Читаем Навелы полностью

Напалоханы маўчаннем, ён падышоў бліжэй і ўбачыў праз акно стол, сервіраваны на дваіх, кветкі і бутэльку віна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахіснуўся і прытуліўся да сцяны.

«Божа! – падумаў ён… – Яна жыве не адна!»

Калі праз гадзіну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:

– Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён і твару не паказаў.

– Пабег?.. Куды? У якім кірунку?

– На Тывіе.

Яна кінулася да мэра, які нічога не ведаў.

– Баюся, пане мэр… Страшэнна баюся… Рэно – чалавек уражлівы і вельмі раўнівы… На стале былі прыборы… Ён іх бачыў і не здагадаўся, што гэта яму… яму я паставіла… Пане мэр, знайдзіце яго зараз жа!.. Знайдзіце!.. Ён такі, што можа не вярнуцца… А я ж яго так люблю!

Мэр спешна паслаў веласіпедыста на станцыю Тывіе, падняў на ногі паліцыю, але Рэно Леймары знік. Элен прасядзела каля стала ўсю ноч. Было душна, горача. Пачалі ўжо і кветкі вянуць… Яна нічога не ела.

Прайшоў дзень, потым тыдзень, потым месяц…

Ужо больш як два гады мінула з таго часу, а пра яго ніякіх чутак. Я запісаў гэту трагічную гісторыю ў надзеі, што ён яе прачытае і вернецца.

Пачатак жанчыны

– Газон у іх падстрыжаны бездакорна, – заўважыла мадам Бланшар з павагай і задавальненнем.

Аўтамабіль аб’ехаў зялёны лужок з клумбай і спыніўся перад замкам. Выцягнуты ўдоўжкі, увесь белы, пакрыты шыферам, меў ён выгляд арыстакратычны. Пад франтонам залатыя літары, стылізаваныя пад старажытнасць, абвяшчалі: Каледждэ Сасі.

– Цудоўна! Цудоўна! – захаплялася мадам Бланшар.

– Пабачым, – прамовіла Ізабела.

Ёй было шаснаццаць; рослая, зграбная, яна ступала асцярожна, як кошка. Мадам Бланшар папрасіла дырэктрысу. Кансьержка пайшла далажыць і ўвяла іх у кабінет. Сучасная мэбля з металу і пластмасы крыху здзіўляла ў гэтым будынку эпохі Людовіка XIII. Твар дырэктрысы ўнёс належную яснасць. Яшчэ маладая, у строгім касцюме, акантаваным спадыспаду вузкай чырвонай істужкай, яна з’явілася я «увасабленне актыўнага мадэрнізму.

– Я прывяла вам Ізабелу, – сказала мадам Бланшар. – Ведаю, што мы прыехалі на дзень раней, але мой муж прызначаны на пасаду ў Токіо, і мы сёння ж вечарам павінны туды вылецець. Ах! Гэта беднае дзіця не мае сістэматычнай асветы, вучылася з перапынкамі… А як іначай? Дыпламат у наш бурны век… Апошнім часам яна прывыкла да школ амерыканскіх. Вось чаму мы падумалі, што ёй тут у вас будзе лепш, чым у ліцэі…

– У нас многа амерыканцаў, са Злучаных Штатаў і з Паўднёвай Амерыкі, – паведаміла дырэктрыса, – між іншым, як і французаў, што, як ваша дачка, уваходзяць у юнацтва без рэгулярнага абучэння ў класах. Заняткі ў нас самыя сур’ёзныя, але мы стараемся зрабіць жыццё нашых вучаніц прыемным. Дзяўчаты ездзяць вярхом, гуляюць у тэніс; мы вучым музыцы, танцам, сцэнічнаму майстэрству; перыядычна арганізоўваем невялікі баль. Раз у тыдзень тых, хто жадае, адпраўляем на вечар у Парыж паглядзець спектакль у Камедзі-Франсэз. Вы любіце тэатр, мадэмуазэль?

– Ну, так, – прамовіла Ізабела.

– Не чакайце доўгіх адказаў ад маёй дачкі, – папярэдзіла мадам Бланшар. – Ёсць у яе аб чым гаварыць, але яна ўсё хавае ў сабе. Патура маўклівая, самотная.

– О, тут у вас будзе пакаёвая кампаньёнка – «roommate», як кажуць нашы амерыканцы, – паведаміла дырэктрыса, – але яшчэ не скончыліся канікулы, і яна прыедзе толькі заўтра… Вам не будзе нудна заставацца цэлы вечар адной?

– Не, – прамовіла Ізабела.

– Бібліятэка ў вашым распараджэнні… і багаты набор пласцінак. Вы любіце музыку?

– Ну, так, – прамовіла Ізабела.

– Любіць, яшчэ як любіць! – пацвердзіла мадам Бланшар. – Кажа, што для працы ёй патрэбна музычная аснова… Ізабела можа быць выдатнай вучаніцай, калі ўпадабае сваіх настаўнікаў, але прывабіць маю дачку, божа мой, як цяжка!

Ізабела ўздыхнула. Яна не любіла, каб пра яе гаварылі, і пачала злавацца. «Ах, гэта мамачка! – думала яна. – Бессаромная, сентыментальная, трэпле абы-што, слова на языку не ўтрымае! Добра, што хутка паедзе… Дырэктрыса намякнула, што ёй няма часу… Тым лепш!» Мадам Бланшар і дырэктрыса адразу ж перайшлі да абмеркавання галоўнага: вучобы, здароўя, адзежы. («Так, у яе ёсць вячэрняе плацце… Рэйтузы для коннай язды? А як жа, ёсць, але мы не ўзялі іх з сабою. Я загадаю выслаць. Канькі? Пра гэта я не думала, але іх лёгка купіць».)

– Ну, вось і ўсё, – сказала дырэктрыса. – Спадзяюся, вашай дачцэ тут спадабаецца.

– Не ведаю, – прамовіла Ізабела.

Надышла мінута развітання. Мадам Бланшар намерылася папоўніць гэтыя хвіліны мацярынскай ласкай і разумнымі парадамі, працягнула рукі, але Ізабела ўхілілася:

– Бывай, мама. Шчаслівага палёту ў Токіо!.. Цалуй тату.

– Ты яму напішаш.

– Магчыма.

Пасля ад’езду мадам Бланшар дырэктрыса даручыла Міс Бэрнс, выкладчыцы англійскай мовы, паказаць Ізабеле прасторныя класы, зал гімнастычны, зал музычны, спартыўную пляцоўку, вадаём для плавання, раку, сталовую і, нарэшце, пакоі гістарычных асоб. На тлумачэнні англічанкі Ізабела адказвала коратка, па прывычцы: «Ну так… Не… Магчыма… Я не ведаю».

– Я вас пакіну гадзіны на тры да абеду, – спыніўшыся, сказала міс Бэрнс. – Што вы мяркуеце рабіць?

– Я б хацела пабыць у бібліятэцы.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза