– Скажы, што ты хворая, каб адмянілі гэтае па-дэ-дэ.
Жызэль не згадзілася. У мяне такое ўражанне, што яна ставіць на карту свой лёс. Мы з ёю рэпеціравалі. Я прамерзла і адчуваю сябе такой няшчаснай!..
– Ты яго бачыш?
– Каго?
– Яго, там, каля мадам Гардон.
Я глянула і сапраўды ўбачыла дзю Рансэрэ з павязкай на скроні.
– Ну так, гэта ён! – сказала я. – Значыць, ты яго не забіла. Шчасце тваё, Жызэль!.. Хадзем!
Але Жызэль выпусціла маю руку, павярнулася ў паўабарота і шпарка, з усяе сілы памчалася ў небяспечную зону. Я следам за ёю. Паводдаль крычалі людзі.
Далейшае адбылося так хутка, што я і ўспомніць не магу. Жызэль апярэдзіла мяне па меншай меры метраў на дзесяць. Я пачула трэск, і яна правалілася ў ледзяную ваду. Інстынктыўна я лягла і папаўзла да палонкі, каб падаць ёй руку. Яна не ўзяла. Што далей, не помню. Мабыць, я страціла прытомнасць. Потым мне казалі, што пажарнікі праявілі належны спрыт, і мы абедзве былі выратаваны.
Фурман Мэіду даставіў нас разам з Гардонамі і доктарам у каледж. Нас перанеслі ў наш пакой, я ачнулася і паднялася на ногі мінут праз пяць; Жызэль ляжала ў непрытомнасці. Мадам Гардон з маёй дапамогай раздзела яе і нацерла спіртам. Калі нарэшце яна расплюшчыла вочы, дык у роспачы крыкнула: «Пакіньце мяне! Дайце мне памерці!»
Нехта пастукаў у дзверы. Я адчыніла. Там. стаяў Фабіян дзю Рансэрэ.
– Як яна? – запытаў ён з трывогай. – Калі ласка, дазвольце мне ўвайсці. Я хачу сказаць ёй пару слоў.
Падскочыла спалоханая мадам Гардон.
– Ні ў якім разе, Фабіян! Гэта немагчыма. Яна не ў сваім розуме. Я адштурхнула дырэктрысу і падвяла Фабіяна да ложка Жызэлі. Ён працягнуў ёй рукі, яна кінулася да яго. Я адступіла да акна. Набліжаўся вечар. Дрэвы, пакрытыя снегам, заружавелі ў парку.
– Ну як, Ізабела? – пачуўся голас. – Што гэта вы чытаеце так уважна? Вы нават не заўважылі, калі мы ўвайшлі.
Ізабела падняла вочы і ўбачыла перад сабой, нібы ў сне, дырэктрысу ў цёмным касцюме і пры ёй маладога афіцэра ў мундзіры. У яго былі доўгія чорныя вочы і тонкія, выразна акрэсленыя губы.
– Божа мой! – прамовіла яна ў здзіўленні. – Фабіян дзю Рансэрэ!
– Не, – адказала дырэктрыса, засмяяўшыся. – Гэта пляменнік майго мужа, Жак Сальві. Ён прыехаў у водпуск з Алжыра… Вырашыў наведаць нас і застаецца з намі абедаць, а паколькі сталовая яшчэ зачынена, я прыйшла запрасіць вас скласці нам кампанію.
Ізабела паднялася, кінула ў куфар фіялетавы сшытак і, спалоханая, пазірала ў захапленні на прыгожага, крыху збянтэжанага лейтэнанта.
Праз дзесяць год
– Вы ведаеце, Бертран, хто мне званіў сёння раніцай?
– Адкуль мне ведаць?
– I як гэта вам не падказала чуццё?.. Ну, тая самая жанчына, якую вы так моцна кахалі.
– А хіба ёсць на свеце жанчына, акрамя вас, якую я моцна кахаў?
– Вы няўдзячны, Бертран!.. А Беатрыса?
– Якая Беатрыса?
– Якая Беатрыса?.. Вы цудоўна разыгрываеце камедыю. Няўжо вы не помніце Беатрысы дэ Сольж?
– А! Гэтая Беатрыса!.. Я думаў, што яна ў Кітаі, ці ў Японіі, ці бог ведае дзе… А што, хіба яна ўжо не ў кругасветным падарожжы?
– Вярнулася… Учора ўвечары прыбыла ў Гаўр.
– А якога чорта яна вас турбуе зараз?
– Каб наладзіць кантакт… Пасля доўгай адсутнасці хоча пабачыць сваіх сяброў. Гэта натуральна.
– Не ведаў я, што мы з ёю сябры.
– Бертран… Калі я ўспамінаю, што ледзь не кінула вас праз гэту жанчыну… Ну так, так!.. Я тады гаварыла сабе: «Раз ён не трымаецца за мяне, раз яму спатрэбілася другая, чаго мне навязвацца? Дзяцей у нас няма… I мне лепш за ўсё сысці з дарогі…» Я нават хадзіла да свайго друга Ланкрэ, пыталася, што рабіць, каб без шуму і скандалу атрымаць развод. Ланкрэ выслухаў маю бяду і параіў набрацца цярпення… А потым такая ахвяра мне здалася занадта вялікай… I я засталася.
– На наша шчасце!