ў садовых крэслах на газоне, калі ўвайшла пакаёўка і сказала, што ў дзвярах чакае чалавек і хоча пабачыцца з містэрам Трэварам.

– Як яго завуць? – спытаў гаспадар дома.

– Ён ніяк не прадставіўся.

– Дык чаго яму трэба?

– Гаворыць, што вы яго ведаеце і ён хоча з вамі перамовіцца.

– Праводзьце сюды.

Неўзабаве мы пабачылі невысокага зморшчанага суб’екта. Трымаўся ён несамавіта, ідучы, шоргаў нагамі. На ім былі расшпіленая куртка з плямай ад дзёгцю на рукаве, кашуля ў чорную і чырвоную клетку, парусінавыя штаны і вельмі зношаныя цяжкія боты. З яго загарэлага худога тварыка не спаўзала прышпіленая ўсмешка, што адкрывала няроўны шэраг жоўтых зубоў. Зморшчаныя рукі ён склаў на марацкі манер. Калі госць ішоў праз газон, містэра Трэвара ўзяла нейкая дзіўная гарлавая ікаўка. Ускочыўшы з крэсла, ён пабег у дом, але вельмі хутка вярнуўся, і, калі праходзіў паўз мяне, я адчуў моцны пах брэндзі.

– Дык што, браце, – сказаў ён, – чым магу дапамагчы?

Марак глядзеў на яго прымружыўшы вочы, усё з той жа гадкай усмешачкай на твары.

– Не прызнаяце мяне? – спытаўся ён.

– Чакайце, дык гэта ж Хадсан! – усклікнуў містэр Трэвар, быццам здзівіўшыся.

– Самы ён, Хадсан, сэр, – адказаў марак. – Больш за трыццаць гадоў мы з вамі не бачыліся. Вось вы ўжо і дом займелі, а я ўсё саланіну з бочкі цягаю.

– О, вы пабачыце, што я не забыў старыя часы, – гучна прамовіў містэр Трэвар і, падышоўшы да марака, штосьці ціха сказаў яму. – Ідзіце на кухню, – працягнуў ён уголас, – вас накормяць і напояць. Я ўпэўнены, што мы вырашым вашую сітуацыю.

– Дзякую, сэр, – дакрануўшыся пальцамі да чупрыны, адказаў мараход. – Апошнія два гады я хадзіў на васьмівузловым грузавым судне, дзе было мала ахвотнікаў працаваць, мне б адпачыць ужо. Падумаў, што падамся да містэра Бедоўса або да вас.

– О! – выгукнуў Трэвар. – Вы ведаеце, дзе містэр Бедоўс?

Перейти на страницу:

Похожие книги