– Нічога сабе! – абурыўся ён. – Я ўпэўнены, што такі праніклівы чалавек, як вы, разумее, да чаго ўсё прывядзе. Неабходна, каб вы з гэтым скончылі. Вашыя метады пакінулі нам толькі адно выйсце. Я з незвычайнай асалодай назіраў, як вы разблытваеце гэтую галаваломку, і мушу шчыра прызнацца, што крайнія меры мяне засмуцяць. Вы смеяцеся, сэр, але магу вас упэўніць, што так яно і будзе.
– Небяспека – частка майго рамяства, – зазначыў я.
– Але гэта не проста небяспека, – адказаў ён. – Гэта непазбежнае знішчэнне. Вы перайшлі дарогу не аднаму чалавеку, а магутнай арганізацыі, усю моц якой нават вы, пры ўсёй вашай кемлівасці, уявіць не можаце. Адыдзіце ўбок, містэр Холмс, альбо вас растопчуць.
– Баюся, – сказаў я, устаючы, – што за нашай прыемнай размовай я забыўся на важную справу, якая чакае мяне зусім у іншым месцы.
Ён таксама падняўся і маўкліва зірнуў на мяне, сумна круцячы галавой.
– Ну што ж, – урэшце сказаў ён, – я зрабіў усё, што мог. У гэтай гульні я ведаю кожны ваш ход. Да панядзелка вы нічога не даб’яцеся. Нас чакае двубой, містэр Холмс. Вы спадзеяцеся пасадзіць мяне на лаву падсудных – я ж кажу, што ніколі туды не сяду. Вы спадзеяцеся перамагчы мяне – я ж кажу, што вы ніколі мяне не пераможаце. Калі ў вас хопіць розуму знішчыць мяне, будзьце ўпэўнены, што я доўг аддам.
– Колькі кампліментаў, містэр Марыярці, – адзначыў я. – Дазвольце адзін вам вярнуць: калі я буду ўпэўнены ў магчымасці першага, то дзеля інтарэсаў грамадства прыму і другое.
– Другое я вам паабяцаць магу, але ніяк не першае, – перарваў ён, павярнуўся да мяне ссутуленай спінай і выйшаў з пакоя, усё яшчэ страляючы вачыма і жмурачыся.
Такой была мая адзіная размова з прафесарам Марыярці. Яна, прызнаюся, зрабіла на мяне непрыемнае ўражанне. Яго мяккая і выразная манера гаварыць упэўніла мяне ў шчырасці яго словаў, не ўласцівай звычайным злодзеям. Вы, безумоўна, скажаце: «Чаму тады не звярнуцца да паліцыі?» Прычына ў тым, што я не сумняюся: удар нанясе не ён сам, а яго агенты. І я ўжо атрымаў цудоўнае пацверджанне гэтаму.
– На вас напалі?
– Дарагі мой Ўотсан, прафесар Марыярці не з тых, хто адкладае справу да святога ніколі. Апоўдні я выйшаў з дому, каб разабрацца з адным пытаннем на Оксфардстрыт. Як толькі я завярнуў за рог Бентынк-стрыт, каб перайсці Ўэлбэк-стрыт*, то ўбачыў, што на мяне з грукатам імчыць двухконны фургон. Ён імкліва набліжаўся, але ў апошнюю долю секунды я здолеў уратавацца, адскочыўшы на ходнік. Фургон павярнуў на Мэрылебанлэйн і тут жа знік. Я вырашыў трымацца ходніка, Ўотсан, але на Вір-стрыт з даху аднаго дома звалілася цагліна і ля самых маіх ног разбілася на кавалкі. Я паклікаў паліцыю, і яны агледзелі месца здарэння. На даху, падрыхтаваным да рамонту, былі складзеныя шыфер і цэгла, і мяне пачалі ўпэўніваць, што цагліну скінуў вецер. Я, безумоўна, ведаў лепш, але доказаў не меў, таму адразу ўзяў кэб і паехаў на Пэл-Мэл да брата, дзе і правёў дзень. Адтуль я пайшоў да вас, і па дарозе на мяне напаў нейкі галаварэз з дубінкай. Я паваліў яго і аддаў у рукі паліцыі, але з усёй упэўненасцю магу сказаць, што паміж джэнтльменам, аб пярэднія зубы якога я абдзёр сёння суставы, і сціплым выкладчыкам матэматыкі, які цяпер, магчыма, піша на дошцы задачу за дзесяць міляў адсюль, яна не знойдзе ніякай сувязі. Цяпер вы, Ўотсан, не будзеце здзіўляцца, чаму я, зайшоўшы ў пакой, адразу ж кінуўся зачыняць аканіцы і чаму быў вымушаны прасіць у вас дазволу пакінуць дом крыху менш кідкім спосабам, чым парадныя дзверы.
Я заўсёды захапляўся мужнасцю майго сябра, але мацней за ўсё – менавіта тады, калі ён спакойна пералічваў здарэнні дня, што склаўся так жахліва.
– Пераначуеце ў мяне? – спытаў я.
– Не, сябра, я для вас вельмі небяспечны госць. Я ўжо вызначыўся з планамі… усё будзе добра. Усё амаль скончана, арышты могуць адбыцца без майго ўдзелу, я спатрэблюся толькі для выстаўлення абвінавачання. Таму найлепшае, што я магу зрабіць, – гэта знікнуць на некалькі дзён, пакуль паліцыя не пачне свабодна дзейнічаць. І я буду вельмі рады, калі вы разам са мной паедзеце на кантынент.
– Пакуль у маёй практыцы зацішша, – адказаў я, – і сусед не супраць мяне замяніць. Я ахвотна паеду з вамі.
– Зможаце заўтра раніцай?
– Калі трэба.