Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Так, вельмі трэба. Зараз я дам вам указанні і малю вас, дарагі мой Ўотсан, выканайце іх літаральна, бо вы ўступаеце ў маю гульню супраць найразумнейшага злачынцы і наймагутнейшага злачыннага аб’яднання ва ўсёй Еўропе. Дык слухайце! Сёння вечарам вы з надзейным чалавекам адправіце любы патрэбны вам багаж на вакзал Вікторыя, не ўказваючы адрасу прызначэння. З раніцы вы пашляце слугу па хэнсам*, наказаўшы яму не браць ні першы, ні другі, якія прапануюць свае паслугі. Потым заскочыце ў хэнсам і паедзеце да Стрэнд-Энда, на Лоўтэрскі пасаж*, перадаўшы кэбмену адрас, запісаны на паперы, і папрасіўшы нізашто яго не выкідаць. Плату за праезд трымайце напагатове і ў тое самае імгненне, як кэб спыніцца, ляціце праз пасаж з разлікам апынуцца на другім яго баку роўна ў дзевяць пятнаццаць. Там ля ходніка вас будзе чакаць маленькі брогам* з фурманам у цяжкім чорным плашчы з каўняром, абшытым па краі чырвоным. У гэты брогам вы і сядзеце, а ён даставіць вас на вакзал Вікторыя акурат да ад’езду кантынентальнага экспрэса.

– Дзе мы з вамі сустрэнемся?

– На станцыі. Для нас будзе зарэзерваванае другое ад пачатку купэ першага класу.

– Значыць, спатканне ў купэ?

– Менавіта.

Марна ўгаворваў я Холмса застацца на вечар. Я добра бачыў, што ён баіцца прынесці бяду ў дом, які яго прытуліў, і што толькі гэта вымушае яго сысці. Кінуўшы яшчэ некалькі словаў наконт нашых заўтрашніх планаў, ён падняўся і разам са мной выйшаў у сад, ускараскаўся на сцяну, што межавала з Мортымер-стрыт, і тут жа свіснуў хэнсаму, на якім, як я пачуў, і ад’ехаў.

Наступнае раніцы я зрабіў усё згодна з інструкцыяй Холмса. Хэнсам я ўзяў з усімі перасцярогамі, каб не натрапіць на падасланы, і адразу ж пасля сняданку выправіўся на Лоўтэрскі пасаж, праз які прабег як найхутчэй. Брогам з надзвычай мажным фурманам, захутаным у цёмны плашч, ужо чакаў мяне. Як толькі я сеў, фурман хвастануў каня, і мы з грукатам паляцелі да вакзала Вікторыя, а калі я выйшаў, тут жа развярнуў каня і знік з вачэй, нават не зірнуўшы ў мой бок.

Пакуль усё ішло цудоўна. Мой багаж быў на месцы, і я без перашкодаў знайшоў названае Холмсам купэ, тым больш што толькі яно было пазначанае як занятае. Мяне трывожыла толькі адсутнасць Холмса. Вакзальны гадзіннік паказваў, што да ад’езду цягніка засталося сем хвілінаў. Марна шукаў я сярод падарожнікаў і тых, хто іх праводзіў, фігуру сябра – яго не было і знаку. Некалькі хвілінаў я патраціў на тое, каб дапамагчы паважнаму італьянскаму святару, які на ламанай ангельскай спрабаваў патлумачыць насільшчыку, што яго багаж трэба адправіць у Парыж. Потым зноў агледзеў платформу і вярнуўся ў купэ, дзе выявілася, што насільшчык, нягледзячы на адсутнасць білета, падсадзіў да мяне майго нядаўняга знаёмца – лядачага італьянца. Мае спробы патлумачыць святару ўсю навязлівасць такога ўламання плёну не мелі, бо мая італьянская была яшчэ горшая за яго ангельскую, і таму, пакорліва паціснуўшы плячыма, я здаўся і зноў пачаў трывожна шукаць вачыма сябра. Мяне паціху ахопліваў жах, бо адсутнасць Холмса магла азначаць толькі тое, што мінулай ноччу яму нанеслі ўдар. Вось і дзверы зачыніліся, і пачуўся гудок, як раптам…

– Дарагі мой Ўотсан, – пачуўся голас, – вы нават не ўважылі мяне прывітаннем.

У неймаверным здзіўленні я павярнуўся. Стары святар глядзеў проста на мяне. На імгненне яго зморшчыны разгладзіліся, нос з’ехаў на падбароддзе, ніжняя губа перастала выпінацца; ён спыніў мармытаць, панылыя вочы загарэліся ранейшым агнём, а скурчаная фігура выпрасталася. Але ў наступны момант яго цела зноў абмякла, і Холмс з такой жа хуткасцю ператварыўся ў старога святара.

– Божа літасцівы! – усклікнуў я. – Як вы мяне напалохалі!

– Мы ўсё яшчэ мусім захоўваць асцярожнасць, – прашаптаў ён. – Ёсць падставы лічыць, што яны ўзялі наш след. А вось і сам Марыярці!

На гэтых словах цягнік рушыў з месца, і, зірнуўшы назад, я ўбачыў высокага чалавека, які раз’юшана праціскаўся праз натоўп і махаў рукой, нібыта хочучы спыніць цягнік. Аднак было позна: мы імкліва набіралі хуткасць, і праз імгненне станцыя знікла з вачэй.

– Бачыце, нягледзячы на ўсе засцярогі, мы ледзь выбраліся, – са смехам сказаў Холмс.

Падняўшыся, ён пазбавіўся сваёй маскіроўкі – чорнай сутаны з капелюшом – і схаваў яе ў чамадан.

– Вы чыталі ранішнюю газету, Ўотсан?

– Не.

– Значыць, пра Бэйкер-стрыт не ведаеце?

– Пра Бэйкер-стрыт?

– Мінулай ноччу яны падпалілі нашую кватэру, але вялікай бяды не нарабілі.

– Божа літасцівы, Холмс, гэта проста невыносна!

– Яны, відаць, згубілі мой след пасля таго, як арыштавалі іх агента з дубінкай. Інакш бы яны не думалі, што я вярнуўся дадому. Аднак яны відавочна перастрахаваліся і пачалі сачыць за вамі, а вы прывялі Марыярці на вакзал Вікторыя. Вы ўпэўнены, што не дапусцілі промаху?

– Я ўсё зрабіў так, як вы казалі.

– Знайшлі патрэбны брогам?

– Так, ён чакаў мяне.

– Фурмана пазналі?

– Не.

– Гэта быў мой брат Майкрафт. У такіх выпадках наймітам сваіх сакрэтаў лепш не адкрываць. Але трэба думаць, што рабіць з Марыярці.

Перейти на страницу:

Похожие книги