30 кастрычніка
. – Паколькі на занятках па-французску Жызэль была першая, а я другая, месье Гардон вадзіў нас учора ў Камедзі-Франсэз. Школьны амнібус даставіў нас траіх у Гарн, а там мы селі ў цягнік. Мадам Гардон, дзякуй богу, удзелу ў падарожжы не прымала. Яно без яе куды лепш! Адчуваем увесь час толькі тое, што яна ўроджаная дзю Рансэрэ. «А што такое дзю Рансэрэ? Падумаеш!» – кажа Жызэль. Паказвалі «Эсфір» Расіна. Якое шчасце для дзяўчат Сэн-Сіра, што вялікі паэт пісаў для іх некалі трагедыі! «Мабыць, яму самому было прыемна, што яго тэксты паўтараюць прыгожыя школьніцы», – заўважыла Жызэль. У фае ў антрактах студэнты політэхнічнага ў новенькіх мундзірах прыглядаліся да нас. Месье Гардон хадзіў як бусел; ён нам купіў праграму і кісленькіх цукерак. Якая шчодрасць!3 лістапада.
– Туман над паркам. Дзень сумны і таямнічы. Пачынаем рыхтавацца да школьнага свята (гадавіна заснавання каледжа). Да Гардонаў прыедуць іх сябры, і кожная вучаніца мае права запрасіць свайго брата альбо кузена. Ставім спектакль (адзін акт з «Мізантропа»). Жызэль, натуральна, іграе Селімену, я – Эліянту; пасля чаго адбудзецца баль. Мы ўсе страшэнна ўсхваляваны. Ніколі клас танцаў не меў такога поспеху. Ёсць новы вальс – бастон, яго трэба асвоіць. Учора ўвечары ярка свяціла поўня. Жызэль пацягнула мяне ў парк. Нам забаронена выходзіць пасля дзесяці гадзін, але яна ведала, што, спусціўшыся ў падвал, можна вылезці праз маленькія дзверы, якія заўсёды адчынены.20 лістапада.
– Надышоў той дзень. Раніцай, выбраўшыся са свайго пакоя, убачыла я ў калідоры цудоўнага афіцэра ў даламане нябеснага колеру з пазументамі. Доўгія чорныя вочы і зграбныя вусікі, ледзь адзначаныя, над «пунсовымі вуснамі», як пішуць у раманах. Я аслупянела ад нечаканасці. Ён засмяяўся і назваў сябе: «Фабіян дзю Рансэрэ… пляменнік вашай дырэктрысы. Яна мела ласку мяне запрасіць». Мы абмяняліся працяглымі позіркамі.21 лістапада.
– Чатыры гадзіны раніцы. Я проста змярцвела ад холаду і стомленасці… Але ніяк не магу заснуць. 3 чаго б гэта? Чаму я не сплю?.. Жызэль… Ах, я так баюся за яе!.. Аднак трэба апісаць усё па парадку. Можа, гэта мяне супакоіць… 3 чаго пачаць?.. Адразу ж пасля абеду ў сталовай, як і заўсёды (хіба што меню было палепшанае, святочнае), мы, я і Жызэль, пайшлі адзявацца. Плацце з фіжмамі, нізкае дэкальтэ; мы былі амаль гатовы. Знадворку конскі тупат. Адусюль з’язджаліся госці. Мне аж дух заняло. Страшна! Сэрца як не выскачыць. У галаве ўсё пераблыталася. Але як толькі мы з’явіліся на сцэне, упэўненасць вярнулася і словы ролі сталі на месца. Поспех быў выключны… Прыгожы лейтэнант, які сядзеў у першым радзе каля сваёй цёткі, не спускаў вачэй з Жызэлі. Я пачула, як ён, нахіліўшыся да мадам Гардон, запытаў: «Хто гэтая красуня?» Адказ наўрад ці быў спрыяльны. Мадам Гардон не любіла Жызэлі.Пасля воплескаў і пахвал удзельніцам спектакля пачаўся баль. Кавалераў было значна менш, чым дзяўчат, і мы занепакоіліся. А ці запросяць нас? I пажадана тыя, хто нам падабаецца? Альбо мы будзем вымушаны танцаваць адны са сваімі сяброўкамі? Жызэль, тая не мела клопату. Фабіян дзю Рансэрэ падскочыў да яе адразу і хутчэй запісаў у свой лісток на ўсе танцы. Жызэль, вельмі задаволенаяі не пярэчыла, пакінуўшы ў запасе адзін вальс для Фартуніо. Мяне выбраў малады паўднёва-амерыканскі дыпламат. Мужчына даволі сімпатычны, брат нашай чылійкі. Ён не адпускаў мяне ўвесь вечар. Ці то 3 ім, ці то з іншымі, але я не прапусціла ніводнага танца і зусім забыла пра Жызэль. Пад поўнач усхадзілася навальніца, але аркестр перакрываў раскаты грому. У дзве гадзіны мадам Гардон пляснула ў далоні і абвясціла, што нам пара спаць. Я пашукала Жызэль і, не знайшоўшы, крыху ўстрывожаная, падалася да сябе.
Мінут праз дзесяць яна з’явілася, усхваляваная, задыханая, і прыпала да маіх грудзей. Яе ўзрушанасць мяне напалохала. Я запытала: «Што з табой?» Яна мне ў адказ: «Я пачынаю вялікую справу, у ёй падмурак майго жыцця».
– Вялікую справу?
– Найвялікшую, – адказала яна. – Каханне.
– Што ты пляцеш?
– Слухай, Эмілія… Ты бачыла, як Фабіян дзю Рансэрэ павёў мяне ў сад?
– У сад? Не, не бачыла. Чаго яму ў сад у такі час?
– Мы танцавалі… Нам стала горача… Ён не адпускаў мяне… Нарэшце мы выйшлі. Там у ліпавай алеі, ты ведаеш, той, што ў аранжарэю вядзе, ён мне сказаў: «Мне здавалася, я кахаю ўсіх жанчын наогул і ніводнай у прыватнасці. Я пераходзіў раўнадушна ад аднае да другой. Салдату не выпадае затрымлівацца. I раптам, у гэты вечар, я адчуў, што не магу абысціся без вас. Вы тая, аб якой я безнадзейна марыў: прыгажосць, розум і грацыя… I ўпершыню мне стала ясна, што гэтыя тры словы: «я вас люблю» маюць сэнс… магутны і глыбокі сэнс».
Яна паўтарала яго словы з такім запалам, што мне захацелася суняць яе імпэт.
– Усе людзі так гавораць, – заўважыла я.