– Гора навучыць, – уздыхнула Клара. – А цяпер раскажыце мне, як вы тут апынуліся.
Выслухаўшы расказ Жана Манье, яна яго строга адчытала.
– Не магу паверыць! – сказала яна. – Як?.. Вы хочаце памерці толькі таму, што панізілася цана вашых акцый? Няўжо вы не разумееце, што праз год, праз два, самае большае праз тры, калі ў вас хопіць мужнасці жыць, вы ўсё гэта забудзеце і, можа, нават вернеце свае страты?..
– Мае страты – не галоўная прычына. Гэта сапраўды не мела б значэння, каб у маім жыцці захаваўся які-небудзь сэнс… Але я ўжо казаў вам, што ад мяне адмовілася жонка… У Францыі ў мяне няма ні блізкай радні, ці сябровак. І яшчэ, каб ужо да канца быць шчырым, скажу, – я калісьці пакінуў сваю бацькаўшчыну праз адну вялікую няўдачу ў каханні. За каго ж мне цяпер змагацца?
– Як за каго? За самога сябе… За тых, хто вас пакахае, а ўсё гэта яшчэ будзе на вашым шляху… Калі вы пераканаліся, што некаторыя жанчыны ў цяжкую для вас хвіліну паводзілі сябе агідна, не судзіце несправядліва аб усіх іншых.
– Вы сур'ёзна думаеце, што на свеце ёсць жанчына… Я хачу сказаць, жанчыны, якіх я мог бы пакахаць… і якія згадзіліся б некалькі гадоў жыць у галечы, у беднасці, у пастаянным змаганні?..
– Я ў гэтым упэўнена, – сказала яна. – Ёсць жанчыны, якія любяць барацьбу, а ў беднасці знаходзяць для сябе нават нейкую рамантычную асалоду… Напрыклад, я.
– Вы?
– О, я толькі хацела сказаць, што…
Засаромеўшыся, яна абарвала размову, потым дадала:
– Мне здаецца, нам пара вярнуцца ў салон. У сталовай мы засталіся адны, і метрдатэль ходзіць вакол нас, як на іголках.
– А вы не думаеце, – запытаў Жан Манье, накідваючы на плечы Клары Кірбі-Шоў гарнастаевы паланцін, – вы не думаеце… што ў гэтую ноч?..
– О не, – сказала яна. – Вы ж толькі што прыехалі…
– А вы?
– А я ўжо тут два дні.
Развітваючыся, яны дамовіліся заўтра раніцай зрабіць невялічкую прагулку ў горы.
Ранішняе сонца паклала наўскос на веранду свой прамяністы абрус. Жан Манье, асвяжыўшыся пад ледзяным душам, злавіў сябе на думцы: «Да чаго ўсё ж такі добра жыць на свеце!..» Але тут ён успомніў, што ў яго засталося ўсяго некалькі даляраў і некалькі дзён жыцця. Ён уздыхнуў:
«Ужо дзесяць гадзін!.. Клара, напэўна, мяне чакае…»
Ён паспешна адзеўся і ў белым палатняным касцюме адчуваў сябе бадзёра і лёгка. Ён знайшоў Клару Кірбі-Шоў каля тэніснай пляцоўкі, яна таксама была ў белым і гуляла ў суправаджэнні дзвюх маладзенькіх аўстрыек, якія ў момант разбегліся, убачыўшы француза.
– Я іх напалохаў?
– Дзяўчаткі вельмі баязлівыя… Яны мне расказалі сваю гісторыю.
– Цікава!.. Спадзяюся, вы мне яе перакажаце… Вы хоць трошкі спалі ўночы?
– О так, і даволі моцна. Мне здаецца, гэты хітры Берстэкер нам чагосьці падсыпае на сон.
– Не думаю, – сказаў ён. – Спаў я нармальна і прачнуўся зусім здаровы.
Праз хвіліну ён дадаў:
– І вельмі шчаслівы.
Яна зірнула на яго з усмешкай і прамаўчала.
– Давайце пойдзем гэтаю сцежкай, – параіў Манье, – і вы мне раскажаце пра маладзенькіх аўстрыек… Вы будзеце маёй Шэхеразадай…
– Але ў нас не будзе тысячы і адной ночы.
– У нас?.. Вы кажаце… у нас?.. Эх!..
Яна спыніла яго:
– Дзяўчынкі гэтыя – блізняты, дзве сястры. Яны разам выхоўваліся, спачатку ў Вене, потым у Будапешце, і не было ў іх ніякіх блізкіх сяброў. У васемнаццаць год ім папаўся нейкі венгерац, арыстакрат, са знатнай фаміліі, прыгожы, як анёл, і музыкальны, як цыган, і абедзве адразу страшэнна закахаліся ў яго. Праз некалькі месяцаў ён пасватаўся да аднае з сясцёр. Другая з роспачы прабавала ўтапіцца, але няўдала. Тады тая, якой граф Нікі зрабіў прапанову, вырашыла адмовіць яму. І сентыментальныя дзяўчынкі надумаліся памерці разам. А тут якраз падаспеў, як мне і вам, праспект гатэля «Танатос».
– Якое вар'яцтва! – сказаў Жан Манье. – Яны ж маладыя і прыгожыя… Ну чаму б ім не жыць у Амерыцы, хіба на свеце мала добрых хлопцаў, якіх можна палюбіць? Трошкі цярпення, і ўсё наладзілася б…
– Сюды якраз і едуць тыя, у каго няма цярпення, – журботна прамовіла Клара. – Усе мы разважаем разумна, калі справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасці перажыць чужое ліха.
Цэлы дзень жыхары «Танатоса» маглі назіраць, як двое ў белым, мужчына і жанчына, блукалі па алеях парка, каля падножжа скал і над прорвай. Яны горача аб нечым спрачаліся… І толькі, калі пачало змяркацца, накіраваліся ў гатэль.
Садоўнік-мексіканец, убачыўшы, што яны ідуць абняўшыся, сарамліва адвярнуўся.
Пасля вячэры Жан Манье прывёў місіс Кірбі-Шоў у маленькую пустую гасціную і там увесь вечар нешта шаптаў ёй, і гэта, здавалася, яе вельмі кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваім кабінеце, сядзеў у крэсле і гартаў вялікую чорную кнігу. Пан Берстэкер правяраў рахункі і час ад часу чырвоным алоўкам закрэсліваў у кнізе радок.
– Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?
– О так, пан Берстэкер… Ва ўсякім разе я спадзяюся… Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзівіць… Перамена такая раптоўная… Але жыццё ёсць жыццё… Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў… Я не хачу паміраць.