– Няпраўда! – прамовіла Жызэль. – Гавораць, але не так, як ён… I ў гэты момант мы пачулі першы гром, і адразу ж пасыпаліся буйныя кроплі дажджу. «Плацце, ваша плацце!» – крыкнуў ён і пацягнуў мяне ў аранжарэю… Памятаеш, там ёсць лаўка пад пальмамі? Мы селі. Ён абхапіў мяне за талію і хацеў пацалаваць…
– О, Жызэль!
– Што, о Жызэль? Хіба гэта не натуральна, калі мужчына з жанчынай цалуюцца?
– Яно-то так, але ж ты вельмі маладая… I ты яго зусім не ведаеш.
– Адкуль ты ўзяла? За гадзіну кахання чалавека можна пазнаць больш, чым за год нейтральных спатканняў. Зрэшты, ён ажэніцца са мной.
– Ён зрабіў табе прапанову?
– Зрабіў. Але спачатку павінен параіцца з бацькамі і начальствам.
– 3 начальствам? Пры чым тут начальства?
– У арміі так паложана… Ну і вось… калі ўсе разышліся, ён мне сказаў, што начуе ў каледжы і яму адвялі пакой блізка ад нашага, і папрасіў, каб я прыйшла да яго прадоўжыць размову.
– Жызэль!.. – закрычала я. – Ты не зробіш гэтага! Ты што, згадзілася? Які жах!.. Ты – вар’ятка!
– Я пачала з таго самага, – прамовіла Жызэль, – сказала яму, як і ты: вы – вар’ят… Гэта немагчыма… Са мною ў пакоі жыве яшчэ адна вучаніца, і нарэшце… «Вы пачакайце, – сказаў ён, – пакуль ваша сяброўка засне… Альбо растлумачце ёй… Калі яна ваша сяброўка, яна павінна быць такой жа чулай і смелай, як вы. I што тут дрэннага? Вы ж не думаеце, што я дазволю злоўжываць вашым юнацтвам, ды яшчэ ў маёй цёткі пад дахам? Не, я толькі хачу прадоўжыць наш цудоўны вечар, самы цудоўны ў маім жыцці… Такой магчымасці не будзе больш да таго дня, калі вы мне пазней дазволіце аб’яднаць мой лёс з вашым навекі… Вы пабачыце, як прыемна прабавіць ноч у шчырых размовах з сардэчным другам…» Я падумала: праўду ён кажа – і згадзілася.
– Жызэль, я цябе не выпушчу! Ты рызыкуеш сваёй рэпутацыяй, сваім шчасцем… I потым навошта? Хочаш стаць яго палюбоўніцай?..
– Не. У ім я не сумняваюся… Вось толькі хіба… баюся за сябе.
– А ты ўпэўнена, што яго кахаеш?
– Да шаленства!
Не ведаю, які д’ябал, вычытаны ў раманах, мяне тады натхніў. Фраза з «Дарыяна Грэя» вырвалася наперад і ўзбунтавала ўсе мае думкі: «Каб вызваліцца ад спакусы, трэба ёй паддацца».
– Ну што ж… Раз ты яго кахаеш, а ён цябе, – сказала я, – хай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе яго пакой?
– А як жа, другі ад нашага, справа.
– Што ж, ідзі!
Прайшла ўжо гадзіна, а яе няма.
– Палюбоўніцай? Не, – адказала яна. – Я цяпер проста яго прыналежнасць.
Я не пасмела болей распытваць. Яна раздзелася і лягла, не прамовіўшы ні слова. Праз некалькі хвілін Жызэль моцна заснула. Я села перад яе ложкам, ледзь не плачучы, і холад уварваўся ў маю душу. Яна не прачыналася, аж пакуль не празваніў званок. Я са страхам думала, хаця б не заўважылі іншыя, што мы нейкія разгубленыя, не такія, як звычайна. Але пасля балю ўсе былі змораныя, успаміналі сваё, і ніхто нічога не заўважыў. Паснедаўшы, Жызэль папрасіла, каб я правяла яе да аранжарэі. Ёй хацелася яшчэ раз зірнуць на тыя дэкарацыі, дзе адбылася сцэна, што перайначыла яе жыццё.
– Ну і што цяпер? – запытала я.
– Цяпер ён павінен мне напісаць і паведаміць, што думаюць яго бацькі.
– А хто яны?
– Бацька – генерал, у Брэтані… Гэта не зацягнецца.
– А твае бацькі?
– Перш чым ім пісаць, чакаю паведамлення ад Фабіяна… Так ці іначай, але мы пажэнімся. Гэта напэўна, трэба толькі пачакаць.
…Спадзяюся, яна не памыляецца, бо іначай не вытрымае, памрэ.