Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткі аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугі могуць Вам спатрэбіцца.
Вы не маглі, вядома, не заўважыць, што ў жыцці нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такія фатальныя акалічнасці, з якімі нельга змагацца, і тады прыходзіць думка аб смерці, як аб жаданым ратунку.
Заплюшчыць вочы, заснуць, каб ніколі больш не прачынацца, не чуць ні пытанняў, ні папрокаў… Многія з нас мелі такое жаданне, марылі аб гэтым… Аднак, за вельмі рэдкім выключэннем, людзі не адважваюцца вызваліцца ад сваіх пакут, і гэта зусім зразумела, калі ўспамінаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабіць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзін хацеў пусціць сабе кулю ў лоб, а зачапіў зрокавы нерв і аслеп. Другі, жадаючы навекі заснуць, выпіў снатворнага, але памыліўся дозай і прачнуўся дні праз тры паралізаваны, без памяці, з хваробай мозгу. Самагубства – гэта мастацтва, якое патрабуе культуры і не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.
Маючы гэтакі вопыт, дарагі пан Манье, і, спадзеючыся, што закранутая намі праблема Вас цікавіць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугі. З'яўляючыся ўладальнікамі гатэля, які знаходзіцца на граніцы Злучаных Штатаў і Мексікі і, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасці, пазбаўлены афіцыйнага кантролю і дакучлівых прыватных візітаў, мы прыйшлі да пераканання, што наш абавязак – дапамагаць чалавецтву і тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных і няўхільных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут і, асмелімся сцвярджаць, без усякай рызыкі.
У гатэлі «Танатос Палац» смерць спаткае Вас у сне далікатна і без болю. Тэхнічная спрактыкаванасць, набытая намі за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькі за апошні год мы абслужылі больш за дзве тысячы кліентаў), дазваляе нам гарантаваць і надзейнасць дазіроўкі і хуткі рэзультат. Дададзім таксама, што кліентаў, якіх мучаць сумленне альбо перакананні рэлігійнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намі адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасці.
Мы вельмі добра ведаем, што большасць нашых кліентаў абмежавана ў сродках, бо схільнасць да самагубства, як правіла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскім рахунку. А таму, ніколькі не ахвяруючы камфортам, мы давялі расцэнкі «Танатоса» да мінімуму. Каб пасяліцца ў нас, даволі трохсот даляраў, якія ўносяцца адразу. Гэты невялікі ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмін Вашага знаходжання ў нашым гатэлі – тэрмін, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце – і пакрые выдаткі па самой аперацыі, па пахаванню і па нагляду за магілай.
Таксама важна дадаць, што «Танатос» знаходзіцца на ўлонні прыроды ў цудоўнай мясцовасці, мае чатыры тэнісныя корты, пляцоўку для гульні ў гольф і вялізны басейн для плавання. Кліентура гатэля складаецца з асоб мужчынскага і жаночага полу і амаль уся належыць да высокіх і вытанчаных пластоў грамадства. Сацыяльная згода, якая пануе ў нашым гатэлі, памножаная на незвычайнасць сітуацыі, надае адпачынку ў ім ні з чым не параўнаную прывабнасць. Пасажыраў, што едуць да нас, просім выходзіць на станцыі Дымінг, дзе іх чакае спецыяльны аўтобус гатэля. Аб прыездзе просім паведаміць загадзя, за два дні наперад, пісьмом альбо тэлеграфна. Наш тэлеграфны адрас: «Танатос», Каранада, Нью-Мексіка.