«Мястэчка Тавісток, якое <…> ляжыць у цэнтры Дартмура…»
– насамрэч Тавісток знаходзіцца каля заходняй мяжы Дартмура.
Ландо
– лёгкая чатырохмесная павозка з дахам, які складваецца наперад і назад. Назва ўтварылася ад назвы горада Ландаў-ін-дэр-Пфальц у Германіі, дзе павозкі гэтага тыпу былі распрацаваныя ў XVIII стагоддзі.
Васковыя запалкі
– запалкі, якія могуць выкарыстоўвацца пры любым надвор’і, нават у дождж.
A.D.P.
– вытворца брыяравых люлек за часамі Дойла. Брыяравая люлька – люлька, якая робіцца з выкарыстаннем брыяру, матэрыялу са шчыльнага дрэвападобнага нарасту паміж коранем і ствалом эрыкі дрэвападобнай (Erica arborea) сямейства верасовых. Хоць эрыка дрэвападобная пашыраная на шырокім арэале, але толькі міжземнаморскі брыяр, які вырас на сухіх глебах, што змяшчаюць вялікую колькасць крэмнію, дае неабходную па якасці, гарачаўстойлівасці і трываласці сыравіну для вырабу люлек.
«Вайс і Ко, Лондан»
– лонданскі вытворца высакаякасных хірургічных інструментаў.
«Дваццаць дзве гінеі – даволі шыкоўна за адзін убор…»
– фунт адпавядаў 20 шылінгам, а гінея – 21. Адпаведна, згаданая вышэй сума ў 37 фунтаў і 15 шылінгаў прыкладна адпавядала 36 гінеям, 22 з якіх пайшлі на адзін убор.
«Холмс па чарзе выцягваў абутак з торбы, параўноўваючы малюнак падэшваў з адбіткамі ў брудзе…»
– за часамі Дойла судова-медыцынская экспертыза была на пачатковым этапе развіцця, і некаторыя з метадаў, якія выкарыстоўвае Холмс, былі зусім новымі для паліцыі.
«Мы ўявілі, як маглі б развівацца падзеі, дзейнічалі адпаведна сваёй версіі і ўрэшце атрымалі ёй пацверджанне…»
– у адным з апавяданняў («Другая пляма») Холмс рашуча асуджае такі метад: «Уяўляць штосьці, яшчэ не пацверджанае фактамі, – фатальная памылка».
50 cаверэнаў падпісных
– такія ўмовы ўдзелу ў скачках азначаюць, што калі конь з нейкіх прычын не паўдзельнічае ў спаборніцтве, яго гаспадару вернуць толькі палову ад сумы, заплачанай за ўдзел.
Пульманаўскі вагон
– вялікі камфартабельны пасажырскі чыгуначны вагон, названы паводле імені амерыканскага фабрыканта і вынаходніка спальных вагонаў. У сістэме фармавання цягнікоў Пульманам была прапанаваная кампаноўка з вагонамрэстаранам. Прыклад саставаў, якія фармаваліся такімі вагонамі, – вядомы «Усходні экспрэс».
«Меней чым праз дзесяць хвілін будзем на станцыі Вікторыя…»
– насамрэч Холмс і Ўотсан мусяць вяртацца ў Лондан з Ўінчэстэра праз станцыю Ватэрлоа, а не Вікторыя, на якую не падаюцца цягнікі з паўднёвага захаду Англіі.Кардонная скрынка
Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў студзені 1893 году ў Strand Magazine
. Гісторыя наступных публікацый гэтага апавядання даволі складаная. Яно не трапіла ў першае брытанскае выданне «Нататак пра Шэрлака Холмса». «У гісторыі пра кардонную скрынку ёсць відавочныя згадкі пра інтымнае жыццё, вось чаму я адмовіўся ўключаць гэтае апавяданне ў кнігу», – напісаў Дойл у прыватным лісце. Даследчыкі тлумачаць такое рашэнне тым, што такое апавяданне не падыходзіць для маладых чытачоў. У пазнейшых брытанскіх выданнях апавяданне «Кардонная скрынка» вярнулі ў зборнік, аднак у большасці амерыканскіх выданняў яно дагэтуль друкуецца не ў «Нататках пра Шэрлака Холмса», а ў зборніку «Яго апошні паклон». Укладальнікі беларускіх «Нататак пра Шэрлака Холмса» кіраваліся брытанскімі выданнямі.
«Бэйкер-стрыт нагадвала печку, а зіхоткага сонечнага святла, што падала на жоўты цагляны дом праз дарогу, не маглі вытрымаць вочы…»
– апісанне не адпавядае рэчаіснасці: насамрэч дом насупраць пабудаваны з чырвонай цэглы.
Дзевяноста градусаў
– маюцца на ўвазе градусы паводле шкалы Фарэнгейта; гэта прыкладна адпавядае 32° паводле Цэльсія.
Нью-Форэст
– нацыянальны парк на поўдні Англіі.
Саўтсі
– марскі курорт ля Портсмута, Хэмпшыр.
«…зусім нядаўна я чытаў вам урывак з аднаго апавядання По, дзе герой робіць выснову з непрамоўленых думак свайго кампаньёна…»
– гаворка пра апавяданне Эдгара По «Забойствы на вуліцы Морг», герой якога Агюст Дзюпэн, правобраз практычна ўсіх літаратурных дэтэктываў, дэманструе свайму сябру прыкладна такі ж механізм разважанняў, як Холмс – Ўотсану. На беларускую мову апавяданне «Забойствы на вуліцы Морг» пераклаў Уладзімір Шчасны.