11 снежня.
– Ніякіх вестак. На Жызэль сумна глянуць. Дзіўлюся, як гэта настаўнікі не дакладваюць дырэкцыі, што першая ў класе вучаніца не рыхтуе ўрокаў і, калі пытаюцца, маўчыць альбо адказвае неўпапад. Праўда, зараз увесь каледж заняты падрыхтоўкай да свята, якое праз тыдзень адбудзецца на возеры на катку. Жызэль і я павінны танцаваць на лёдзе па-дэ-дэ, а толькі ці будзе Жызэль прысутнічаць? Нешта я не ўпэўнена. Учора ўвечары, лёгшы спаць, мы доўга і шчыра размаўлялі ў цемнаце з ложка ў ложак. Яна цвёрда вырашыла адправіцца да Фабіяна на кватэру на плошчу Пантэона, каб даведацца, што ёй рабіць. Калі ён гатовы ажаніцца з ёю зараз жа, то яна папросіць згоды ў сваіх бацькоў. А калі яму патрэбна адтэрмінаванне, і надоўга, то яна будзе жыць з ім пакуль што без усякага шлюбу. Вядома, гэта вельмі рызыкоўна, але ўсё ж лепш, сказала яна, чым няпэўнасць і разлука, што скарачаюць ёй жыццё, забіваючы без пары. Як ён яе прыме? Я прачытала апавяданне Мапасана, дзе маладыя людзі гавораць пра сваё каханне. Якія ж яны цынікі! Выхваляюцца перамогамі, ім весела, ім гэта пацеха. Калі Фабіян… Не, лепш не думаць. Гэта надта жахліва! Яна яму так верыць!..12 снежня.
– Нейкім цудам мы абедзве атрымалі дазвол пабыць заўтра вечарам у Камедзі-Франсэз, прычым адны, без нагляду. Я папярэдзіла, што нам прапанаваны білеты і месцы забяспечаны. У сапраўднасці ж мы выпрасілі іх у Фартуніо, які з далікатнасці не мог нам адмовіць. Я сказала яму: «Вы так цудоўна гаварылі пра Мюсэ і яго драматургію, месье, што нам да смерці хочацца пабачыць спектакль «Не прысягай ніколі», Расчулены Фартуніо ўгаварыў дырэктара, і той даў згоду, «паколькі мы дзяўчаты сур’ёзныя». Бедны месье Гардон! Усё наладзілася як мае быць. Амнібус завязе нас да Гарша прыедзе апоўначы назад, каб забраць нас з цягніка, які выходзіць з Парыжа ў ноль пятнаццаць. Я пайду ў тэатр, а Жызэль на плошчу Пантэона. Сустрэцца мы дамовіліся на вакзале. А што будзе, калі я вярнуся без яе? Страшна падумаць!13 снежня.
– Калі я прыйшла з тэатра, Жызэль была ўжо на вакзале і спала ў крэсле. Я прасядзела пры ёй да поўначы. Тое, што здарылася ўвечары, ніхто не мог ні ўявіць, ні прадбачыць, да такой ступені гэта дзіка і жудасна, але я павінна ўсё запісаць. Маё сведчанне, мабыць, спатрэбіцца, бо, можа, толькі адна я выратую Жызэль. Сама яна гаварыць не будзе… Дык вось… Вечарам а сёмай гадзіне я пакінула яе на вакзале Сэн-Лазар. Яна ўзяла фіякр і сказала возчыку: «Плошча Пантэона. 5». Калі ў ноль дзесяць мы апынуліся ў купэ (вагон другога класа, купэ цеснае, абабітае сінім сукном, і мізэрная газавая лямпа, якую я век не забуду), вось што яна мне расказала голасам абыякавым, без усякіх інтанацый:– Я прыехала на плошчу Пантэона ў сем. У кансьержкі спыталася пра Фабіяна. «Пяты паверх налева ў канцы калідора». Я паднялася і пазваніла. За дзвярыма чуваць былі галасы і гучны смех. Праз хвіліну дзверы адчыніліся. Выйшаў Фабіян у аксамітавай куртцы. Стаяў ашарашаны, нібы мяне не пазнаў. Потым суха прамовіў: – Чаго вы ў Парыжы? Што вам трэба?
– Хіба вы не атрымалі маіх пісем?
– Атрымаў… Але чаго было ехаць сюды?
– Я ж вам пісала… Не магла ж я ўвесь час нічога не ведаць пра вас… Фабіян, калі вашы бацькі супроць, мы будзем шчаслівейшыя жывучы разам, нават у беднасці, чым у разлуцы, асобна. – Ён завёў мяне ў маленькую пярэднюю.
– Не гаварыце гучна, – шапнуў ён мне на вуха. – У мяне тут сябры. Чаго вы хочаце ад мяне, мая дзетка? У мяне ўсяго адзін пакой.
– Я гатова падзяліць яго з вамі.
– Не гаварыце глупства. Ваша радня не дазволіць, вы непаўналетняя.
– Мае бацькі, каб пазбегнуць скандалу, з радасцю згодзяцца на наш шлюб.
– Усё гэта вельмі недарэчна… Але дазвольце мне спачатку адправіць сваіх сяброў. – Ён вярнуўся ў пакой і зачыніў дзверы. Я не чула, што ён там ім гаварыў. Потым не ён, а нехта іншы прамовіў голасна: «А! Кажаш, дзяўчынка з каледжа? Віншую з поспехам, мой дарагі!» Потым яны выйшлі чарадою адзін за адным, пяць армейскіх афіцэраў, кідаючы на мяне позіркі, хто з насмешкай, а хто шкадуючы. Нехта з іх сказаў: «Чуеш, Фабіян, заўтра раніцай каб быў у казармах роўна ў шэсць… I ніякіх штуковін!» Потым яны зніклі на лесвіцы.
Тады Фабіян дазволіў мне ўвайсці. Выгляд у яго быў незадаволены. Ніякай ласкі… Не пацалаваў нават. I адразу ж пачаў мяне адчытваць: —.На ўсё свой час, мілая дзетка. Каханне ёсць каханне, забавы забавамі, а служба службай.
– Але ж гэта вы, Фабіян, затлумілі мне галаву сваімі абяцаннямі; пакуль вы не гаварылі, я ні аб чым не думала, апроч музыкі і танцаў. Гэта вы запрасілі мяне ў свой пакой, гэта вы…