Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

З камоды Холмс дастаў маленькі пацямнелы скрутак і, разгарнуўшы яго, перадаў мне кароткую запіску, накрэмзаную на палове аркуша грубай шэрай паперы.

«Гульня прыбытковая, але скончылася зерне, – было там напісана. – Ляснічы Хадсан чуў шмат расказаў ад пастаўшчыкоў. Усё з мухамі. Ратуйце курак фазана, сваё гадаванне птушкі жыццё палепшыць многім».

Прачытаўшы загадкавае паведамленне, я паглядзеў на Холмса і ўбачыў, што той пасміхаецца з выразу майго твару.

– Выгляд у вас збянтэжаны, – сказаў ён.

– Не магу ўявіць, якім чынам такое паведамленне можа кагосьці напалохаць. Нейкая бязглуздзіца.

– Падобна да таго. Але факт застаецца фактам: дужага пажылога мужчыну ў добрым здароўі яно зваліла, быццам яго прыклалі дзяржальнам пісталета.

– Вы мяне зацікавілі, – сказаў я, – але чаму вам хочацца, каб я азнаёміўся менавіта з гэтай справай?

– Таму што яна была першай, за якую я ўзяўся.

Я часта спрабаваў дапытацца ў свайго кампаньёна, што менавіта падштурхнула яго заняцца крымінальнымі загадкамі, але ён ніколі не быў настроены дзяліцца ўспамінамі. І вось цяпер ён сядзеў перада мной на крэсле і раскладаў на каленях дакументы. Потым раскурыў люльку і пэўны час папыхкваў ёй, перагортваючы паперы.

– Я калі-небудзь расказваў вам пра Віктара Трэвара? – спытаў ён. – Гэта адзіны сябар, якога я займеў за два гады навучання ў каледжы. Я ніколі не вылучаўся камунікабельнасцю, Ўотсан, мне заўжды было цікавей занурыцца ў распрацоўку сваіх мысленчых тэхнік, таму з аднагодкамі я асабліва не дачыняўся. Апроч фехтавання і боксу я не бачыў інтарэсу ў спорце, да таго ж сфера маіх акадэмічных зацікаўленняў была настолькі далёкай іншым, што пагаварыць нам не было пра што. Я знаўся толькі з Трэварам, і тое дзякуючы таму, што аднойчы раніцай, калі я ішоў у капліцу, ягоны бультэр’ер усадзіў зубы мне ў нагу.

Гэта даволі празаічны спосаб заводзіць сяброўства, але эфектыўны. Дзесяць дзён я не мог хадзіць. Трэвар пастаянна зазіраў і пытаўся пра маё здароўе. Спачатку мы абмяжоўваліся кароткай гутаркай, але ён пачаў затрымлівацца ў мяне ўсё даўжэй, і да канца семестра мы блізка сышліся. Шмат у чым ён быў маёй супрацьлегласцю – дабрадушны, усмешлівы, натхнёны і імпэтны, але нешта нас і аб’ядноўвала: я адчуў асаблівую прыхільнасць да яго, калі высветлілася, што ён таксама не меў сяброў. Нарэшце ён запрасіў мяне ў госці да свайго бацькі ў Даніторпе, што ў Норфалку, і я выправіўся туды на месяц у час доўгіх вакацый.

Стары Трэвар, відавочна, быў чалавекам даволі заможным і паважаным, міравы суддзя, землеўласнік. Даніторп – гэта вёсачка на поўнач ад Лангмера ў мясцовасці Бродс. Дом быў старасвецкі, прасторны, цагляны, з дубовымі бэлькамі, уздоўж дарогі да яго раслі прыгожыя ліпавыя прысады. На балотах вадзілася багата качак, на якіх можна было паляваць, цудоўная рыбалка.

Бібліятэка ў доме была невялікая, але з густам падабраная, наколькі я зразумеў, мінулымі гаспадарамі, кухарка гатавала прыстойна. Словам, толькі вельмі пераборлівы чалавек застаўся б незадаволены такім месячным адпачынкам.

Трэвар-бацька жыў удаўцом, мой сябар – ягоны адзіны сын.

Мне казалі, некалі была і дачка, але яна памерла ад дыфтэрыі, калі паехала ў Бірмінгем. Бацька надзвычай мяне зацікавіў. Чалавек ён быў малаадукаваны, але ў ягоных паставе і духу адчувалася грубая сіла. Наўрад ці ён нешта чытаў, але яму давялося далёка і шмат падарожнічаць і бачыць свет. Ён добра памятаў усё, пра што даведаўся. Гэта быў каржакаваты дужы мужчына з густымі сівымі валасамі, загарэлым абветраным тварам, і строгім, амаль жорсткім, поглядам пранізлівых блакітных вачэй. Зрэшты, у ваколіцах яго ведалі як чалавека спагадлівага, які займаўся дабрачыннасцю, прысуды, вынесеныя ім, вылучаліся літасцю.

Аднойчы ўвечары, хутка пасля майго прыбыцця, калі мы сядзелі за вечаровай шклянкай партвейну, малады Трэвар завёў гутарку пра маю практыку назіранняў і высноваў, якая на той час аформілася ў сістэму, хоць я тады яшчэ не ўяўляў, якую ролю яна адыграе ў маім жыцці. Стары відавочна вырашыў, што ягоны сын перабольшвае, апісваючы адзін ці два выпадкі, дзе я паказаў яе ў дзеянні.

– Дык што, містэр Холмс, – сказаў ён з вясёлым запалам, – пакажыце мне вашае ўмельства, ці дапаможа дэдукцыя нешта расказаць пра мяне?

– Баюся, што няшмат, – адказаў я. – Мяркую, апошнія дванаццаць месяцаў вы пражылі, баючыся, што нехта можа на вас напасці.

Усмешка знікла з ягоных вуснаў, і ён вырачыўся на мяне ў вялікім здзіўленні.

– Па шчырасці, так і ёсць, – пацвердзіў ён і паглядзеў на сына. – Ведаеш, Віктар, калі мы разагналі тую хеўру браканьераў, яны пагражалі ўсіх нас зарэзаць. І сапраўды быў замах на сэра Эдварда Холі. З таго часу я заўжды пільнуюся, але ўявіць не магу, як вы пра гэта здагадаліся.

– У вас вельмі прыгожы кій, – адказаў я, – Па пазнацы на ім я бачу, што купілі вы яго год таму, пры гэтым парупіліся прасвідраваць у булдавешцы дзірку і заліць туды свінец, каб ператварыць кій у сур’ёзную зброю. Мяркую, вы не ўзялі б на сябе гэты клопат, калі б вам не было чаго баяцца.

– А яшчэ што-небудзь раскажаце? – спытаў гаспадар дома з усмешкай.

Перейти на страницу:

Похожие книги