Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

«Джэк, я малю цябе не рабіць гэтага! – ускрыкнула яна. – Клянуся, я ўсё раскажу табе аднойчы, але калі ты ўвойдзеш сюды зараз – здарыцца няшчасце».

Я паспрабаваў выбавіцца ад яе, але яна ўчапілася ў мяне з шалёнай мальбой.

«Вер мне, Джэк! – крыкнула яна. – Павер мне хаця б гэтым разам. Ты ніколі аб гэтым не пашкадуеш. Ты ведаеш, што я нізашто не стала б ад цябе нічога хаваць – толькі дзеля цябе самога. Ад гэтага залежыць усё нашае жыццё. Калі ты разам са мной пойдзеш зараз дадому, усё будзе добра. Але калі ты настаіш на сваім і зойдзеш у катэдж, паміж намі ўсё скончыцца».

Столькі было шчырасці, столькі адчаю ў голасе, што яе словы скарылі мяне, і я нерашуча спыніўся перад дзвярыма.

«Я паверу табе толькі з адной умовай, – сказаў я ўрэшце. – Калі з гэтага моманту больш ніякіх таямніц. Ты вольная захоўваць свой сакрэт, але паабяцай мне, што больш ніякіх начных візітаў, больш нічога ты не будзеш хаваць ад мяне. Я гатовы забыць тое, што было, калі ты паклянешся мне, што больш такога не будзе».

«Я ведала, што ты мне паверыш, – прамовіла яна з палёгкай. – Усё будзе так, як ты хочаш. Хадзем, калі ласка, хадзем дадому».

Усё яшчэ цягнучы мяне за рукаво, яна вывела мяне з катэджа. Ужо на дарозе я азірнуўся назад і ўбачыў той васковы твар, які назіраў за намі з верхняга акна. Што магло звязваць маю жонку з гэтай істотай? Або як магла грубая, вульгарная жанчына, якую я бачыў надоечы, мець нешта агульнае з Эфі? Гэта дзіўная загадка, і мне не будзе спакою, пакуль я яе не развяжу.

Два дні пасля гэтага я заставаўся дома, і жонка, здаецца, была вернай нашай дамове, бо, наколькі я ведаю, не выходзіла з дома. На трэці дзень, аднак, я атрымаў праўдзівы доказ, што ўрачыстага абяцання было недастаткова, каб яна пазбавілася ад таямнічага ўплыву, які адцягваў яе ад мужа і ад свайго абавязку.

У той дзень мне патрэбна было ў горад, аднак я вярнуўся цягніком на 14:40 замест 15:36, на якім прыязджаў звычайна. Калі я ўвайшоў у дом, нашая служанка, пераляканая, выбегла ў вітальню.

«Дзе гаспадыня?» – спытаў я. «Здаецца, яна пайшла прагуляцца», – адказала тая.

Мая галава тут жа напоўнілася рознымі падазрэннямі. Я падняўся наверх, каб упэўніцца, што яе няма дома. Зрабіўшы гэта, я вызірнуў з аднаго з верхніх вокнаў і ўбачыў служанку, з якой толькі што размаўляў, – яна бегла праз поле ў кірунку катэджа. Тут, канечне, я зразумеў, што гэта ўсё значыла. Мая жонка пайшла туды і папрасіла служанку паклікаць яе, калі я вярнуся дадому. Дрыжучы ад злосці, я спусціўся ўніз і паспяшаў да таго дома, каб скончыць з гэтым раз і назаўсёды. Я ўбачыў жонку са служкай, якія беглі дадому, але не спыніўся паразмаўляць з імі. У гэтым катэджы хаваецца таямніца, якая азмрочвае ўсё маё жыццё. Я ўрачыста пакляўся: што б там ні было – трэба раскрыць таямніцу. Я нават не пагрукаў, калі наблізіўся да дзвярэй, а павярнуў ручку і зайшоў у вітальню.

На першым паверсе было ціха і спакойна. У кухні свістаў на агні чайнік, вялікі чорны кот ляжаў, скруціўшыся абаранкам, у кошыку, але нідзе не было ні знаку жанчыны, якую я бачыў надоечы. Я забег у іншы пакой, але ён таксама быў пусты. Тады я падняўся наверх, дзе знайшоў яшчэ два пустыя пакоі. У доме нікога не было. Мэбля і карціны былі даволі простыя і безгустоўныя, апрача адзінага пакоя, у акне якога я тады бачыў той дзіўны твар. Пакой быў утульны і вытанчаны, і мае падазрэнні выраслі ў яраснае полымя, калі я заўважыў, што на каміннай паліцы стаіць фотаздымак маёй жонкі ў поўны рост, які зрабілі ўсяго тры месяцы таму на маю просьбу.

Я прабыў там даволі доўга, каб упэўніцца, што ў доме нікога няма, і сышоў, адчуваючы такі цяжар на сэрцы, якога не меў ніколі раней. Жонка выйшла ў вітальню адразу пасля таго, як я вярнуўся, аднак я быў занадта пакрыўджаны і злосны, каб размаўляць, і, не зірнуўшы на яе, рушыў у кабінет. Аднак яна зайшла следам яшчэ да таго, як я паспеў зачыніць дзверы.

«Прабач, што я парушыла абяцанне, Джэк, – сказала яна, – але калі б ты ведаў усе акалічнасці, я ўпэўненая, ты б мне дараваў». – «Дык раскажы мне ўсё», – сказаў я.

«Я не магу, Джэк, не магу», – заплакала яна.

«Пакуль ты не раскажаш мне, хто жыве ў гэтым доме і каму ты падарыла фотаздымак, паміж намі не можа быць ніякага даверу», – сказаў я і, вырваўшыся ад яе, выйшаў з дома. Гэта было ўчора, містэр Холмс, і я не бачыў яе з таго часу і не ведаю больш нічога пра гэтую дзіўную справу. Гэта першае, што азмрочыла нашыя стасункі, і я так знерваваўся, што проста не ведаю, як мне быць. Раптам сёння раніцай я зразумеў, што вы можаце даць мне параду, таму адразу паспяшаўся да вас – і цяпер цалкам аддаюся ў вашы рукі. Калі вам нешта засталося няясным – прашу вас, задавайце пытанні. Але перш за ўсё скажыце мне хутчэй, што рабіць, бо я ўжо не магу цярпець гэтай пакуты.

Мы з Холмсам зацікаўлена слухалі гэты незвычайны перарывісты аповед усхваляванага чалавека. Мой кампаньён нейкі час сядзеў моўчкі, падпіраючы рукой падбароддзе, занураны ў свае думкі.

– Скажыце, – прамовіў ён урэшце, – ці можаце вы паклясціся, што ў акне бачылі чалавечы твар?

Перейти на страницу:

Похожие книги