– Няхай сабе на наша шчасце… Але хто мог прадбачыць, дарагі мой, што вы так хутка ачуняеце ад зацяжной хваробы?.. Вы што?.. Забылі? Дзесяць гадоў таму назад вы гадзіны не маглі пражыць без Беатрысы, кожны дзень чакалі тэлефоннага званка, даволі было аднаго слова, каб вы адмовіліся ад неадкладнай сустрэчы, вы парушалі свае самыя ўрачыстыя абяцанні… Ах, гэтыя ранішнія званкі!.. Яны і цяпер у маіх вушах. Сэрца гатова было выскачыць з грудзей… Бывала, Амелія, калі вы былі ў маім пакоі, неспрактыкаваная, выдаючы сваё саўдзельніцтва, дакладвала вінаватым тонам: «Вас пытаюцца, месье…» I тады вы, крыху саромеючыся, напускалі на сябе фанабэрыю… Гэта было жахліва!
– Не так жахліва, як смешна…
– Ну вядома… Але мне было вельмі горка адчуваць камізм нашага становішча… Вы толькі ўспомніце, Бертран… Вас нішто на свеце не цікавіла апроч Беатрысы… Калі яе імя ўпаміналася ў гаворцы, ваш твар рабіўся пяшчотным, лагодным. I гэта прычыняла мне боль. Вам імпанаваў кожны, хто яе ведаў, і любая рэч, што ёй была даспадобы. Вы, чалавек цвярозага розуму, вораг усякіх забабонаў, раптам зацікавіліся факірамі, варажбіткамі і рознымі чарадзеямі… Вы наведвалі з ёю нейкія дзівотныя ўстановы… Вы, што мне заўсёды забаранялі заводзіць жывёлу, трацілі гадзіны ў пошуках персідскага ката, каб зрабіць ёй падарунак. Зрэшты, гэта ўсё так ясна. Вы былі ў яе на пабягушках. Яна магла паклікаць вас, як сабаку.
– Вы перабольшваеце.
– Я не перабольшваю. Вы мянялі свае планы тры разы на дзень, дагаджаючы яе капрызам… Нашы паездкі ў адпачынак залежалі ад яе намеру. Вы мяне зацягнулі аж на самы Нордкап, хоць я холаду баюся больш, чым смерці, таму што, бачыце, Беатрыса адправілася на параходзе ў Нарвегію, і вы спадзяваліся сустрэцца з ёю выпадкова ў якім-небудзь порце… Як я тады плакала… у гэтым злашчасным падарожжы! Я прастыла, хварэла, была ў адчаі… Вы гэтага і не заўважылі… Аб чым вы думаеце?
– Прабую разабрацца ў маіх даўніх пачуццях… Гэта праўда, што я тады ашалеў ад гэтай жанчыны. А чаму, чорт яго ведае.
– Не будзьце вульгарным, Бертран. Яна была вельмі прывабная… Яшчэ і цяпер.
– У Парыжы тысячы прывабных жанчын, куды прыгажэйшых.
– Магчыма… Але ў яе была натуральная грацыя, амаль дзіцячая, уласцівая толькі ёй.
– Вы так думаеце?
– Вы мне гэта самі сцвярджалі.
– А я што, мудры суддзя? Пабачыўшы яе зараз, і двух слоў не звязаў бы… Мне здаецца, уся яе слава – некалькі банальных кампліментаў ад мяне, і гэтыя прыгоды з Сальвіяці… Аж злосць разбірае.
– А вы помніце, Бертран, той дзень, калі Гадэн рабіў ёй аперацыю? Вы збялелі ад перажыванняў… Я вас так шкадавала!.. Старалася быць велікадушнай!.. Разы тры званіла па тэлефоне на вуліцу Пічыні, пыталася, як там… Навіны былі добрыя, і я суцяшала вас: «Не бойцеся, дарагі! Ёй нічога не пагражае».
– Я забыў.
– Які жаль! Ад учынку, самага ўзвышанага за ўсё маё жыццё, і знаку не застанецца… Скажыце мне, дарагі… Вы, можа, таксама забылі, што, калі яна збегла з Сальвіяці, вы хацелі пакончыць з сабой?
– Ну, раз я не пакончыў, значыць, не вельмі хацеў.
– Але ж вы збіраліся. Вы нават пачалі пісьмо, каб мне паведаміць аб вашым рашэнні… Калісьці, раскладваючы свае паперы, вы мне аддалі яго… Хочаце глянуць?
– Вядома, не.
– Чаму гэта не?.. Зараз я вам пакажу… Вось яно: «Мая мілая малютка, я ведаю, што прычыню вам вялікі боль. Даруйце, прашу вас. Далей жыць у мяне не хапае мужнасці. Але я хачу, перш чым апусціць заслону, растлумачыць вам шэраг прычын, мабыць, незразумелых для вас. Мне здаецца, я зменшу вашы пакуты, паказаўшы, што шлюб між намі заўсёды адрозніваўся ад таго, што вам уяўлялася ў марах».
– Ізабела, мне гэта непрыемна.
– А думаеце, мне было прыемна?.. «Тайна маіх паводзін, якія вам часта здаваліся недарэчнымі, у тым, што да нашай з вамі сустрэчы я кахаў ужо Беатрысу дэ Сольж. Чаму я тады кінуўся да вас, зрабіў прапанову і ажаніўся з вамі? Таму што Беатрыса сама збіралася выйсці замуж, і я хацеў забыць яе, а ў вас я знайшоў ласку, якое ніколі не меў ад яе… Чалавек – істота складаная, і я шчыра верыў…»
– Хопіць, Ізабела… Спаліце гэта пісьмо.
– Я ніколі нічога не спальваю… Зрэшты, прачытаць яго вельмі карысна… карысна для нас абаіх. Каб не крыўдзіць вас, я апушчу дзве старонкі. Слухайце: «Вашай найбольшай памылкай, Ізабела (у гэтай сумнай гісторыі ў вас таксама былі памылкі), вашай найбольшай памылкай быў гэты раптоўны візіт да Беатрысы з просьбай даць мне адстаўку і вярнуць вам вашага мужа. У той дзень, вы, бедная мая Ізабела, мелі выключны поспех. Вы разварушылі сумленне ў жанчыны, у глыбіні душы добрай і далікатнай. Вы адлучылі яе ад мяне, але ж і сябе ад мяне адлучылі. Пасля гэтага вашага ўчынку, Ізабела (учынку, пра які я доўгі час не ведаў, але здагадваўся па тысячах доказаў), я адчуў, што Беатрыса пазбягае мяне і збліжаецца з Сальвіяці. I вось праз ваш фатальны ўчынак я павінен памерці».
– Які тэатральны, прыкры тон!