Каб апісаць усё астатняе, хопіць некалькіх словаў. Эксперты агледзелі месца падзеяў і амаль не сумняваліся, што змаганне паміж двума людзьмі скончылася падзеннем счэпленых целаў у прорву. Зрэшты, іншы вынік наўрад ці магчымы. Пошукі парэшткаў плёну не прынеслі, і таму самы небяспечны злачынца і найвялікшы абаронца справядлівасці свайго пакалення навечна застануцца ў глыбіні вусцішнага катла, дзе віруе вада і бурліць пена. Маладога швейцарца так і не знайшлі – ён, без сумневу, быў адным са шматлікіх агентаў, якія працавалі на Марыярці. Што да хеўры, то грамадства надоўга запомніць, з якой відавочнасцю доказы, сабраныя Холмсам, выкрылі яе дзейнасць і якой моцнай рукой трымаў яе прафесар. Падчас працэсу жахлівага кіраўніка хеўры амаль не закраналі, і калі я спыняюся ў гэтай нататцы на яго ўчынках, то толькі праз неасцярожных абаронцаў, што спрабуюць абяліць яго памяць, нападаючы на чалавека, якога я лічыў і заўсёды буду лічыць найлепшым і найразумнейшым з усіх, каго я ведаў.
Пераклала Ганна ЯнкутаКаментар
Срэбны Месяц
Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў снежні 1892 году ў Strand Magazine
.
Дартмур
– узгорыста-балоцістая мясцовасць у графстве Дэван на паўднёвым захадзе Англіі.
Ўэсэкскі кубак
– выдуманыя Дойлам спаборніцтвы. Аднак у Дэване сапраўды знаходзіцца вялікая колькасць стайняў і іпадромаў.
«Шэрлак Холмс, чый худы твар аблямоўвала падарожная шапка з вісячымі вушамі…»
– Дойл толькі аднойчы згадвае падарожную шапку з вісячымі вушамі на Шэрлаку Холмсу. Аднак ілюстратар Сідні Пэджэт інтэрпрэтаваў яе як шапку для палявання на аленяў з двума казыркамі. З тых часоў мільёны чытачоў уяўляюць Холмса пастаянным прыхільнікам гэтага эксцэнтрычнага галаўнога ўбора.
«Але тэлеграфныя слупы ўздоўж гэтай лініі стаяць за шэсцьдзесят ярдаў адзін ад аднаго, так што падлічыць нескладана…»
– вылічыць хуткасць цягніка з дакладнасцю да паўмілі зусім не так проста, як сцвярджае Холмс. Існуе меркаванне, што ён дадаў да сваіх разлікаў паўмілі, каб уразіць Ўотсана.
«Дэйлі Тэлеграф»
– штодзённая ранішняя шырокафарматная газета, якая выдаецца ў Лондане па-ангельску і распаўсюджваецца ў Вялікабрытаніі і за мяжой. У 1857 годзе пачала выкарыстоўваць сістэму абаненцкіх нумароў для прыватных абвестак, якая так палюбілася Шэрлаку Холмсу (і Дойлу), таму што давала магчымасць накіроўваць ананімныя паведамленні і адказы на іх на пэўную абаненцкую скрыню. Неўзабаве іншыя газеты перанялі гэтую сістэму. Прыватныя абвесткі і абаненцкія скрыні фігуруюць у шэрагу апавяданняў пра Шэрлака Холмса (гл. апавяданне «Грэк-перакладчык»). «Дэйлі Кронікл» выдавалася з 1872 па 1930 г.
Ісанамія
– чыстакроўны верхавы конь з такой мянушкай сапраўды існаваў (травень 1875 – красавік 1981). Ён быў пераможцам шэрагу скачак і знакамітым жарабцом-вытворнікам. У перакладзе са старагрэцкай слова «ісанамія» перакладаецца як «роўнасць перад законам».
«Былы жакей, які выступаў пад колерамі палкоўніка Роса, пакуль не зрабіўся зацяжкім для ўзважвання з сядлом…»
– кожная стайня мела свае колеры, адпаведна з якімі жакеям шыліся касцюмы. Перад спаборніцтвамі жакеяў узважвалі разам з сёдламі. Для забеспячэння роўных умоваў для ўсіх у сядло маглі дадаваць свінцовыя грузы.
Гандыкап
– спосаб зраўняць у спартыўных спаборніцтвах магчымасці слабейшых удзельнікаў з мацнейшымі. У конным спорце выкарыстоўваецца для выроўнівання магчымасцяў коней рознага ўзросту, з рознай колькасцю паспяховых выступленняў і інш. Практыкуецца дыстанцыйны гандыкап (розная даўжыня дыстанцыі для розных удзельнікаў), вагавы (коням дадаецца дадатковы груз пэўнай вагі) і па хуткасці (вынікі хуткасці могуць быць павялічаныя або зменшаныя на спаборніцтвах па дыстанцыйных конных прабегах). У дадзеным выпадку маецца на ўвазе вагавы гандыкап.
Фурлонг
– брытанская і амерыканская адзінка вымярэння адлегласці, прыкладна роўная 1/8 мілі, альбо 220 ярдам, альбо 201,16 м. 5 фурлонгаў прыкладна адпавядае 1 км. Дагэтуль выкарыстоўваецца як адзінка вымярэння адлегласці на скачках у Вялікабрытаніі, Ірландыі і ЗША.
«Ага, дык вы адзін з гэтых клятых спекулянтаў…»
– на скачках спекулянтамі называлі людзей, якія куплялі і прадавалі інфармацыю пра коней-удзельнікаў.
Макінтош
– плашч з непрамакальнай прагумаванай тканіны, быў у модзе ў сярэдзіне ХІХ ст.
Пінанг
– востраў у Малайзіі, колішняя брытанская калонія.
Умбон
– металічная бляха-накладка паўсферычнай або канічнай формы, змешчаная пасярэдзіне шчыта, якая абараняе руку воіна ад удараў, што прабіваюць шчыт.