Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Думаю, Ўотсан, я маю права сказаць, што пражыў жыццё не зусім дарэмна, – зазначаў ён. – І калі б я адышоў ад справаў ужо сёння, то мог бы спакойна азірацца на сваё мінулае. Дзякуючы мне паветра ў Лондане зрабілася чысцейшым. Я расследаваў больш чым тысячу справаў і думаю, што наўрад ці хоць раз стаў не на той бок. Апошнім часам загадкі, пастаўленыя прыродай, вабілі мяне больш, чым павярхоўныя праблемы, адказнасць за якія нясе нашае сапсаванае грамадства. У той дзень, калі маю кар’еру ўвянчае арышт ці знішчэнне самага таленавітага і небяспечнага злачынцы ў Еўропе, вашыя мемуары, Ўотсан, падыдуць да канца.

Цяпер я пастараюся каротка, але дакладна расказаць тое, што засталося. Мне не хацелася б затрымлівацца на гэтых падзеях, але я лічу сваім абавязкам не апусціць ніводнай падрабязнасці.

3 траўня мы дасягнулі вёсачкі Майрынген, дзе спыніліся ў гатэлі «Englischer Hof»*, які трымаў тады Петэр Штайлер-старэйшы. Наш гаспадар быў чалавекам кемным і, тры гады праслужыўшы афіцыянтам у лонданскім гатэлі «Гровенар», дасканала валодаў ангельскай. 4 траўня мы згодна з яго парадай выправіліся пасля абеду ў горы, збіраючыся пераначаваць у вёсцы Разэнлаў*. Нам настойліва раілі не абмінаць Райхенбахскага вадаспаду*, які ляжыць на сярэдзіне пад’ёму, а зрабіць невялікае кола і абавязкова яго агледзець.

Гэта было напраўду вусцішнае відовішча. Імклівы струмень, яшчэ магутнейшы ад расталага снегу, падае ў галаваломную бездань, з якой выбіваюцца пырскі, нібыта дым з ахопленага агнём дома. Ахаваная з аднаго боку бліскучай вугальна-чорнай стромай, бяздонная цясніна, у якую зрынаецца рака, унізе звужаецца і ператвараецца ў невымерна глыбокі правал, дзе, пераліваючыся цераз край і выплюхваючыся на зубчастыя выступы, кіпіць і пеніцца вада. І вельмі хутка ад гэтай бясконцай плыні зеленаватага колеру, што з вечным гулам падае ўніз, ад гэтай густой блішчастай завесы з пырскаў, што з вечным шыпеннем нясуцца ўгору, ад гэтага пастаяннага бурлення і грукату пачынае кружыцца галава.

Мы стаялі ля самага краю і назіралі за зіхценнем вады, якая далёка ўнізе разбівалася аб чорныя стромы, і чулі амаль чалавечы крык, што вырываўся з бездані разам з пырскамі.

Сцяжынка паўколам аббягала вадаспад, даючы магчымасць цудоўна яго разгледзець, але пасля нечакана абрывалася, і падарожнік, падняўшыся наверх, мусіў вяртацца. Мы акурат сабраліся павярнуць, калі ўбачылі хлопчыка-швейцарца, які падымаўся да нас з лістом у руцэ. На лісце быў штамп гатэля, які мы толькі што пакінулі, ён быў напісаны нашым гаспадаром і адрасаваны мне. Выявілася, што праз некалькі хвілінаў пасля нашага сыходу ў гатэль прыбыла ангельская лэдзі з туберкулёзам на апошняй стадыі. Яна правяла зіму ў Давас-Плацы і акурат ехала да сяброў у Люцэрн, калі ў яе пачаўся крывацёк*. Ёй засталося, відаць, не больш за некалькі гадзінаў, і бачыць побач ангельскага доктара было б для яе вялікім суцяшэннем, а таму, калі я змагу вярнуцца… і г.д. У постскрыптуме добры Штайлер дадаваў, што мая згода вельмі яго абавяжа, бо лэдзі адмаўляецца ад любой дапамогі швейцарскага доктара, і ён не можа ўзяць на сябе такую вялікую адказнасць.

Праігнараваць гэтую просьбу я не мог. Не мог не адказаць на мальбу суайчынніцы, што памірала ў чужой краіне. І ўсё ж я вагаўся, думаючы, ці можна пакідаць Холмса аднаго. Урэшце мы сышліся на тым, што я вярнуся ў Майрынген, а пры ім у якасці правадніка і спадарожніка застанецца наш пасланец. Холмс сказаў, што яшчэ пабудзе трошкі ля вадаспаду, а потым паціху пойдзе праз горы ў Разэнлаў, дзе ўвечары я да яго далучуся. Адыходзячы, я азірнуўся і ўбачыў Холмса, што прыхіліўся спінай да скалы і склаў рукі, назіраючы за імклівым рухам вады. Гэта быў апошні раз, калі я бачыў яго жывым.

Амаль спусціўшыся, я зноў азірнуўся. Убачыць адтуль вадаспад было немагчыма, але я заўважыў выгнутую паўколам сцяжынку, што вяла да яго, абвінаючы пагорак. Гэтай сцяжынкай, помніцца, вельмі хутка падымаўся нейкі чалавек.

Чорная фігура была выразна бачная на зялёным фоне. Я заўважыў яго і заўважыў, як энергічна ён падымаецца на пагорак, але неўзабаве пра ўсё гэта забыў, бо спяшаўся ў гатэль.

Прайшло, відаць, крыху больш за гадзіну, перш чым я дабраўся да Майрынгена. На ганку гатэля стаяў стары Штайлер.

– Ну як? – падбегшы, спытаў я. – Спадзяюся, ёй не горш?

Калі я ўбачыў здзіўленне на яго твары і паднятыя бровы, у мяне з грудзей ледзь не выскачыла сэрца.

– Значыць, вы гэтага не пісалі? – спытаў я, выцягваючы з кішэні ліст. – І ў гатэлі няма ніякай хворай англічанкі?

Перейти на страницу:

Похожие книги