Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Вядома ж, містэр Пайкрафт, вядома ж, – адказаў Пінэр крыху спакайней. – Вы можаце крыху пачакаць тут, і вашыя сябры з вамі, чаму ж не. Я буду цалкам да вашых паслугаў ужо праз нейкія тры хвіліны, калі я магу так злоўжываць вашым часам.

Ён паважна ўзняўся і, пакланіўшыся нам, выйшаў у дзверы ў дальнім куце пакоя, зачыніўшы іх за сабой.

– Што цяпер? – прашаптаў Холмс. – Ён хоча ўцячы ад нас?

– Гэта немагчыма, – адказаў Пайкрафт.

– Чаму?

– Гэта дзверы ў глухі пакой.

– З яго няма выхаду?

– Ніякага.

– А мэбля там ёсць?

– Учора ён быў пусты.

– Дык што ж ён там робіць? Ёсць толькі адно, што ва ўсёй гэтай справе застаецца для мяне незразумелым. Я пабачыў чалавека, які на семдзесят пяць адсоткаў складаецца з вусцішы. Што магло нагнаць на яго столькі жаху?

– Можа, ён западозрыў у нас дэтэктываў? – спытаўся я.

– Дакладна! – усклікнуў Пайкрафт. Холмс адно пакруціў галавой:

– Ён не збляднеў. Ён быў бледны, калі мы ўвайшлі, – сказаў ён. – Цалкам імаверна, што…

Яго перапыніў рэзкі грукат у дзверы, які данёсся з глухога пакоя.

– Якога чорта ён грукаецца ва ўласныя дзверы? – здзвіўся клерк.

Грукат пачуўся зноў – гэтым разам мацнейшы. Мы ў чаканні ўперылі вочы ў зачыненыя дзверы. Зірнуўшы на Холмса, я пабачыў, як скамянеў ягоны твар, а сам ён пахіснуўся наперад, стрункі ад узбуджэння. Раптам за дзвярыма пачулася хрыплае булькатанне, нейкі здушаны клёкат – а потым штосьці часта забарабаніла па драўніне. Холмс зрабіў імклівы скачок праз пакой і штурхнуў дзверы. Яны былі замкнёныя з іншага боку. Па ягоным прыкладзе я і Пайкрафт наваліліся на дзверы ўсёй вагой нашых целаў. Лопнула адна пятля, потым другая – і дзверы з трэскам вылецелі з вушака. Змёўшы іх з дарогі, мы апынуліся ў суседнім пакоі. Ён быў пусты.

Але нашае замяшанне доўжылася ўсяго імгненне. У адным з кутоў, блізкім да пакоя, які мы пакінулі, былі яшчэ адны дзверы.

Холмс скокнуў да іх, адчыніўшы адным рыўком. На падлозе ляжалі паліто і дажджавік, а з вешалкі каля дзвярэй звісаў на ўласных лямках, сцягнутых на шыі, генеральны дырэктар Франка-Мідлэндскай скабяной кампаніі. Яго ногі боўталіся ў паветры, галава адхілілася ад цела пад ненатуральным вуглом, а грукат яго абцасаў аб сценку і быў крыніцай шуму, які перапыніў нашую размову. Праз імгненне я ўжо абхапіў яго за талію, трымаючы, пакуль Холмс і Пайкрафт адвязвалі эластычныя лямкі, якія цалкам патанулі ў сіняватабелых складках скуры. Потым мы аднеслі Пінэра ў першы пакой, паклаўшы на падлогу. Яго твар меў колер глею, вусны былі ліловыя і прагна ганялі сюды-туды паветра – жахлівы цень чалавека, якім ён быў яшчэ пяць хвілінаў таму.

– Што скажаце, Ўотсан? – спытаўся Холмс.

Я схіліўся над Пінэрам і ўважліва яго агледзеў. Яго пульс быў слабы і перарывісты, але дыханне паспакайнела, і павекі злёгку дрыжэлі, агаляючы белыя сярпкі вочных яблыкаў.

– Ён быў на валаску, – сказаў я, – але жыць будзе. Адчыніце акно і дайце мне графін з вадою.

Я аслабаніў яму каўнер, пырснуў вадою на твар і пачаў уздымаць-апускаць яго рукі, пакуль гаротнік не пачаў дыхаць глыбока і натуральна.

– Цяпер яго жыццю нічога не пагражае, – сказаў я, адварочваючыся.

Холмс стаяў каля стала, засунуўшы рукі ў кішэні і нізка схіліўшы галаву.

– Я мяркую, самы час выклікаць паліцыю, – сказаў ён. – І магу паклясціся, калі яны з’явяцца, я буду гатовы прадставіць ім усю справу.

– Я ўсё яшчэ не магу даўмецца, – прамовіў Пайкрафт, чухаючы патыліцу, – для чаго яны столькі часу трымалі мяне тут і чаму…

– Ха, з гэтым акурат усё ясна. Няясна толькі, чаму ён вешаўся.

– А рэшта для вас зразумелая?

– Я думаю, усё ясна як дзень. Што скажаце, Ўотсан? Я паціснуў плячыма:

– Усё гэта вышэйшае за маё разуменне.

– Ну што вы, калі сабраць разам усе падзеі, можна зрабіць толькі адну выснову.

– І якую ж, Холмс?

– Уся справа трымаецца на дзвюх петлях. Першы ключавы факт – тое, што Пайкрафта прымусілі пісьмова задэклараваць згоду працаваць на гэтую абсурдную кампанію. Гэта ні пра што вам не кажа?

– Баюся, што не.

– Ну навошта ім быў патрэбны гэты ліст? Бізнэс тут ні пры чым, такая згода зазвычай даецца на словах, і ніякай істотнай прычыны для выключэння з правілаў не было. Хіба вы не разумееце, мой малады дружа, што ім было неабходна атрымаць узор вашага почырку, і гэта быў адзіны спосаб?

– Але навошта?

– Менавіта, навошта? Адказ на гэтае пытанне амаль развяжа наш немудрагелісты рэбус. Навошта? Можа быць толькі адно рацыянальнае тлумачэнне. Камусьці спатрэбілася навучыцца падрабляць вашую руку, а для гэтага патрэбны першаўзор! А цяпер пераходзім да другога ключавога факта, цесна звязанага з першым, а менавіта просьбы Пінэра не адмаўляцца ад вашага месца, пакінуўшы кіраўніка важнай карпарацыі ў чаканні, што нейкі містэр Хол Пайкрафт, якога ён у вочы не бачыў, пераступіць парог ягонага офіса зранку ў панядзелак.

– Божа мой! – закрычаў наш кліент. – Якім жа сляпым кратом я быў!

Перейти на страницу:

Похожие книги