– Ну так, я зрабіў памылку: паддаўся чарам прыгожай ночы, а тут яшчэ навальніца… і ваша хараство… Але ў жыцці свой парадак… Раніцай на другі дзень чары развеяліся… Раю вам зрабіць гэтак жа. Вяртайцеся ў Сасі, мілая дзетка! Іграйце ў камедыях, але не рабіце камедый з жыцця. – Час ад часу ён з трывогай паглядаў на гадзіннік. На стале ляжала некалькі пісем. Гэта былі мае пісьмы… I ведаеш, Эмілія, нават не распячатаныя! Ён усё гаварыў, але тон, спачатку сардэчны і бацькоўскі, рабіўся ўсё больш жорсткім, і нарэшце ён сярдзіта заявіў:
– Хопіць! Пара ўжо! У сем трыццаць у мяне будзе госць. Нельга, каб вас бачылі ў маім пакоі.
– Хто? Жанчына?
– Так.
– Ваша палюбоўніца?
– Яшчэ не… Але па якому праву?.. Даволі! Ідзіце! Выйдзіце зараз жа, а то я буду вымушаны…
– Мяне выгнаць? I гэта гаворыце вы, Фабіян?.. – У гэты момант пачуўся званок. Тры кароткія сігналы. Ён пабляднеў, схапіў мяне і запхнуў у адзежную шафу паміж двух мундзіраў, якія ўпіліся мне ў твар гузікамі і нашыўкамі. Потым глуха прамовіў грозным голасам: «Калі ты паварушышся, скажаш хоць слова, я цябе больш ніколі не пабачу».
Я зразумела, што гэта не жарты, і стаяла як статуя. 3 майго сховішча нічога не было відаць, але я чула ўсё. Жанчына, якая ўвайшла, была актрыса. Аб гэтым я здагадалася адразу. «Мілы Фабіян, – сказала яна, – я магу вам удзяліць не болын як паўгадзіны. У гэты вечар я іграю, але Адэон блізка, і ў першым акце я вольная». Спачатку Фабіян, яўна збянтэжаны маёй прысутнасцю, не ведаў, як сябе трымаць, і плёў нейкую лухту. Пасля, мала-памалу, забыў, што я тут. Да яго вярнулася самаўпэўненасць, і, ведаеш, што я пачула? «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Салдату не выпадае затрымлівацца. Але сёння мне раптам стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс». Тыя самыя фразы, што гаварыў мне! Слова ў слова!.. Потым яны змоўклі… Яна весела смяялася, абараняючыся.
– Дарагі мой, – гаварыла яна, – не саромце мяне, не вымагайце. Я ж вам сказала, што вечарам іграю.
– Вось яшчэ ліха! – прабурчаў Фабіян. – Мне гэтак жа заўтра раніцай а шостай гадзіне быць у казармах.
– Яшчэ адзін довад праявіць стрыманасць. – Яна абышла пакой, робячы заўвагі наконт жаночых фатаграфій, што віселі на сценах. Потым пажартавала з Фабіяна, паказваючы на мае пісьмы, і той правёў яе ў пярэднюю, дзе яны прабылі даволі доўга. Цалаваліся, мабыць.
Пачуўшы, што дзверы зачыніліся, я выйшла з гардэроба, і Фабіян, вярнуўшыся, знайшоў мяне поўнай пагарды і ледзянога спакою. Ён стаяў сканфужаны.
– Не лічыце мяне злым чалавекам, – пачаў ён. – Маглі самі пераканацца… Прашу прабачэння, што выпадкова, без усякага намеру, я зрабіў вас сведкай гэтай кароценькай сцэны. Што ж цяпер?.. Калі ўмешвацца, не папярэдзіўшы, у людское жыццё, дык нарвацца на нечаканасць заўсёды можна… Потым яно ўладжваецца… Вы не гневаецеся?.. – I ён паспрабаваў узяць мяне за руку…
I ведаеш, Эмілія, я прачытала яго мыслі: «Паколькі тая пайшла, гэтая маладзенькая дзяўчына зусім не брыдкая…» Але, калі ён пацягнуў мяне, каб абняць, ва мне абудзілася і забушавала звярыная лютасць. Гэта ўжо занадта! Я вырвалася з яго рук, і, калі ён зноў накіроўваўся да мяне, пазіраючы мутнымі, замглёнымі вачыма, мяне агарнуў жах. Я схапіла са стала бронзавую чарніліцу і шпурнула яму ў твар. Яна папала ў скронь; Фабіян упаў галавой на ложак і страціў прытомнасць; струменьчыкам лілася кроў. Я нахілілася над ім, ён не дыхаў. I тут я зрабіла нядобра, нядобра: апанаваная страхам, хутчэй уцякла. Мабыць, трэба было шукаць доктара, ратаваць, ці што. Але ён быў мёртвы, я не сумнявалася. I якім чынам магла я растлумачыць сваю прысутнасць?
Жызэль была бледная і на дзіва спакойная. Я ёй сказала:
– Я не асуджаю цябе. Мабыць, я зрабіла б тое самае. А як цяпер? Што мяркуеш?
– Буду чакаць. Калі на мяне падазрэння не будзе, я сябе не выдам, хіба толькі, калі за маё злачынства арыштуюць бязвіннага… Мая сям’я не бязгрэшная, але не заслугоўвае такой ганьбы… Зрэшты, могуць дазнацца, што гэта я… Фабіян – пляменнік мадам Гардон; яна ведае, што я ездзіла ў Парыж… Афіцэры, каторыя мяне бачылі на плошчы Пантэона, могуць даць мае прыкметы; яна параўнае і здагадаецца. Нават ты, Эмілія…
– Я? Ды ты што, дарагая! Ты ж ведаеш, што я магу паказаць толькі ў тваю карысць… Але ж ёсць бедная актрыса, якая тут ні пры чым. А кансьержка засведчыць, што ў той вечар заходзіла і другая жанчына.
Цягнік прыбыў у Гарш. На сядзенні школьнага амнібуса драмаў стары фурман Мэду. Коні беглі, грукаючы капытамі па мерзлай дарозе. Усё было натуральна, звычайна, проста, але маю лепшую сяброўку могуць заўтра абвінаваціць у забойстве. Трэба як след падрыхтавацца, каб абараніць яе жыццё.
– Заўтра я адна буду расказваць пра тэатр Гардону і Фартуніо, – шапнула я Жызэлі. – Нельга, каб цябе злавілі яшчэ і на хлусні.
Ну і ноч!