Читаем Навелы полностью

– Праўда, – пацвердзіла яна. – Вы былі ўдзельнікам гэтай недарэчнай экспедыцыі. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загінулі.

Яна на хвіліну спынілася, перад ёю паставілі блюда з закускай, потым, не павышаючы голасу, загаварыла далей:

– Тады вы, напэўна, бачылі ў нас Анжэліні… Вы ведаеце, яго забілі, небараку…

– Не, я не чуў… У гэтую вайну?

– Так, у Італіі… Ён камандаваў дывізіяй у баі каля Монтэ Касіна. Там і застаўся… Шкада! Мог бы зрабіць бліскучую кар'еру! Мой муж яго вельмі цаніў.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем і сам у сябе пытаўся: няўжо яна не адчувае, што яе словы мяне глыбока ўразілі. Выгляд у яе быў нявінны, незалежны, прыстойна маркотны, як бывае, калі гавораць аб смерці чужога чалавека. Тады я зразумеў, што маска зноў на месцы і прыліпла так, што стала яе тварам. Жызэль забыла, што я ведаў яе тайну.

Вяртанне з палону

Гэта – праўдзівая гісторыя. Падзея адбылася ў 1945 годзе ў французскім сяле, якое мы назавём умоўна Шардэйль, сапраўдную ж назву пакінем у сакрэце па прычынах зразумелых. Пачалося гэта яшчэ ў цягніку, які вёз з Германіі палонных французаў. Іх было дванаццаць у купэ, разлічаным на дзесяць. Страшэнна змораныя, яны сядзелі ў цеснаце, але ўсхваляваныя і шчаслівыя, бо ведалі, што нарэшце, пасля пяці гадоў разлукі, ізноў пабачаць сваю радзіму, свой дом, сваю сям'ю.

Усю дарогу перад вачамі амаль кожнага з іх стаяў адзіны вобраз, які ніяк не выходзіў з галавы, – вобраз жонкі. Кожны думаў аб ёй з любоўю, з надзеяй, некаторыя з трывогай. Ці такая яна, як была? Ці захавала вернасць? Каго яна бачыла, што рабіла ў гэтыя цяжкія гады чакання і адзіноты? Ці можна будзе жыць з ёю разам, як і раней? Тыя, хто меў дзяцей, былі спакайнейшыя. Іхнім жонкам трэба было выхоўваць малых, і прысутнасць дзяцей, якія з цікавасцю сустрэнуць бацьку, уцешыць у першыя дні.

У кутку купэ сядзеў высокі худы чалавек. Яго бледны гарачы твар і бліскучыя вочы хутчэй нагадвалі іспанца, чым француза. Прозвішча яго – Рэно Леймары, а родам ён быў з Шардэйля з паўднёва-заходняй правінцыі Перыгор. Цягнік імчаўся ўночы. Глуха грукаталі колы, і толькі свісток паравоза час ад часу парушаў іх аднастайны, імклівы рытм. Леймары размаўляў са сваім суседам:

– Скажы мне, Сатурнін, ты жанаты?

– А то як жа. Вядома, жанаты… Гады два да вайны, і хлопчыкаў двое… Завуць яе Марта. Хочаш, пакажу?

Сатурнін, вясёлы нізенькі чалавек са шрамамі на твары, выцягнуў з унутранай кішэні стары зашмальцаваны бумажнік і з гордасцю паказаў яму парваную фотакартку.

– Ого, якая ў цябе красуня! – пахваліў Леймары. – І табе не боязна вяртацца дадому?

– Боязна?.. Ды я ад радасці скакаць гатоў. Чаму боязна?

– А таму, што яна прыгожая і адна, а навокал столькі ўсякіх розных…

– Глупства гародзіш! Для Марты існую толькі я… Мы жылі разам так шчасліва… І калі я табе пакажу яе лісты за гэтыя пяць гадоў…

– Ат! Лісты! Гэта нічога не даказвае… Я таксама атрымліваў добрыя лісты… І ўсё ж мне боязна.

– Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?

– Наадварот… Ва ўсякім разе раней… Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто іншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажаніліся, і хоць бы хмурыначка.

– Ну то чаго ж ты?

– Гэта залежыць ад характару, братка… Я з тых людзей, якія не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, і разумнейшая, і прыгажэйшая… Яна жанчына адукаваная і ўмее ўсё рабіць… За матэрыю возьмецца і такое плацце выштукуе – любата… Або хату абставіць, звычайную, сялянскую, – заходзіш, як у рай… Вось я і думаю, у часе вайны колькі ўсякіх бежанцаў у нас перабывала і сярод іх, мабыць, пападаліся хлопцы больш відныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма… саюзнікі… Першая красуня на сяле, напэўна, трапілася ім на вока.

– Ну і што з таго? Калі яна цябе любіць…

– Так то яно так, братка, але ты ўяві сабе, што значыць быць адной пяць гадоў… Шардэйль жа не яе радзіма, а мая. У яе там ні сваякоў, ні блізкіх. Спакуса была вялікая.

– Глупства гародзіш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкі кручаны… Дапусцім, і было нешта такое… Дык што ж тады на сцяну лезці, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваім мужам лічыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: «Маўчы і не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мір і ўсё трэба пачынаць спачатку».

– Гэта не ў маёй натуры, – рашуча сказаў Леймары. – Калі я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку…

– Ну і што ты ёй зробіш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкі мазгоў у галаве?

– Не, я ёй нічога не зраблю. Нават ліхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знікну. Знайду сабе якую-небудзь мясціну і буду жыць пад чужым прозвішчам. Пакіну ёй грошы, хату, маёмасць… Мне нічога не трэба, у мяне ёсць прафесія… Не прападу, наладжу жыццё… Можа, гэта і неразумна, але я такі: усё або нічога.

Засвістаў паравоз, заскрыгаталі стрэлкі, цягнік набліжаўся да станцыі. Двое падарожных спынілі размову.

* * *

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза