Читаем Навелы полностью

Яна скінула пальчатку і працягнула яму руку, белую, тонкую, з пярсцёнкам на пальцы.

У наступны чацвер яны прыйшлі на могілкі кожны са свайго боку, потым, не дамаўляючыся, сустрэліся на вуліцы, разам дайшлі да стаянкі і селі ў адно таксі. Па дарозе яна сказала: «Я абдумала вашу шчырую прапанову. Мне здаецца, яе можна прыняць. Яно сапраўды неразумна кожны раз плаціць за два таксі. І мне з вамі добра. Праз тыдзень я заеду па вас».

Гэта стала ў іх як абрад. Яна прыязджала на вуліцу Помп з кветкамі на каленях, ён стаяў на ганку з букетам у руцэ. Таксі спынялася, Эцьен садзіўся. Яны вырашылі не даязджаць да брамы могільніка, а выходзіць на рагу, дзе іх не маглі бачыць вартаўнікі. Яны ішлі паасобку, на пэўнай адлегласці, перад гэтым па-змоўніцку шапнуўшы адно аднаму «да скорага пабачэння».

Пасля некалькіх сумесных падарожжаў яны гаварылі ўжо аб усім. Спачатку тэмай для размовы былі кветкі. Абое любілі летнія, асабліва набор палявых – васількі са сцяблінкамі зялёнага аўса. Цяпер яны складалі букеты для сваіх нябожчыкаў, вядома, і, мабыць, крыху для саміх сябе.

Эцьен, які, займаючыся крытыкай, павінен быў многа чытаць, памагаў маладой жанчыне павышаць адукацыю, даставаў і прыносіў ёй патрэбныя кнігі. Калі яна іх аддавала, ён дзівіўся дакладнасці яе тлумачэнняў. Яна была больш сур'ёзная, чым Люсіль. Але, злавіўшы ў сабе гэту думку, ён тут жа папракнуў сябе.

Па ўзаемнай згодзе яны ўсё лета заставаліся ў Парыжы, калі не лічыць кароткатэрміновых паездак да сваякоў у правінцыю. Гадавіна смерці Люсілі прыпадала на ліпень. Яго глыбока кранула, калі на жалобнай імшы ў касцёле ён убачыў у куточку ў апошнім радзе Габрыелу Канстан. Цяпер ён ужо ведаў імя дамы ў чорным.

– Мне не падабаецца гэта імя, – сказала яму Габрыела, – але ў нашай сям'і яно традыцыйнае.

У жніўні, калі стала асабліва горача, яна змяніла колер на чорна-белы.

– Антуан не любіў бачыць мяне ў чорным, – растлумачыла яна, крыху саромеючыся.

Аднаго разу вечарам ён запрасіў яе паабедаць за горадам на вольным паветры.

– Антуан з прыемнасцю абедаў у Булонскім Лесе, там сапраўды цудоўна. Парыж, перамешаны з дрэвамі… Часта, вярнуўшыся з канторы, ён раптоўна прапаноўваў: «Слухай… Хадзем у Лес…» Слаўны быў муж!

– Гэта не вельмі цяжка з такой жанчынай, як вы.

– Чаму?

– А таму, што ў вас ёсць усё: прыгажосць, розум, лагодны характар.

– Не спяшайцеся з вывадамі. Вы мяне не знаеце. Беднаму Антуану я калісьці рабіла жудасныя сцэны.

– Няўжо? Нешта не магу вас уявіць у такой ролі.

Яна засмяялася, але, схамянуўшыся, зноў напусціла на сябе смутак.

– Так, так! Бедны Антуан… Ён быў надзвычай раўнівы… Упэўненая ў сваёй вернасці, часам я жартавала з агнём. Мой муж злаваўся; я гэтак жа не давала спуску. Шкадую, што парой крыўдзіла яго… Але часта ён сам быў вінаваты.

Раптам, у парыве раскаяння, зірнула на Эцьена са страхам, спадзяваннем і любоўю.

– Божа мой, нашто я вам гэта гавару? Забудзьце… Гэты дзівосны вечар абуджае давер'е, нават рызыкоўнае… Мне так быў патрэбен, – прамовіла яна з адчаем, – гэтакі вечар, каб ён быў тут… са мною…

У цемнаце пацяклі слёзы. Яна адвярнулася і выцерла вочы.

– Урэшце я маладая, зусім маладая, і жыццё маё скончана… Я самая няшчасная з жанчын.

Эцьен дакрануўся да яе рукі:

– Не, няпраўда, што для вас усё скончана… Жыццё не такое… Вясна вяртаецца… На кожную пару – свае кветкі… Аддавацца цалкам мінуламу – шкодна для здароўя і неразумна. Гэта значыць, пазбаўляць успаміны іх гуманістычнай сутнасці. Толькі так. Бо іх прызначэнне – падтрымліваць нас у жыцці, а не перашкаджаць нам, умацоўваць наш дух, а не расслабляць яго… Паколькі вы і я, мы абое, былі ў шлюбе шчаслівыя, мы ведаем добра, што гарманічны шлюб магчымы… Вы не верыце?

Яна не адымала рукі, глядзела на яго мокрымі ад слёз вачамі, нібы пыталася, потым заківала галавой:

– Не, я не веру… Сумна не тое, што адчуваеш сум, а тое, што можна і не сумаваць… Я дала слова быць вернай.

– Я таксама! – адказаў ён жорстка. – Вось таму і боль, што любім.

Афіцыянт запытаўся, што падаць на дэсерт. Яна заказала трускалкі з цукрам і перавяла размову на тэмы нейтральныя.

Назаўтра яна з'явілася, як заўсёды, каб разам ехаць на могілкі. Усю дарогу ім было не па сабе. Шафёр папаўся зласлівы і гаваркі, увесь час бурчаў на прахожых, на паліцыю, на пагоду. Паглыбленыя ў свой роздум, яны даўжэй, чым звычайна, затрымаліся каля магіл. Выйшаўшы з алеі, яны прайшлі каля кучы камення – міма разбітых абеліскаў і пліт, дзе яшчэ можна было прачытаць: «Вечная па…», «Дарагой жон…» Габрыела спынілася.

– Гэта ўсё з тых участкаў, якія не даглядаюцца, – сказаў Эцьен. – Калі нябожчыка ніхто не наведвае на працягу пэўнай колькасці год і магіла разбураецца, яе ліквідуюць, каб ачысціць месца для іншых.

– Эцьен, – яна ўпершыню назвала яго па імені. – Як гэта сумна! Мёртвыя, у якіх нікога няма, якіх ніхто не шкадуе, паміраюць яшчэ раз.

Ён узяў яе за руку, і яна прытулілася да яго.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза